15 ліпеня 1410 года адбылася бітва пад Грунвальдам, у якім продкі беларусаў, літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў разбілі Тэўтонскі ордэн. Расказваем пра прычыны, ход і наступствы гэтай бітвы, якая паказала згуртаванасць нашых народаў і іх непераадольнае жаданне захаваць свабоду і незалежнасць сваёй радзімы.
Беларускія ўлады і прапагандысты робяць усё магчымае, каб беларусы не ведалі сваёй гісторыі: перапісваюць падручнікі ў школах, ствараюць псеўдагістарычныя дапаможнікі для ідэолагаў і нападаюць на нацыянальных герояў праз падкантрольныя СМІ. Яны спрабуюць даказаць, што нашая гісторыя пачынаецца з СССР, сваёй незалежнасцю мы абавязаныя Аляксандру Лукашэнку, а нашая краіна — частка «рускага свету».
Насамрэч Беларусь — частка вялікай еўрапейскай сям'і і была ёю вельмі доўгі час. У нашым праекце «Агульная гісторыя» мы раскажам пра людзей і з’явы, якія многія гады звязваюць Беларусь з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй і якія аб’ядноўвалі нашыя краіны ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду.
Тэўтонскі ордэн супраць нашых продкаў
Замак Марыенбург, размешчаны на поўначы Польшчы ў горадзе Мальбарк недалёка ад Гданьска, — адно з самых любімых і папулярных месцаў для падарожжаў у гэтым рэгіёне. Тысячы турыстаў, уключэнне ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА — класічны джэнтльменскі набор для помніка архітэктуры, які адыграў найважнейшую ролю ў гісторыі краіны. Але ёсць нюанс: замак належаў не Польскай кароне, а Тэўтонскаму ордэну — аднаму з самых сур’ёзных праціўнікаў польскай дзяржаўнасці, які спрабаваў захапіць як землі Польшчы, так і яе суседзяў.
Ордэн з’явіўся ў гэтым рэгіёне ў XIII стагоддзі. Тады на тэрыторыі сучаснай Калінінградскай вобласці Расіі, поўначы Польшчы і захадзе Літвы жылі плямёны прусаў. Яны здзяйснялі набегі на Мазовію (гістарычная вобласць у цэнтральнай Польшчы). Адзін з мазавецкіх князёў паклікаў на дапамогу Тэўтонскі ордэн — гэтая арганізацыя з’явілася ў канцы папярэдняга стагоддзя на тэрыторыі Палестыны (тады туды скіроўваліся крыжовыя паходы супраць «няверных»), а на момант запрашэння базаваўся ў Германіі. Імператар Святой Рымскай імперыі выдаў булу (то-бок дазвол), паводле якой ордэн атрымаў свабоду дзеянняў і права заваёўваць новыя землі. А паколькі прусы былі паганцамі, барацьба супраць іх лічылася крыжовым паходам. Такім чынам яны нібыта працягвалі сваю дзейнасць, пачатую яшчэ ў Палестыне.
Цягам XIII стагоддзя рыцары паступова захоплівалі ўсю Прусію, паасобку разбіваючы розныя плямёны. У 1283-м з прусамі было скончана. Пасля гэтага асноўным праціўнікам Тэўтонскага ордэна стала Вялікае Княства Літоўскае. Сярод яго жыхароў былі хрысціяне, але хапала і паганцаў. Сярод апошніх былі і вялікія князі. Таму ордэн фармальна мог працягваць сваю місію.
Але праз стагоддзе, у 1385-м, паміж ВКЛ і Польшчай была заключаная Крэўская унія. Вялікі князь Ягайла стаў польскім каралём і дэ-юрэ ўзначаліў дзве дзяржавы (на практыцы ў ВКЛ хутка пачаў кіраваць яго стрыечны брат Вітаўт). Ён прыняў хрысціянства і даў абяцанне хрысціць княства. У 1387-м адбылося хрышчэнне — як эліты, так і простых жыхароў. Вядома, змяніць у адно імгненне сваю веру, якая існавала ў глыбіні душы, было немагчыма. Аднак усе вонкавыя ўмовы хрышчэння былі выкананыя. Але Тэўтонскі ордэн настойваў, што пераход у хрысціянства быў толькі фармальным. Таму супрацьстаянне працягвалася.

Рэальнай прычынай канфлікту былі спрэчныя тэрыторыі. Тэўтонскі ордэн і ВКЛ прэтэндавалі на Жамойць (гістарычную вобласць на паўночным захадзе сучаснай Літвы). У сваю чаргу Польшчы было патрэбнае ўзбярэжжа Балтыйскага мора, якім тады валодаў Тэўтонскі ордэн. Усё гэта прывяло да Вялікай вайны. Яе кульмінацыяй стала менавіта бітва пад Грунвальдам.
Падрыхтоўка да бітвы: хто з кім і дзе
Вялікая вайна — гэта не гіпербала, а канкрэтная гістарычная назва канфлікту, які доўжыўся з 1409 да 1411 года. Нагодай для яе пачатку стала паўстанне ў Жамойці (травень 1409-га), якая тады знаходзілася пад уладай ордэна. Вітаўт падтрымаў гэтае выступленне, войскі ВКЛ занялі рэгіён. Тэўтонскі ордэн пачаў падрыхтоўку да вайны з Княствам і паспрабаваў высветліць пазіцыю Ягайлы што да гэтага пытання. Той абяцаў даць адказ не адразу. Польскія паслы, адпраўленыя ў Мальбарк, прапанавалі тэўтонскаму магістру Ульрыху фон Юнгінгену ўстрымацца ад канфлікту і мірна дамовіцца з Вітаўтам. Але той адмовіўся і абвясціў у жніўні 1409-га вайну як ВКЛ, так і Польшчы, жадаючы адным махам пакончыць з абодвума ворагамі.
Спярша ініцыятыва належала ордэну, войскі якога рабілі паспяховыя набегі на памежныя тэрыторыі і захапілі замак у горадзе Быдгашч, падкупіўшы бургамістра. Палякі хутка яго адбілі і чакалі дапамогі ад Вітаўта. Аднак ён прапанаваў свайму стрыечнаму брату заключыць перамір'е і за гэты час сабраць сілы для вырашальнай бітвы. Той, не маючы моцнай арміі, саступіў. У першай палове кастрычніка 1409-га было заключанае перамір'е да 24 чэрвеня 1410 года.
Увесь гэты час праціўнікі займаліся пошукам саюзнікаў. Як пісаў гісторык Юрый Бохан, «крыжакі здолелі заручыцца падтрымкай чэшскага караля Вацлава і венгерскага караля Жыгімонта, а таксама паморскіх князёў. Аднак у далейшым непасрэднай дапамогі чэшскі і венгерскі каралі ордэну не аказалі, хоць і далі дазвол на вярбоўку ў сваіх уладаннях наёмнікаў. Не спраўдзіліся спадзяванні тэўтонаў і на дапамогу сваіх найбліжэйшых і натуральных саюзнікаў — лівонскіх рыцараў, якія баяліся ўдару з боку Паўночнай Русі».
Як адзначае гісторык, у канцы 1409 года лівонцы заключылі з Вітаўтам мір, паводле якога разрыў дамовы быў магчымы толькі за тры месяцы да пачатку баявых дзеянняў. У выніку ў Грунвальдскай бітве на баку тэўтонцаў ваявала толькі адна лівонская харугва (харугва — адзінка войска рыцараў, то-бок коннай часткі арміі).
«Што тычыцца Ягайлы і Вітаўта, то поспехам іх дыпламатычнай дзейнасці можна лічыць перацягненне на свой бок мазавецкага князя Земавіта і паморскага князя Багуслава, а таксама ўсталяванне нейтральных адносін з княствамі Усходняй Русі. Акрамя таго, не былі марнымі і дыпламатычныя высілкі, зробленыя для нейтралізацыі заходніх краін. Да прыкладу, значна зменшылася колькасць прыхільнікаў ордэна ў Англіі, адкуль дапамога крыжакам так і не паступіла, хоць англійскі кароль Генрых IV спачатку планаваў аказаць такую дапамогу тэўтонам», — працягвае Бохан.
У выніку за Тэўтонскі ордэн ваявалі ўласна рыцары, захопленыя імі прусы, атрады некалькіх польскіх князёў, а таксама найміты з Заходняй Еўропы. Ім супрацьстаялі арміі ВКЛ і Польшчы, атрады татараў, чэхаў, а таксама жыхароў сучаснай Малдовы. Так што ў любым выпадку гэта не было супрацьстаяннем выключна немцаў супраць славян.
Баявыя дзеянні аднавіліся ў чэрвені 1410 года. «27−30 чэрвеня палякі пераправіліся праз Віслу па наплыўным мосце з чаўноў <…> і злучыліся з войскамі Вялікага Княства Літоўскага. <…>. Пераправа, якая адразу ж пачала абрастаць легендамі, па тых часах з’яўлялася сапраўдным цудам як інжынернай думкі, так і высокай арганізацыі саюзных войскаў. Каб зразумець, чаго варта было пераправіць праз Віслу некалькі дзясяткаў тысяч узброеных кавалерыстаў, разам з абозам, прыслугай і артылерыяй, дастаткова згадаць, што шырыня гэтай ракі ў месцы пераправы даходзіць да 500 м!» — пісаў Бохан.
Пасля гэтага саюзнікі зайшлі на тэрыторыю Тэўтонскага ордэна. Сустрэча дзвюх армій адбылася на землях сучаснай Польшчы ў раёне вёсак Грунвальд, Таненберг і Людвігсдорф (таму ў адных мовах бітву называюць Грунвальдскай, у іншых Таненбергскай). На полі паміж гэтымі населенымі пунктамі пабудаваны мемарыял, побач знаходзіцца музей.
Колькі чалавек сышлося на грунвальдскім полі, дакладна падлічыць, на жаль, немагчыма. Ян Длугаш, аўтар «гісторыі Польшчы» ў 12 тамах, пісаў, што ў тэўтонцаў была 51 харугва (але адну з іх вялікі магістр пакінуў у рэзерве), у Польшчы — 51, у ВКЛ — 40. Длугашу можна давяраць, бо ён размаўляў з удзельнікамі бітвы (сам нарадзіўся ў 1415-м, праз пяць гадоў пасля бітвы). Але колькі чалавек было ў кожнай харугве, невядома. Акрамя таго, паводле Длугаша, харугвы ВКЛ «мелі радзейшыя шэрагі і менш зброі, чым польскія».
Структура пяхоты таксама засталася загадкай.
Гісторыкі розных краін неаднаразова завышалі колькасць войскаў і называлі фантастычныя лічбы (кшталту 100 тысяч). У нейкі момант большасць навукоўцаў пачала арыентавацца на падлікі польскага гісторыка Стэфана Кучыньскага. Ён пісаў пра 27,5 тысячы тэўтонцаў і 31 тысячу ліцвінаў і палякаў. Але цяпер лічбы Кучыньскага лічацца максімальным парогам. Напрыклад, гучаць такія звесткі: 11 тысяч тэўтонцаў, саюзнікі — каля 16−17. Аднак на той час гэта ўсё роўна былі вялікія лічбы.
Адступленне: уцёкі або тактычны ход
Раніцай 15 ліпеня 1410 года абодва войскі пашыхтаваліся адно насупраць аднаго. Саюзнікі размясцілі на левым флангу польскую цяжкую кавалерыю, на правым — лёгкую кавалерыю ВКЛ, якая вяла бой кідальнымі дзідамі — суліцамі. А вось Тэўтонскі ордэн быў пераважна прадстаўлены цяжкай кавалерыяй.

Крыжакі першымі занялі свае пазіцыі і спадзяваліся на хуткі напад саюзнікаў. Але тыя не спяшаліся пачынаць атаку, праз што рыцары некалькі гадзін стаялі пад пякучым сонцам. Тады вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген адправіў да Ягайлы і Вітаўта герольдаў — пасланнікаў. Яны перадалі каралю і вялікаму князю два мячы, якія мусілі дапамагчы ім у бітве. Гэта была абраза, каб справакаваць іх на выступ.
Кароль ужо збіраўся паехаць з берага возера на левае крыло да польскіх харугваў, дзе хацеў аперазаць рыцарскім пасам многіх шляхцічаў, як раптам яму далі знаць, што ад крыжацкага войска да іх едуць два герольды <…>
У ясным сонечным святле было добра відаць, як яны набліжаліся на вялікіх, пакрытых папонамі баявых конях: у аднаго на шчыце быў чорны імператарскі арол на залатым полі, у другога <…> - грыфон на белым полі. Шэрагі рыцараў расступіліся перад імі, яны злезлі з коней і праз хвіліну ўжо стаялі перад вялікім каралём, схіліўшы галовы, выказалі яму пашану і пачалі спраўляць сваю пасольскую справу.
— Магістр Ульрык, — сказаў першы герольд, — выклікае вас, ваша вялікасць, і князя Вітаўта на смяротны бой, а каб надаць вам адвагі, якой у вас, відаць, нестае, шле вам вось гэтыя два мечы.
Сказаўшы гэта, ён паклаў мечы ля ног караля. Яська Монжык з Дамбровы пераклаў ягоныя словы каралю, але ледзьве скончыў перакладаць, як уперад выступіў другі герольд, з грыфонам на шчыце, і прамовіў:
— Магістр Ульрык загадаў перадаць вам, ваша вялікасць, што калі вам мала поля для бітвы, то ён адыдзе са сваім войскам, каб вы не стаялі ў лесе без справы.
Яська Монжык пераклаў і ягоныя словы; настала цішыня, толькі ў каралеўскай свіце рыцары пачалі ціха скрыгатаць зубамі, пачуўшы такія абразлівыя і дзёрзкія словы.
Фрагмент рамана Генрыха Сянкевіча «Крыжакі»
«На жаль, мусім канстатаваць, што абсалютна дакладная рэканструкцыя ходу бітвы не ўяўляецца нам на сённяшні дзень магчымай», — канстатаваў Юрый Бохан. Так што наступны аповед — гэта меркаванае апісанне падзей.
Камандаванне Тэўтонскага ордэна паставила ў першую лінію палявыя прылады ў разліку расстраляць ва ўпор конніцу ВКЛ і Польскага каралеўства. Аднак атака аказалася занадта хуткай, лёгкія сілы саюзнікаў вокамгненным наскокам пераадолелі адлегласць да гармат — тыя паспелі зрабіць максімум 1−2 стрэлы, перш чым былі захопленыя.
У навуковай і мастацкай літаратуры часта пісалі пра «ваўчыныя ямы», якія выкапалі рыцары (і ў якія нібыта праваліліся асобныя ваяры саюзнікаў). Але падчас археалагічных раскопак іх не знайшлі.
Праз гадзіну пасля пачатку бітвы цяжкая конніца Тэўтонскага ордэна перайшла ў контрнаступ. Лёгкая конніца ВКЛ пачала адыходзіць. Паводле адной версіі, гэта былі ўцёкі. Паводле іншай — тактычнае адступленне. Яго прыклад Вітаўт мог убачыць у татараў. У 1399-м ён пацярпеў страшную паразу ў бітве пад Ворсклай. Тады праціўнік аналагічна завабіў яго ў пастку.

Ідэя пра тое, што адступленне было тактычным, з’явілася пасля таго, як шведскі гісторык Свен Экдаль знайшоў ліст вялікаму магістру Тэўтонскага ордэна, напісаны пасля Грунвальдскай бітвы. «Можа стацца так, што вашы ворагі <…> пакінуўшы харугву, праявіўшы слабасць, кінуцца наўцёкі; [аднак] можа здарыцца, што яны задумалі парушыць вашы шыхты, бо людзі маюць звычку <…> (пускацца ў пераследаванне), як гэта адбылося ў Вялікай бітве. <…> І таму мы вам упэўнена раім, каб вы сваім высокім становішчам над падначаленымі атрады ўтрымлівалі ў баявым парадку, і каб адны другіх не пакідалі да таго часу, пакуль не будзе бачна, што варожы атрад прымушаны да ўцёкаў канчаткова. <…> Бо 20 тых, хто далучыцца да трыццаці паляўнічых, міжволі парушаць шыхты, людзі не змогуць праявіць паслушэнства, і бітва скончыцца вялікім паражэннем», — цытаваў гэтае паведамленне ў сваёй кнізе Юрый Бохан. Паводле яго, з ліста зразумела, што адступленне ў выніку паўплывала на паразу ордэна. Але не зусім ясна, было яно тактычным прыёмам ці не. Так што пытанне застаецца адкрытым.
Астатняя частка тэўтонцаў рынула на палякаў і на цэнтр, дзе знаходзіліся тры харугвы Смаленскай зямлі (тады гэты горад быў часткай ВКЛ, акрамя таго, адна з гэтых харугваў была з беларускага Мсціслава). Пры гэтым частка з іх была цалкам знішчаная. Але іх стойкасць не дазволіла знішчыць польскае войска.
Палякі і тэўтонцы па чарзе ўводзілі ў бой рэзервы. Тым часам да бітвы вярнуліся войскі ВКЛ, у выніку чаго армія Тэўтонскага ордэна была акружаная і разгромленая.
Дакладныя страты ўдзельнікаў бітвы засталіся невядомымі. Зрэшты, гэта лагічна, бо мы не ведаем і агульнай колькасці войскаў. Відавочна, аднак, што Тэўтонскі ордэн страціў усю сваю эліту. Былі забітыя вялікі магістр і яго набліжаныя.
Ордэн захаваўся, яго магутнасць — не
Саюзнікі пераследавалі праціўніка на адлегласці 25−30 км. Потым вярнуліся на поле бою і знаходзіліся там тры дні, залечваючы раны і хаваючы забітых. Стратэгічнага пераследу не арганізоўвалі, і гэта выратавала ордэн ад поўнага разгрому: 25 ліпеня, калі саюзнікі падышлі да Марыенбурга, у крэпасці ўжо знаходзіўся моцны гарнізон.
Двухмесячная аблога не дала вынікаў, а саслабленае войска саюзнікаў так і не наважылася на штурм горада. Магчыма, Вітаўт не хацеў узмацнення Польшчы (бо ў выпадку канчатковай перамогі тэрыторыя Прусіі дасталася б менавіта гэтай краіне). Таму ён першым зняў аблогу, неўзабаве тое самае зрабіў і Ягайла.
У выніку ў лютым 1411 года была заключаная Торуньская мірная дамова. Яе ўмовы могуць падацца сціплымі. Праціўнікі абавязаліся вярнуць усе захопленыя падчас вайны тэрыторыі. ВКЛ атрымаў Жамойць (афіцыйна да смерці Вітаўта, але насамрэч назаўсёды), Польшча — Добжынскую зямлю (цяпер гэтая тэрыторыя знаходзіцца ў складзе Польшчы). Таемна было заключанае пагадненне пра выплату ордэнам кантрыбуцыі ў памеры 100 тысяч капеек багемскімі (чэшскімі) грашыма, што падарвала эканоміку ордэна.
За савецкім часам Грунвальдскую бітву аценьвалі адназначна: яна спыніла прасоўванне немцаў на ўсход, а пасля яе нага ўзброенага немца пяцьсот гадоў не ступала на землі Беларусі.
Аднак, як сцвярджае гісторык Генадзь Сагановіч, заняпад ордэна пачаўся раней, пасля заключэння Крэўскай уніі: «У пачатку XV стагоддзя ордэн наогул пачаў губляць сілы. І нават калі б бітвы пад Грунвальдам не было, гісторыя мела б прыкладна такую самую хаду, і свет выглядаў бы прыкладна так, як і сёння. Тэўтонскі ордэн быў манаскай дзяржавай, якая папросту не мела перспектывы. Перад Грунвальдам ён меў сілу толькі дзякуючы падтрымцы еўрапейскага рыцарства, і то толькі тады, калі яму даводзілася абараняцца».
Канчаткова ўладу польскага манарха Тэўтонскі ордэн прыняў толькі пасля Трынаццацігадовай вайны (1454−1466), калі вялікі магістр канчаткова прызнаў сябе васалам польскага караля.
Аднак значэнне Грунвальдскай бітвы ад гэтага ніяк не змяншаецца. Менавіта яна канчаткова падарвала магутнасць ордэна. Калі б не было гэтага ўдару, працэс адыходу тэўтонцаў з гістарычнай арэны мог бы расцягнуцца на доўгія гады.
Чытайце таксама


