Цана для Беларусі на прыродны газ будзе зафіксаваная на трохгадовы перыяд. Пра гэта заявіў 20 снежня прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, перадае прэс-служба ўрада.
Раман Галоўчанка падкрэсліў, што цана для Беларусі на прыродны газ выгадная і грунтуецца на беларускай прапанове.
— Хачу супакоіць, што для жыхароў Беларусі, для прамысловасці ўсё будзе стабільна і камфортна. Лічу, што трэба адыходзіць ад выпячвання гэтага пытання. Гэта працоўнае пытанне. Камерцыйная цана, якая сфарміраваная і пра якую ўчора дамовіліся прэзідэнты, яна грунтуецца на беларускай прапанове, — паведаміў прэм’ер.
Найбліжэйшым часам міністэрствы дзвюх краін падпішуць камерцыйныя дамовы на пастаўку прыроднага газу ў Беларусь.
— Упершыню цана будзе зафіксаваная на трохгадовы перыяд, каб была пэўная стабільнасць і мы ў сваіх макраэканамічных разліках маглі зыходзіць з канкрэтнай лічбы. Цана не з’яўляецца кутнім каменем, — адзначыў Галоўчанка.