Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  2. «Амкодор» национализировали решением Мингорисполкома с грифом ДСП? BELPOL передал «Зеркалу» непубличный документ
  3. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  4. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  5. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  6. «Обоим грозит исключительная мера». Застреленного в прошлом году мужчину заподозрили в подготовке теракта, по делу проходят его родители
  7. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  8. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  9. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  10. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  11. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  12. Навошта Лукашэнку паклікалі ў Маскву, дзе ён заявіў, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі? Спыталі ў аналітыка
  13. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
Читать по-русски


Алесь Мінаў

Меў добрую працу, машыну і кватэру ў Маскве, планаваў вяселле, але ўсё пакінуў і паехаў ваяваць ва Украіну. Гэтак каротка можна апісаць гісторыю 25-гадовага беларускага добраахвотніка Газа, які цяпер ваюе ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёна ва Украіне. «Люстэрка» пагутарыла з хлопцам пра шлях ад «апалітычнага жыцця ў Расіі» да рашэння «змагацца за свабоду і незалежнасць».

Дабраахвотнік Газ. Фота: з прыватнага архіва
Добраахвотнік Газ. Фота з прыватнага архіва

«У навінах казалі, што Украіна збіралася напасці першай. Як чалавек, які не разбіраўся ў палітыцы, я спачатку ў гэта паверыў»

— Да думкі паехаць ва Украіну я насамрэч вельмі доўга ішоў, — расказвае беларус. — У мяне заўжды была нейкая цікаўнасць і прага да вайсковай тэматыкі, мілітары-кам'юніці, але я не разумеў сэнсу ў аніводнай вайне, якая адбывалася ў свеце. Нават калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, мне спатрэбіўся пэўны час, каб асэнсаваць, на чыім баку праўда, зразумець логіку падзей. Толькі потым пакрысе пачаў рыхтавацца да таго, каб сюды прыехаць: асноўная думка была ў тым, што ва Украіне мае браты-беларусы вядуць змаганне за нашую свабоду і незалежнасць, дык як я магу сабе дазволіць сядзець, нічога не рабіць ды жыць звычайным жыццём.

Пачатак жа поўнамаштабнай вайны Газ сустрэў у Маскве. Там ён жыў з 16 гадоў, калі пераехаў да бацькі з роднага Наваполацка.

— Пабачыў увесь хаос, які адбываўся на той момант. Я ў гэты дзень (24 лютага 2022 года) выйшаў на працу. А быў я тады камерцыйным дырэктарам па развіцці ў кампаніі аўтазапчастак, — гаворыць хлопец. — У мяне быў калега з Украіны, з Днепрапятроўскай вобласці, які ўжо шмат гадоў як жыў у Расіі. Ён і расказаў, што пачалася нейкая «спецаперацыя». Я ж на той момант палітычных навін увогуле не чытаў. Крыху ведаў пра падзеі 2020 года ў Беларусі, і тое вельмі павярхоўна. Настолькі я быў далёкі ў цэлым ад гэтай палітычнай прасторы.

Сябар беларуса скінуў яму відэа таго, як расійская ракета ляціць проста над людзьмі. Тады хлопец пачаў сачыць за сітуацыяй: чытаць тэлеграм-каналы і розныя суполкі.

— У Маскве ж пачалася паніка, — кажа ён. — У нашай сферы абрынуліся ўсе цанавыя рынкі: даляр скакаў. Калі ў звычайны дзень змена прайсу здаралася адзін-два разы, то толькі ў першы дзень вайны адбылося каля двухсот змен. Людзі пачалі хвалявацца, адразу з’явіліся чэргі да банкаматаў паўсюль, скончыліся квіткі на замежныя рэйсы. Але ўсе выходзілі на працу, жыццё працягвалася. Так, быў мітынг у цэнтры, але там людзей пазабіралі вельмі шмат. Недзе два тыдні, а потым працягнулася ранейшае спакойнае жыццё.

Я нічога не разумеў: глядзеў і думаў, што гэта нейкая гульня ці жарт. Не мог усвядоміць, як у такой вялікай краіне можа быць нейкая вайна, як такое ўвогуле можа быць магчыма ў наш час. У навінах казалі, што Украіна збіралася напасці першай. Як чалавек, які не разбіраўся ў палітыцы, я спачатку ў гэта паверыў. Але не было такога, што я апантана падтрымліваў той ці іншы бок. Адзінае, што мяне напружвала: я не хацеў ісці ваяваць за Расію, а тады ўжо былі чаканні мабілізацыі.

Хлопец мае і беларускае, і расійскае грамадзянства, таму патэнцыйна мог патрапіць пад мабілізацыю. Праз гэта ён пачаў задумвацца пра вяртанне ў Беларусь. Паралельна ён больш і больш даведваўся пра сітуацыю вакол вайны.

— Зразумеў я ўсё толькі недзе праз год пасля пачатку. Мне было цікава разабрацца, пачаў знаёміцца з сітуацыяй на Майдане, у зоне АТА. Я шмат паглядзеў дакументалак і расійскіх, і ўкраінскіх. Уражвала і тое, што Украіну падтрымліваў увесь цывілізаваны свет ад Японіі да ЗША. Паглядзеўшы на гісторыю, я зразумеў, што такое Расія, — адзначае ён.

«Не заспеў вялікіх мітынгаў, падзеяў 2020 года і ўсёй гэтай сітуацыі»

Доброволец Газ. Фото: из личного архива
Добраахвотнік Газ. Фота з прыватнага архіва

У жніўні 2022 года Газ канчаткова вырашыў з’ехаць з Масквы ў Беларусь. Хоць прызнаецца, што гэта было няпроста.

— Я ўжо меў там блізкіх сяброў, вельмі добрую працу, у мяне і машына была, і кватэра, асабістае жыццё: планавалі вяселле ў Пецярбургу… Але жыць у Расіі стала невыносна: ваенная прапаганда была на кожным кроку, — гаворыць Газ. — Вось зараз ва Украіне даволі шмат вайсковых стэндаў, у Расіі іх было ў разоў дзесяць больш. Са слоганамі «Есть такая профессия — Родину защищать», «Своих не бросаем», зэткі-вэткі, усе машыны гэтым абклееныя… Скончыўшы справы, я спачатку прыехаў у Наваполацк, потым у Мінск. На той момант я яшчэ не адчуваў, што гэта мой дом, што мне тут добра. Расія мне падабалася як месца для жыцця, але я не разумеў, што такое патрыятызм, у мяне ўвогуле такога пачуцця ніколі не было, пакуль я не прыехаў у Мінск.

Газ прызнаецца, каб адчуць, што такое радзіма, яму спатрэбілася каля пары месяцаў. За іх ён усвядоміў сябе дома.

— Унутры з’явілася пэўная бяспека, адчуванне, што гэта мая зямля, мае людзі. Калі ты ў дарослым узросце прыязджаеш да сваіх бацькоў, то з’яўляецца адчуванне, што знаходзішся дома. І вось у мяне з’явілася такое ж адчуванне, мне стала камфортна, — адзначае суразмоўца. — Я не заспеў вялікіх мітынгаў, падзеяў 2020 года і ўсёй гэтай сітуацыі. Тады я за гэтым не сачыў. Але калі пачаў больш дазнавацца, то зразумеў, што Лукашэнка цалкам прарасійскі, знішчае тыя сілы, што падтрымліваюць Украіну. І з таго моманту я пачаў разумець, што такое рэжым і як гэта працуе. Хаця сам ніколі з гэтым не сутыкаўся. Я заўжды быў з траўматычнай зброяй у Мінску, і ў мяне ніколі не было з гэтым нейкіх праблем, ніколі мяне не спынялі, не глядзелі тэлефон. Я толькі ад сяброў пачуў, што лепш не падпісвацца на апазіцыйныя ці праўкраінскія каналы, каб не было нейкіх праблем.

У той жа час Газ ужо меў намер далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, таму адправіў заяўку ў Інтэрнацыянальны легіён.

— Калі я пачаў глядзець інтэрв'ю беларускіх добраахвотнікаў, пачуў шмат інфармацыі аб тым, што полк Каліноўскага не вельмі прыемны. І не ў плане ваяроў, а менавіта ў кіраўніцтве, — кажа ён. — Таму я для сябе вырашыў, што не пайду ў гэтае падраздзяленне. Але ў мяне ёсць сябры-каліноўцы, мы добра камунікуем, і нічога кепскага сказаць пра іх не магу.

Паўгода таму Газ адправіўся ва Украіну. Шлях заняў амаль два тыдні — дабірацца давялося праз Польшчу.

— Першае, што прыкмеціў ва Украіне, — тут вельмі брудна ў параўнанні з Беларуссю. А вось людзі добразычлівыя. Я калі прыехаў, яшчэ размаўляў паўсюль па-руску, думаў, да мяне будзе шмат пытанняў, нейкі негатыў. Але мяне вельмі добра прымалі, дапамагалі. Мяне гэта ўразіла. Калі б не было вайны, краіна, вядома, была б больш прыемнай, але і зараз мне тут шмат што падабаецца, — гаворыць ён.

Ужо ва Украіне хлопец пачаў размаўляць па-беларуску, хоць, як прызнаецца, у школьным атэстаце меў чацвёрку.

— Я нейкія словы помніў, у той жа Маскве знаёмыя часта пыталі: а скажы нешта па-беларуску. Але толькі ва Украіне ў мяне з’явіліся беларускамоўныя сябры, я з імі пачаў камунікаваць па-беларуску. Уласна і працягваю, хоць пакуль маю даволі малы слоўнікавы запас, — адзначае Газ.

«З родным бацькам я не стасуюся ўжо недзе тры гады»

Доброволец с позывным Газ. Фото: из личного архива
Добраахвотнік Газ. Фота з прыватнага архіва

Газ паспяхова скончыў падрыхтоўчыя курсы і ужо бярэ ўдзел у баявых аперацыях. У перапынку між імі паспявае навучацца новай спецыфіцы — кіраванню FPV-дронамі.

— На першай задачы мне спадабалася, хаця ў моманце не было ніякіх пачуццяў. Такая пустэча: я проста прыехаў зрабіць працу. Чуў, што гэта часта, калі на першым выездзе людзі нічога не адчуваюць: толькі максімальная сканцэнтраванасць на сваёй задачы. Адразу зразумеў: гэта маё. Я вельмі рады, што зрабіў такі выбар. Адзінае, аб чым шкадую, — што не паехаў ва Украіну раней, — гаворыць ён.

Не так адназначна да рашэння хлопца паставіліся яго блізкія, найперш бацька — грамадзянін Расіі. Ён асудзіў сына, і той перастаў камунікаваць з ім.

— Са сваім родным бацькам я не размаўляю ўжо недзе тры гады, — расказвае Газ. — Першапачаткова ён не падтрымаў яшчэ тое, што я з’ехаў з Расіі, што не пайшоў ваяваць за яе. А потым ён увогуле ах**ў, даведаўшыся, што за Украіну паехаў змагацца. Пасля майго ад’езду з Масквы бацька часам мне пісаў нейкую ахінею. На што я проста адказваў гіфкамі Зяленскага, каб яго лішні раз пазлаваць (мне гэта падабалася). Калі я ўжо быў ва Украіне, ён неяк напісаў, што мяне трэба пазбавіць грамадзянства. Я ў адказ проста скінуў свой шаўрон, на якім бел-чырвона-белы і украінскі сцягі, напісаўшы: «Пазбаўляй!» Ён нічога не адказаў, проста заблакаваў, і больш мы не камунікавалі нават у такім фармаце.

Маці ў мяне беларуска, яна зрэагавала як самая звычайная маці. Казала, што гэта небяспечна, былі нейкія слёзы спачатку, а потым проста прыняцце. Зараз мы з ёй размаўляем, падымаем і такія тэмы, якія ёй раней цяжка даваліся. І ўсё добра. Бабуля казала, што я паехаў ваяваць за грошы выключна, цётка мяне таксама не падтрымала, сказала, што гэта няправільна.

Са многімі расійскімі сябрамі я перастаў стасавацца, калі пераехаў у Беларусь. З тымі ж, хто яшчэ заставаўся, абарвалі стасункі, калі я ўжо быў ва Украіне. Я выкладаў гісторыі ў Instagram, у тым ліку і пра вайну, дык мне пачалі пісаць, што я кепскі чалавек, забіваю дзяцей, абраў не той шлях… Агулам жа ў мяне застаўся толькі адзін сябра з Расіі, з якім па сёння камунікую, мы сябруем. Ён не падтрымлівае Расію, наша асноўная тэма — пазасіраць Пуціна, Лукашэнку і так званую СВА.

Газ зазначае, што мае намер вярнуцца ў Беларусь, калі гэта будзе бяспечна для яго, але падкрэслівае, што гэта можа стацца ў вельмі розных абставінах:

— Першы варыянт — у цывільным фармаце. Але ж я дапускаю, што ў мяне будзе магчымасць туды вярнуцца і са зброяй у руках: абараняць вольную Беларусь, знішчаючы лукашэнкаўскі і пуцінскі рэжым, — адзначае малады чалавек. — Я лічу сябе беларусам, лічу, што нашая цяперашняя справа тут надзвычай важная для складання вобразу Беларусі і сярод украінцаў, і агулам у свеце. Калі ты разумееш, што праўда на гэтым баку, то трэба яго трымацца незалежна ад меркавання блізкіх, фінансавай выгады, незалежна ні ад чаго. Трэба давяраць сабе, сваім адчуванням. Каб потым не пакутваць ад думкі, што ты мог дапамагчы, але застаўся ў баку. Да таго ж жыццё праз дзесяць-дваццаць гадоў фармуецца акурат нашымі сённяшнімі рашэннямі. У нейкім сэнсе і падзеі 2020 года ў Беларусі, і цяперашняя вайна — наступствы бяздзейнасці нашых бацькоў у свой час. Калі і зараз нічога не рабіць, лічыць «мая хата з краю», то ёсць перспектыва жыць як у Паўночнай Карэі. Я гэтага не хачу.

Якія людзі цяпер змагаюцца на вайне ва Украіне? «Люстэрка» дае слова самім удзельнікам баявых дзеянняў. У адрозненне ад прапаганды, мы не транслюем гатовых слоганаў, а паказваем рэальную абстаноўку праз гісторыі беларусаў.

Дапамажыце рэдакцыі працягнуць працу

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.