Судзіць былога генеральнага дырэктара «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людмілу Чэкіну і галоўнага рэдактара TUT.BY Марыну Золатаву будуць у Мінскім гарадскім судзе. Пра гэта паведаміла прапагандыстка Людміла Гладкая, у раскладзе суда даты першага паседжання пакуль няма.
Людмілу Чэкіну будуць судзіць па трох артыкулах КК Беларусі:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) — да сямі гадоў пазбаўлення волі;
- ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 (арганізацыя наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, якія ўчыненыя групай асобаў або пацягнулі цяжкія наступствы) — да 12 гадоў пазбаўлення волі;
- ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 (кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт) — да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Марыну Золатаву таксама будуць судзіць па трох артыкулах:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) — да сямі гадоў пазбаўлення волі;
- ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, якое ўчыненае групай асобаў або пацягнула цяжкія наступствы) — да 12 гадоў пазбаўлення волі;
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт) — да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Генеральны дырэктар «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людміла Чэкіна і рэдактар TUT.BY Марына Золатава знаходзяцца ў СІЗА з моманту свайго затрымання ў Мінску 18 траўня 2021 года.
КДБ уключыў іх у спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Абедзве прызнаныя палітвязнямі.
«Справа TUT.BY»
Нагадаем, раніцай 18 траўня 2021 года сілавікі прыйшлі дадому да некаторых супрацоўнікаў кампаніі і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый, а таксама ў офісы TUT.BY у Мінску і абласных цэнтрах. Да позняга вечара ў сталічным офісе праходзіў ператрус, а ў Дэпартаменце фінансавага кантролю КДК пасля такіх жа дзеянняў дома ў супрацоўнікаў дапытвалі нашых былых калег. Некаторых з дому забралі ў статусе сведкі, а ўвечары таго ж дня яны былі ў ІЧУ на Акрэсціна як падазраваныя па крымінальнай справе. У той дзень затрымалі 15 чалавек.
Як паведамлялі 18 траўня ў КДК, у дачыненні да службовых асобаў кампаніі была распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса).
Прэтэнзія да кіраўніцтва кампаніі заключалася ў тым, што, з’яўляючыся рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій, «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» нібыта атрымала выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў.