Здаецца, у Аляксандра Лукашэнкі з’явіўся новы любімы прадмет адзення — бомбер. У ім ён учора, 29 траўня, наведваў завод «Легмаш» у Оршы, а некалькі дзён таму праводзіў у аэрапорце Уладзіміра Пуціна. «Люстэрка» паразмаўляла з экспертамі і даведалася, якія афіцыйныя патрабаванні існуюць да стылю чыноўнікаў і пра што можа сведчыць адыход Лукашэнкі ад дзелавога дрэс-коду нават падчас афіцыйных мерапрыемстваў.
Бомбер — лёгкая вопратка кшталту курткі (іншы тэрмін — лётная куртка). Сваю назву гэты прадмет адзення атрымаў таму, што першапачаткова яго шылі для пілотаў бамбардзіроўшчыкаў Вайскова-паветраных сіл ЗША.
«Патрабаванне адно: касцюм і гальштук»
Падчас візіту на завод «Легмаш» у Оршы 29 траўня Аляксандр Лукашэнка быў апрануты не ў дзелавы касцюм. Яго прэс-служба нават наўмысна падкрэсліла гэтую дэталь, паведаміўшы, што палітык «у новым бомберы».
Такую куртку падчас працоўных сустрэч Лукашэнка пачаў надзяваць яшчэ чатыры гады таму. Гэты прадмет гардэробу быў на ім 6 чэрвеня 2020 года падчас візіту ў Магілёў. Пасля гэтага палітык не раз паказваўся на публіцы ў такім выглядзе: напрыклад, 11 лістапада 2022-га, наведваючы Талачынскі раён, Лукашэнка зноў быў апрануты ў бомбер. У яго ёсць такія курткі цёмнага, сіняга, зялёнага колераў — і нават у клетачку.
Былы міністр культуры і амбасадар Беларусі ў Польшчы і Францыі Павел Латушка ў каментары «Люстэрку» расказаў, якія патрабаванні існавалі да стылю адзення, калі ён быў чыноўнікам.
— Працуючы ва ўрадзе і МЗС, я заўсёды сутыкаўся толькі з адным патрабаваннем, якое не абмяркоўвалася і закладвалася адпачатку: касцюм і гальштук, — падкрэслівае Латушка.
Экс-дыпламат Павел Мацукевіч кажа, што фармальных патрабаванняў да дрэс-коду для чыноўнікаў у Беларусі няма. Але, паводле яго, існуюць няпісаныя правілы, якія дыктуюць стыль адзення і якіх прытрымліваюцца дзяржаўныя службоўцы.
— У беларускім выпадку гэта дзелавы класічны касцюм цёмнага колеру, белая кашуля, гальштук, строгія класічныя чорныя туфлі, — пералічвае Мацукевіч.
«Яны ж не з рыбалкі вярнуліся»
Павел Мацукевіч адзначае, што зусім нядаўна, 24 траўня 2024 года, Лукашэнка парушыў гэтае няпісанае правіла, праводзячы ў мінскім аэрапорце Уладзіміра Пуціна пасля завяршэння яго афіцыйнага візіту ў Беларусь. На відэа, апублікаваным прэс-службай, відаць, што Лукашэнка, у адрозненне ад свайго расійскага калегі, апрануты не ў пінжак, а зноў у бомбер.
— У дыпламатычным этыкеце цырымонія праводзінаў аналагічная сустрэчы: чырвоная дарожка, ганаровая варта, чальцы дэлегацыі, ёсць і патрабаванні да дрэс-коду, — кажа экс-дыпламат. — Але пры гэтым Пуцін быў апрануты ў касцюм, а Лукашэнка — у бомбер. Але яны ж не з рыбалкі вярнуліся, гэта быў афіцыйны візіт. Гэта кідаецца ў вочы: адзін у касцюме, другі — не.
Камфорт ці імідж?
Павел Мацукевіч адзначае, што нефармальнага стылю адзення Лукашэнка прытрымліваецца падчас паездак. Пры гэтым на мерапрыемствах у сваёй рэзідэнцыі ён заўсёды ў касцюме.
— Магчыма, гэта звязана з тым, што ў Палацы незалежнасці падтрымліваецца пэўны ўзровень тэмпературы паветра (раней экс-чыноўнікі таксама расказвалі «Люстэрку», што Лукашэнка вельмі не любіць спякоту, і ў памяшканнях, дзе ён знаходзіцца, кандыцыянеры працуюць на поўную магутнасць. — Заўв. рэд.), і там ён камфортна адчувае сябе ў касцюме, — мяркуе былы дыпламат. — А ўжо на выездах, дзе патрабуюцца нейкія актыўныя перамяшчэнні, касцюм, кашуля і гальштук пачынаюць прыносіць пэўны дыскамфорт.
Павел Латушка таксама лічыць, што імкненне Лукашэнкі да нефармальнага дрэс-коду можа быць выкліканае жаданнем камфорту і неабходнасцю пры гэтым добра выглядаць на публіцы.
— Магчыма, адна з прычын — гэта праблема з лішняй вагой, — мяркуе Латушка. — Лукашэнка выглядае досыць нязграбна ў вялікім мешкаватым касцюме. Ён вымушаны хаваць свае недахопы, выкарыстоўваючы нефармальную вопратку.
Таксама Павел Латушка лічыць, што з’яўленне Лукашэнкі на публіцы ў бомберы — гэта імкненне палепшыць імідж і здавацца бліжэйшым да народа.
— Я думаю, што ў Лукашэнкі ёсць тыя, хто яму раіць, што надзець на тую ці іншую падзею, — кажа Латушка. — Наўрад ці гэта іміджмейкер — магчыма, гэтую ролю выконвае Наталля Эйсмант (прэс-сакратарка Лукашэнкі. — Заўв. рэд.), якая раіць, што ў больш нефармальнай вопратцы ён можа быць бліжэйшы да народа. Але адзеннем ён свой імідж не зменіць. У 1990-х казалі, што бандыты знялі спартовыя касцюмы і надзелі пінжакі, а цяпер усё наадварот.
Чытайце таксама