У Беларусі 15 студзеня завяршылася вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ніжняй палаты парламента і мясцовых саветаў. На 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў прэтэндуе 225 чалавек. Паглядзелі, хто вырашыў стаць дэпутатам, — ёсць і нечаканыя прозвішчы.
Дэпутатам вырашыла стаць цяперашні міністр працы і сацабароны Ірына Касцевіч — у выпадку перамогі яна будзе вымушаная пакінуць сваю пасаду: згодна з беларускім заканадаўствам, дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць чальцом урада.
Акрамя яе пра свае амбіцыі заявілі прапагандыст, які стаў дыпламатам, Аляксандр Шпакоўскі, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, спартоўка Анастасія Мірончык-Іванова, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, скандальна вядомы генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў і старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў.
Пойдуць у дэпутаты і сілавікі — былы намеснік кіраўніка МУС, а цяпер памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Мінску Аляксандр Барсукоў, начальнік УСК па Мінскай вобласці Аляксандр Ліс, начальнік штаба МУС Ігар Пашкоў, намеснік начальніка УКДБ Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Андрэй Крупенькін.
Нагадаем, на 25 лютага 2024 года ў Беларусі запланаваны адзіны дзень галасавання. Святлана Ціханоўская ўжо назвала гэтую электаральную кампанію бязвыбарамі і падманам, а таксама заклікала ігнараваць адзіны дзень галасавання. Супольнасць «Сумленныя людзі» падтрымала стаўленне Ціханоўскай да падзеі, але пры гэтым там не згодныя з тым, што так званы адзіны дзень галасавання трэба ігнараваць. Арганізацыя называе 25 лютага магчымасцю праз актыўны байкот прыцягнуць больш прыхільнікаў годнай будучыні для Беларусі і заклікае абмяркоўваць з сябрамі і блізкімі палітычную сітуацыю ў краіне і адзначаць у бюлетэнях «супраць усіх».