Пэўнасці ў адносінах Украіны з NATO па выніках саміту ў Вільнюсе не асабліва дадалося. Зрэшты, Украіна можа запісаць Вільнюс сабе ў актыў, хоць яе галоўнае дасягненне наўпрост з NATO не звязанае, піша Руская служба Бі-бі-сі.
Калі б Уладзіміру Зяленскаму далі пачытаць камюніке Вільнюскага саміту NATO месяц таму — ды што месяц, нават за дзень да яго адкрыцця, думаецца, галоўнай эмоцыяй украінскага прэзідэнта было б расчараванне.
Некалькі тыдняў напярэдадні саміту ўкраінскія ўлады мэтаскіравана разагравалі атмасферу, патрабуючы ад NATO максімальна выразных і канкрэтных фармулёвак што да будучыні адносінаў з Кіевам.
Выніковы дакумент не дадае ў гэтыя адносіны пэўнасці, і ў гэтым сэнсе саміт NATO складана назваць гістарычным. Саміт NATO — гэта не толькі NATO. Дамоўленасці, якіх Кіеў дасягнуў на палях гэтага мерапрыемства, даюць Уладзіміру Зяленскаму падставы называць свой візіт у Вільнюс паспяховым.
Ва ўсялякім выпадку, калі на выніковай прэс-канферэнцыі ў Зяленскага спыталі, ці наблізіў Вільнюскі саміт перамогу Украіны ў вайне супраць Расіі, яго «так» выглядала цалкам шчырым.
«Беспрэцэдэнтна і абсурдна»
Галоўнае, чаго чакаў Кіеў ад саміту NATO ў Вільнюсе, — гэта канстатацыі Альянсам таго, што Украіна зможа стаць яго чальцом неадкладна пасля заканчэння цяперашняй вайны. План-максімум — дамагчыся ад NATO афіцыйнага запрашэння далучыцца да Альянсу.
Пры гэтым у Кіеве ўсведамлялі, што такое запрашэнне, вядома, не азначала б аўтаматычнага далучэння Украіны да NATO. Зяленскі і ягоныя паплечнікі не хавалі, што гэта стала б чыста палітычным крокам, які б надаў дадатковай матывацыі ўкраінскім ваярам на франтах вайны з Расіяй.
У Кіеве хацелі атрымаць максімальна канкрэтныя фармулёўкі настолькі, што звярнуліся да метадаў, якія моцна нагадваюць шантаж: напярэдадні саміту Уладзімір Зяленскі некалькі разоў заявіў, што не паедзе ў Вільнюс, калі на ім не будуць прынятыя рашэнні, што адпавядаюць амбіцыям Украіны.
Урэшце Зяленскі абвясціў, што паедзе ў Вільнюс, увечары напярэдадні саміту, а канчатковая рэдакцыя камюніке была ўзгодненая за лічаныя гадзіны да яго афіцыйнага адкрыцця.
Выніковыя фармулёўкі, мякка кажучы, расчаравалі Уладзіміра Зяленскага.
«Беспрэцэдэнтна і абсурдна — калі (у рашэнні саміту NATO) няма ніякіх часавых рамак ні для запрашэння (!), ні для сяброўства Украіны; і калі замест гэтага дадаецца нейкая дзіўная фармулёўка пра „ўмовы“ нават для запрашэння Украіны… Няпэўнасць — гэта слабасць. І я адкрыта абмяркую гэта на саміце», — напісаў ён у Twitter па дарозе ў Вільнюс.
Твіт Зяленскага, мяркуючы з паведамленняў заходніх СМІ, выклікаў раздражненне нават у тых удзельнікаў саміту, што сімпатызуюць. «Зяленскі зайшоў занадта далёка», — працытавала Politico ананімнага высокапастаўленага дыпламата з цэнтральнаеўрапейскай краіны.
Уладзімір Зяленскі прыбыў у Вільнюс у абед аўторка, першага дня працы саміту. Мяркуючы з усяго, «дыпламатыя апошняга моманту», як апісала яе Guardian, не прынесла плёну.
У выніковай рэдакцыі камюніке саміту NATO, апублікаванага ў той жа дзень увечары, ключавая для Украіны фраза засталася без зменаў: «Будучыня Украіны — у NATO… Мы зможам запрасіць Украіну далучыцца да Альянсу, калі саюзнікі дамовяцца і будуць выкананыя ўмовы».
На гэтым фоне іншыя бясспрэчна пазітыўныя для Кіева моманты камюніке — напрыклад, заснаванне шматгадовай праграмы дапамогі Альянсу Украіне або запуск Рады Украіна — NATO — адышлі на другі план. А заявы генеральнага сакратара Альянсу Енса Столтэнберга, што цяпер Украіна бліжэйшая да NATO, чым калі-небудзь, відаць, не ўразілі ўкраінскага прэзідэнта.
Імгненнай рэакцыі Зяленскага на публікацыю камюніке не было. Але адмена ім традыцыйнага штовечаровага звароту да народа Украіны — раней такое здаралася даволі рэдка — сведчыла, што гэтую навіну складана назваць добрай.
Міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба, у сваю чаргу, не хаваў расчаравання з нагоды фармулёвак выніковага дакумента.
«Рашэнне нас шчыра засмуціла, і сёння мы цэлы дзень размаўляем пра гэта з саюзнікамі… Тут ёсць дзве школы думкі. Адны кажуць: ды вы мусіце быць шчаслівыя, што ў прынцыпе словы „запрашэнне“ і „Украіна“ з’явіліся побач. Але нас такі падыход катэгарычна не задавальняе… Мы засмучаныя тым, што няма выразнага індыкатара, калі менавіта Украіна атрымае запрашэнне стаць сябрам NATO. Таму змяшаныя пачуцці ў нас ад саміту», — сказаў ён у інтэрв'ю «Радыё Свабода».
Незразумелыя ўмовы
Яшчэ адна задача, якую Кіеў ставіў перад сабой на Вільнюскім саміце, — максімальна спрасціць будучую працэдуру здабыцця Украінай сяброўства ў NATO.
Фармальна гэтая задача выкананая: у выніковым камюніке гаворка ідзе пра тое, што Украіне не трэба будзе рэалізоўваць План дзеянняў па чальцоўстве (ПДЧ), праз які ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х праходзілі новыя чальцы NATO.
Але не ўсё так проста. Бо застаецца адкрытым пытанне, што гэта за ўмовы, згаданыя ў выніковым камюніке.
Само камюніке адказу на гэтае пытанне не дае. Таму застаецца прастора для інтэрпрэтацый, і гэтая прастора недазваляльна шырокая для саміту, які мусіў расставіць усе кропкі над і ў адносінах паміж Украінай і NATO.
Ёсць пазіцыя Уладзіміра Зяленскага. Ён на прэс-канферэнцыі пасля заканчэння саміту заявіў, што ўспрымае слова «ўмовы» проста як заканчэнне вайны.
«У той момант, калі скончыцца вайна, Украіну дакладна запросяць у NATO… Я сёння іншага меркавання не чуў», — сказаў ён.
З тым, што Украіне сяброўства ў NATO да заканчэння вайны не свеціць, згодныя і ў Кіеве, і на Захадзе. Калі б Украіна ўступіла ў Альянс цяпер — у стане вайны з Расіяй аказалася б 31 краіна NATO, а гэта нікому з іх не трэба.
З іншага боку, праблема ў тым, што заходнія партнёры Кіева, відаць, трактуюць слова «ўмовы» значна шырэй, адкрыта кажучы пра тое, што Украіна не ўступіць у NATO без правядзення цэлага шэрагу рэформаў.
Што гэта за рэформы і хто мусіць сфармуляваць іх канкрэтны спіс — яснасці мала. Таму заходнія чыноўнікі дзеляцца з журналістамі хутчэй сваімі думкамі на гэты конт, чым выразнымі і яснымі фармулёўкамі.
Да прыкладу, генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг кажа, што Украіна павінная мадэрнізаваць сістэмы бяспекі і абароны, узмацніць сістэму дзяржкіравання і барацьбу з карупцыяй.
А прадстаўнік Белага дома Джон Кірбі заявіў у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі», што ўступленне ў NATO — гэта працэс. «Частка гэтага працэсу — наяўнасць здаровай, жывой дэмакратыі і здаровых, жыццяздольных, устойлівых дэмакратычных інстытутаў. І ва Украіне яшчэ ёсць над чым працаваць у гэтым плане», — сказаў ён.
Калі стан справаў насамрэч такі, то згаданыя ў камюніке, але не прапісаныя ўмовы ў рэальнасці могуць мала чым адрознівацца ад адмененага ПДЧ. Калі гэта так, то Вільнюскі саміт наўрад ці значна спрасціў шлях Украіны ў NATO.
Зрэшты, міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс, які прадракаў гэтаму саміту гістарычную ролю, казаў, што Вільнюс у любым выпадку — не канчатковы прыпынак на шляху Украіны ў NATO.
«Наступны прыпынак — Вашынгтон (наступны саміт NATO адбудзецца ў 2024 годзе ў Вашынгтоне)… Вашынгтон можа аказацца больш гістарычным, чым Вільнюс», — заявіў Ландсбергіс.
Гарантыі ад «Сямёркі»
Тым не менш у сераду настрой Уладзіміра Зяленскага значна палепшыўся: на ранішняй супольнай прэс-канферэнцыі з Енсам Столтэнбергам ён, быццам забыўшыся на ўласныя радыкальныя фармулёўкі ўсяго аднадзённай даўнасці, заявіў: «Вынікі саміту добрыя, але калі б было запрашэнне, былі б ідэальнымі».
На той момант ужо было вядома, што напярэдадні ўвечары 11 краін-партнёраў падпісалі з Украінай мемарандум, які акрэслівае ўмовы навучання ўкраінскіх пілотаў на знішчальніках F-16. Кіеў ужо некалькі месяцаў вёў перамовы пра перадачу УСУ гэтых баявых самалётаў. Пачатак навучання пілотаў — чакаецца, што яно пачнецца ў жніўні і будзе праходзіць у Нідэрландах і Румыніі, — ператварае перадачу знішчальнікаў Украіне ў пытанне часу.
Па выніках двухбаковых сустрэчаў, якія ўкраінская дэлегацыя праводзіла ў другі дзень саміту, было абвешчана пра перадачу ёй новых порцый заходніх узбраенняў. Уладзімір Зяленскі абмовіўся, што не пра ўсе дасягнутыя ў Вільнюсе дамоўленасці будуць абвяшчаць публічна, але і анансаваныя пакеты дапамогі выглядаюць пераканаўча.
Вядома, што Германія перадасць Украіне не названую публічна колькасць пускавых установак СПА Patriot і ракет да іх (раней нямецкая прэса паведамляла, што акрамя іх у пакет дапамогі Украіне ўвойдуць 25 танкаў, 40 БМП і 20 тысяч артылерыйскіх снарадаў).
Ад Нарвегіі Украіна атрымае тысячу разведвальных міні-дронаў. Аўстралія перадасць некалькі дзясяткаў браніраваных машын пяхоты. Вялікабрытанія паставіць Украіне больш за 70 баявых і дапаможных машын, тысячы снарадаў для танкаў, а таксама адкрые на сваёй тэрыторыі медыцынскі цэнтр для рэабілітацыі ваяроў УСУ.
Аднак галоўнай навіной дня для Кіева стала падпісанне сумеснай дэкларацыі пра падтрымку Украіны з лідарамі краін «Вялікай сямёркі» — з’яўленне гэтага дакумента дало Зяленскаму падставы ўпэўніцца, што з Вільнюса ён павязе дадому «значную перамогу ў галіне бяспекі для Украіны».
Лідары краін «Вялікай сямёркі» — шэсць з іх уваходзяць у NATO, а прэм’ер-міністра Японіі запрасілі на саміт асобна — абавязаліся развіваць украінскія ўзброеныя сілы, умацоўваць эканоміку Украіны, а таксама даць Кіеву фінансавую і тэхнічную дапамогу для пераадолення наступстваў цяперашняга расійскага ўварвання.
Сам гэты дакумент носіць рамкавы характар: паводле задумы яго ініцыятараў, на аснове гэтай дэкларацыі ў найбліжэйшай будучыні будуць напрацаваныя двухбаковыя дамовы, якія Кіеў падпіша з кожнай з дзяржаваў-партнёраў.
Ужо ў гэтых дамовах будуць прапісаныя канкрэтныя віды і аб’ёмы дапамогі, якую Кіеў разлічвае атрымліваць ад кожнай асобна ўзятай краіны. У дэкларацыі гаворыцца, што да ліку краін — гарантаў бяспекі Украіны можа далучыцца любая краіна. Пра такое жаданне ўжо паспелі заявіць Польшча, Нарвегія і Чэхія.
Фактычна гаворка ідзе пра тое, каб сістэматызаваць і паставіць на паток са шматгадовай перспектывай тую дапамогу, якую атрымлівае ад сваіх партнёраў Кіеў цяпер, зрабіць такую падтрымку пастаяннай, не залежнай ад фактараў накшталт паспяховасці наступу ці палітычных перыпетый у тых ці іншых краінах.
І Уладзімір Зяленскі, і кіраўнік яго офіса Андрэй Ярмак, адказны ад Кіева за падрыхтоўку дэкларацыі, падкрэслівалі, што гэтыя двухбаковыя дамовы будуць кардынальна адрознівацца ад Будапешцкага мемарандума — яны будуць утрымліваць максімальна канкрэтныя палажэнні і будуць ратыфікаваныя парламентамі краін-падпісантаў.
На патрабаванне Украіны ў тэкст дэкларацыі было ўпісанае палажэнне пра тое, што ўсе абавязанні краін — партнёраў Кіева будуць рэалізоўвацца, пакуль Украіна ідзе да будучага сяброўства ў еўраатлантычнай супольнасці.
Кіеў чарговы раз паўтарыў тэзіс пра тое, што любая сістэма гарантый бяспекі разглядаецца ім не як альтэрнатыва сяброўству ў NATO, а як часовая мера на шляху да здабыцця паўнапраўнага сяброўства ў Альянсе.