Пашпарты Новай Беларусі плануюць выдаваць у пачатку наступнага года. Пра гэта паведаміў у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» дарадца беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
— Цяпер мы ў працэсе выпуску ўзораў, якія будуць накіраваныя ў краіны Еўрапейскага саюза і па ўсім свеце. Атрымаем фідбэк і спадзяёмся, што ў пачатку наступнага года пачнём збіраць звесткі і выдаваць першыя пашпарты, — сказаў палітык.
Вячорка падкрэсліў, што ўжо ёсць дзве дзяржавы, якія папярэдне заявілі, што гатовыя прызнаць дакумент, але не стаў іх называць.
— Мы не прэтэндуем, каб гэты дакумент атрымаў статус дзяржаўнага пашпарта, але статус дакумента, які сведчыць асобу, куды можна паставіць візу, які можна выкарыстоўваць для атрымання ВНЖ — гэтага мы дамагчыся можам, — адзначыў ён.
Паводле яго словаў, выдаваць дакументы будзе пашпартны стол, які будзе «заснаваны Аб’яднаным пераходным кабінетам і Офісам Святланы Ціханоўскай».
— Дызайн ужо ўзгоднены. Мы працуем з Еўракамісіяй, каб ён адпавядаў стандартам — гэта і біяметрыя, і бяспека. Яго немагчыма будзе падрабіць. Немагчыма будзе Лукашэнку ў Мінску выдаваць гэтыя дакументы, — адзначыў Вячорка. — Друкаваць дакументы будзе фірма, якая друкуе іх дзясяткам краін па ўсім свеце і якая мае велізарны аўтарытэт. Нашая задача на палітычным узроўні будзе дамагчыся прызнання. Юрысдыкцыя тут нацыянальная. У кожнай краіне рознае заканадаўства што да прызнання такіх дакументаў. Таму будзем весці перамовы з кожнай краінай паасобку, — заявіў дарадца.
Нагадаем, з 7 верасня афіцыйна набыў моц указ Аляксандра Лукашэнкі, згодна з якім дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты і афармляць некаторыя іншыя дакументы беларусам замежжа.
Чытайце таксама