На Гульнях у Парыжы 24 ліпеня прайшоў матч паміж зборнымі Аргенціны і Марока. Афрыканская каманда перамагла, але з вялікім скандалам, піша Sports.
Спачатку нічога не прадракала скандальнага развіцця падзей. Мараканцы вялі ў ліку 2:0. Аргенцінцы адыгралі адзін мяч і спрабавалі зраўняць лік. Суддзя дадаў да другога тайма 15 хвілін. У выніку паўднёваамерыканцы забілі на 16-й кампенсаванай хвіліне.
Пакуль аргенцінцы радаваліся, на трыбунах пачаліся беспарадкі. На поле ўдалося прарвацца і некаторым агрэсіўным мараканскім заўзятарам. Мяркуючы з усяго, яны былі ў ярасці, што суперніку іх зборнай удалося адыграцца.
Суддзя адвёў каманды з поля, а гледачоў папрасілі пакінуць стадыён. Паўза ў матчы доўжылася каля дзвюх гадзін. Каманды вярнулі гуляць, а той самы гол аргенцінцаў, праз які ўспыхнуў скандал, адмянілі — відэапрагляд зафіксаваў афсайд!
Матч аднавілі на тры хвіліны, але лік не змяніўся. Такім чынам, мараканцы перамаглі грознага апанента — 2:1.
«Гэта самы вялікі цырк, які я бачыў у сваім жыцці», — заявіў галоўны трэнер алімпійскай зборнай Аргенціны Хаўер Маскерана.
Нагадаем, Алімпіяда ў Парыжы стартуе 26 ліпеня. Але паводле традыцыі летніх Гульняў некаторыя спаборніцтвы пачынаюцца раней за афіцыйнае адкрыццё.