У 2024 годзе ў Беларусі плануецца амністыя, да якой трэба падысці «нетрадыцыйна», паведаміў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з сілавікамі 11 студзеня. Ён жа анансаваў «пералапачванне» Крымінальнага кодэкса.
«Сёлета мы адзначым 80-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І калі мы прымем станоўчае рашэнне, то з улікам выключнасці даты амністыя мусіць мець адрозненні. Трэба будзе ўважлівей паглядзець на жанчын і дзяцей, на жанчын з дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных. Трэба падысці да пытання амністыі нетрадыцыйна», — сказаў Лукашэнка.
Ён паведаміў, што на яго ўказанне адміністрацыя прааналізавала шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса і іх прымяненне: «Узнікаюць пытанні ў сувязі з гэтым, паглядзець на працэс, каго мы затрымліваем? Каго асуджаем? Ці адпавядаюць прызначаныя меры пакарання цяжкасці злачынстваў і той небяспецы, якую ўяўляюць гэтыя людзі для грамадства?»
«Нам патрэбная будзе вельмі вялікая праца. Трэба пералапачваць Крымінальны, можа, нават і іншыя кодэксы. Тым больш сітуацыя ў краіне характарызуецца нармальна ў плане правапарушэнняў», — дадаў Лукашэнка.