Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Звычайна слова «каланізацыя» можна пачуць у лекцыях па гісторыі, калі гаворка ідзе пра засваенне амерыканскага кантынента ці Афрыкі. Але пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну публічныя інтэлектуалы ўсё часцей аналізуюць гісторыю Украіны, Беларусі і іншых постсавецкіх краін з пункту гледжання посткаланіяльнай спадчыны. Маўляў, дзеянні цэнтральных уладаў у Расійскай імперыі і ў Савецкім Саюзе ў дачыненні да ўсіх народаў і тэрыторый, акрамя рускіх, былі тыповай каланізацыйнай палітыкай. Даследчыкі Беларусі разам з тым часта разглядаюць нашую гісторыю і культуру з пункту гледжання каланіяльнай спадчыны. Напрыклад, прафесар Брэменскага ўніверсітэта Сайман Льюіс ў кнізе «Вайна і памяць у Расіі, Украіне і Беларусі» называе некаторыя стэрэатыпныя ўяўленні пра Другую сусветную вайну ў беларускай культуры «каланіяльнымі міфамі». Адзін з галоўных — гэта міф пра Беларусь як «партызанскую рэспубліку». Разбіраемся, што, паводле версіі навукоўцаў, з ім не так.

Як партызаны замянілі сабой усю гісторыю краіны

«Вайна, вёска, партызаны» — устойлівы выраз, якім часта апісваюць беларускую літаратуру. Калі прааналізаваць спіс абавязковых твораў для школьнікаў, ствараецца ўражанне, быццам Другая сусветная вайна, вясковы побыт і партызанскі рух — адзіныя тэмы, якія важныя для складальнікаў навучальных праграм.

Сфармаваныя ў пасляваенныя савецкія часы наратывы і погляды на творы Максіма Танка, Васіля Быкава і Аркадзя Куляшова пануюць у беларускай школе і сёння. У шостым класе вывучаюць цэлы раздзел «Вайна — боль і памяць народа», у сёмым праходзяць «Незагойную рану» Васіля Быкава, у восьмым — «Жураўліны крык». У дзявятым класе школьнікам трэба чытаць Memento mori Янкі Брыля, у дзясятым — цэлы раздзел «Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны» (слова «партызан» і вытворныя ад яго сустракаюцца ў раздзеле 25 разоў). У 11-м класе школьнікі вяртаюцца да Васіля Быкава і чытаюць «Знак бяды». Атрымліваецца, пачынаючы з шостага класа ні адзін год не абыходзіцца без твораў пра вайну.

Представители партизан и командования Красной армии поздравляют жителей городка Шерешево Брестской области с освобождением. Фотография № 0-87394 из фондов БГАКФФД
Прадстаўнікі партызан і камандавання Чырвонай арміі віншуюць жыхароў мястэчка Шарашова Брэсцкай вобласці з вызваленнем. Фатаграфія № 0−87394 з фондаў БДАКФФД

З аднаго боку, гэта можна аб’ектыўна растлумачыць: Беларусь сапраўды панесла велізарныя страты ў вайне, вайна паўплывала на жыцці ўсіх яе жыхароў, прычым трагічна. Зразумела, што для ваеннага пакалення гэтая траўма заставалася галоўнай на доўгія гады. Але з іншага боку, гэтая тэма ў сучасным кантэксце перакрывае сабой практычна ўсю астатнюю беларускую гісторыю. Прычым дамінуе ў ёй менавіта партызанскі наратыў, хоць у складзе Чырвонай арміі ў вайне паўдзельнічала ў разы больш беларусаў, чым у партызанскім руху (падрабязней пра лічбы мы раскажам ніжэй).

Шматлікія згадкі партызан — наратыў не толькі беларускай літаратуры, але і беларускага кінематографа. Кінастудыя «Беларусьфільм» у пасляваенныя гады атрымала мянушку «Партызанфільм». Многія культавыя фільмы, знятыя на студыі, сапраўды прысвечаныя партызанскаму руху. Напрыклад, вядомая стужка 1954 года «Дзеці партызана», у якім сын і дачка камандзіра партызанскага атрада, што загінуў у 1942 годзе, выкрываюць шпіёна. Легендарны фільм «Дзяўчынка шукае бацьку» таксама закранае партызанскую тэматыку. Не менш вядомы «Паланэз Агінскага», прысвечаны прыгодам хлопчыка-сіраты, які трапляе ў партызанскі атрад. Так ці інакш гісторыям партызан і партызанак прысвечаная велізарная частка спадчыны «Беларусьфільма». Ды і дагэтуль фільмы, якія здымаюць на кінастудыі, часта закранаюць ваенную тэматыку. Напрыклад, у 2022 годзе выйшаў фільм «Падрыў» пра падлеткаў, якія падчас вайны займаюцца размініраваннем вызваленых тэрыторый.

Мемориальный знак «Беларусь партизанская» на Партизанском проспекте в Минске. Фото: uks.by
Мемарыяльны знак «Беларусь партызанская» на Партызанскім праспекце ў Мінску. Фота: uks.by

Партызанскі міф паўтараецца і ў музыцы — напрыклад, у «Песняроў» (тэкст песні пісаў савецкі і расійскі паэт Мікалай Дабранраваў):

Молодость моя — Белоруссия!

Песни партизан, сосны да туман…

Песни партизан — алая заря!

Молодость моя — Белоруссия!

Наша память идет по лесной партизанской тропе,

Не смогли зарасти эти тропы в народной судьбе!

Цікава, як пасля распаду Савецкага Саюза ў беларускай музыцы пераасэнсоўваецца той самы партызанскі наратыў. Гурт N.R.M. іранізуе над ім у песні «Партызанская»:

Мы — партызаны, лясныя браты.

Мы — партызаны, з вайной мы на «ты».

Мы — партызаны, любiм наш край,

Ачысцiм наш край ад чужынскiх зграй.

Наўмысна ці не, але іронія прысутнічае і ў песні Макса Каржа «Пламенный свет», дзе гаворка ідзе пра моладзь, што сабралася на пікнік у лесе (праўда, на лірычным герою Каржа, магчыма, адбіваецца тое, што спявак — сапраўды сваяк знакамітага партызана Васіля Каржа):

Правнуки партизан в родной стихии;

Пробираются в руках с ветками сухими.

Ноги колет шишками, не одеть сандалии.

Пьяные, счастливые — все попоступали.

Як і навошта ўзнік партызанскі міф

Акцэнт на партызанскім руху ў беларускай культуры савецкай эпохі не быў выпадковым. Як лічыць сацыёлаг Аляксей Ластоўскі, перамога ў Вялікай Айчыннай давала Савецкаму Саюзу падставу для легітымізацыі на сусветным узроўні: варта лічыцца з краінай, якая вызваліла свет ад фашызму (адсюль такая ўвага ваеннай тэматыцы ў культуры СССР другой паловы мінулага стагоддзя). Партызанскі міф як частка ваеннага культу працаваў на легітымізацыю савецкай улады менавіта ў БССР.

Значная частка насельніцтва БССР — жыхары Заходняй Беларусі — аказалася пад савецкай уладай толькі ў 1939 годзе, за два гады да вайны. Некаторыя ставіліся да савецкага ўрада на гэтых тэрыторыях як да часовай з’явы, якая як прыйшла, так і знікне. А вось жыхары ўсходніх абласцей ужо ведалі, што такое камуністычны рэжым, зазнаўшы шматгадовыя рэпрэсіі, калектывізацыю і дэпартацыю. Таму з дапамогай партызанскага міфа мусіла вырасці падтрымка савецкай улады.

Сам гэты міф уключаў у сябе наратыў усебеларускай аб’яднанасці супраць нямецкіх акупантаў. Маўляў, беларусы і беларускі далучаліся да партызанскага руху ці як мінімум дапамагалі яму, бо былі адданыя камуністычным ідэалам і прагнулі аднаўлення савецкай улады на сваёй тэрыторыі. Акрамя легітымізацыі рэжыму, піша Ластоўскі, партызанскі міф у Беларусі яшчэ і дазваляў нівеляваць іншыя эпізоды з гісторыі краіны: фактычна партызанскі рух уяўляўся як барацьба жыхароў Беларусі за агульную камуністычную будучыню (пасля менавіта падзеі ваеннага перыяду засланілі сабой у ідэалогіі СССР нават рэвалюцыю 1917 года).

Разгромленные немецкие войска в Беларуси. Лето 1944 года. Фото: wikipedia.org
Разгромленыя нямецкія войскі ў Беларусі. Лета 1944 года. Фота: wikipedia.org

Як гэта выглядала на практыцы? Замест аб’ектыўнага погляду на гісторыю партызанскага руху (які, безумоўна, быў важнай старонкай у барацьбе з нацысцкай акупацыяй) ствараліся наратывы, паводле якіх, акрамя партызанскай, амаль ніякай барацьбы з боку беларусаў і не было.

Для гэтага, па-першае, рух хутка ахрысцілі ўсенародным — нібыта на барацьбу з захопнікамі ў лясы пайшло ледзь не ўсё насельніцтва краіны. Але нават афіцыйныя савецкія лічбы кажуць, што на піку, у 1944 годзе, колькасць партызан у Беларусісягала 374 тысяч чалавек. Пры агульнай колькасці насельніцтва БССР у 1941 годзе, роўным 9 мільёнам 183 тысячам чалавек, гэта сведчыць пра тое, што ў партызаны пайшло каля 4% жыхароў краіны. Але да афіцыйных савецкіх лічбаў ёсць пытанні. «Камандзіры партызанскіх брыгад і злучэнняў часам не мелі звестак пра колькасць байцоў асобных атрадаў, а часам, паўторым, свядома завышалі яе, спадзеючыся атрымаць больш зброі і боепрыпасаў», — пісаў беларускі гісторык і афіцэр, дацэнт кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта міжнародных адносін БДУ Ігар Кузняцоў. Калі ўлічваць альтэрнатыўную лічбу ў 121 тысячу партызан, атрымаецца агулам 1,3% ад усяго насельніцтва.

Важны момант: у шэрагах Чырвонай арміі з нацыстамі змагалася больш за 1,3 мільёна беларусаў, але такой містычнай ролі ў гісторыі краіны яны не атрымалі. Адзначым і тое, што ўраджэнцы нашай краіны адыгрывалі значную ролю і ў сферы ваеннага камандавання. Можна ўспомніць імя будучага маршала Івана Якубоўскага (двойчы Герой Савецкага Саюза, удзельнічаў у найважнейшых бітвах падчас вызвалення акупаваных тэрыторый, Пражскай і Берлінскай аперацыях, сам быў паранены і гарэў у танку) ці будучага стваральніка Паветрана-дэсантных войскаў Васіля Маргелава (атрымаў званне Героя Савецкага Саюза за фарсіраванне Дняпра і вызваленне Херсона, потым ваяваў у паўднёва-ўсходняй Еўропе) і многіх іншых. На ўсход эвакуявалі больш за 1,5 мільёна жыхароў БССР, якія забяспечвалі фронт зброяй, тэхнікай, боепрыпасамі, медыкаментамі і харчаваннем, шэраг беларускіх заводаў быў цалкам перанесены ў тыл. Але гэтыя факты ў аповедзе пра ролю Беларусі ў разгроме нацызму звычайна адыходзяць на задні план, саступаючы месца «партызанскаму» міфу.

Белорусские партизаны. Фото: wikipedia.org
Беларускія партызаны. Фота: wikipedia.org

Што да рэальнай эфектыўнасці партызан, то гэтае пытанне застаецца спрэчным. Многія поспехі партызанскіх атрадаў, зафіксаваныя на паперы, выклікаюць сур’ёзныя сумневы гісторыкаў. Ігар Кузняцоў у сваім артыкуле цытуе кіраўніка БССР і начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймона Панамарэнку, які ў 1943 годзе ў сваёй справаздачы адзначаў «недакладнасць інфармацыі некаторых [партызанскіх] атрадаў. Перабольшанне стратаў праціўніка, фальшывыя маніпулятыўныя звесткі, прыпісванне сабе вынікаў дзеянняў іншых атрадаў».

У якасці ілюстрацыі гісторык прыводзіць некаторыя партызанскія данясенні. Вось даклад пра атаку на дзесяць нямецкіх гарнізонаў у Бялыніцкім раёне ў верасні 1943 года:

«В Белыничах после 3,5-часового ожесточенного боя, доходившего до рукопашных схваток, разгромлен гарнизон противника, состоявший из батальона РОА (русская освободительная армия, коллаборационистское формирование. — Прим. ред.) и 60 полицейских. <…> В итоге боя убито свыше 200 и до 200 ранено солдат и офицеров противника. Взяты трофеи: ручных пулеметов — 2, минометов 50 мм — 2, винтовок — 68, автоматов — 4, наганов и пистолетов — 8, ручных гранат — 25. <…> Взята документация Белыничской комендатуры. Свои потери: 3 убитых, 30 раненых».

«Нават калі партызаны заспелі праціўніка знянацку, відавочна, уласаўцы і паліцэйскія ўсё ж здолелі арганізаваць абарону, бо люты бой доўжыўся тры з паловай гадзіны, — каментаваў Кузняцоў. — Але тады зусім неверагодна, каб на кожнага забітага партызана прыпадала па 70 салдат і афіцэраў праціўніка. Незразумела таксама, якім чынам партызаны палічылі колькасць параненых паліцэйскіх і ўласаўцаў. І чаму ў партызанскіх шэрагах параненых аказалася ў дзесяць разоў больш, чым забітых, калі звычайна на аднаго забітага прыпадае не больш за тры-чатыры параненых. Хутчэй за ўсё, партызанскія страты ў некалькі разоў заніжаныя, а страты прагерманскіх фарміраванняў, наадварот, у некалькі разоў завышаныя».

Гісторык прыводзіў яшчэ адзін красамоўны прыклад справаздачы партызан, які дазваляе ацаніць іх дакладнасць. Гаворка пра дакумент 37-й партызанскай брыгады імя Пархоменкі, які дзейнічаў у Бабруйскім і Глускім раёнах:

«20 декабря 1943 года командир отряда имени Кирова Голодов Василий Емельянович в деревне Качай Болото Паричского района, когда гитлеровцы приблизились к блиндажу, где находился тов. Голодов, начали забрасывать его гранатами, коммунист Голодов на лету подхватывал вражеские гранаты и выбрасывал их назад. Так он выбросил 9 гранат и убил более 20 фашистов. Но десятой гранатой бесстрашный командир был тяжело ранен и погиб смертью героя».

Гэта толькі асобныя прыклады, насамрэч іх значна больш, што і прымушае глядзець на справаздачы саміх партызан пра іх поспехі вельмі крытычна.

Тое ж датычыць і знакамітай «рэйкавай вайны». Рэч у тым, што, нягледзячы на мноства справаздач пра катастрафічныя для немцаў маштабы пашкоджанняў транспартнай інфраструктуры, многія сучасныя гісторыкі ставяць паспяховасць гэтых дзеянняў пад сумнеў. На думку Ігара Кузняцова, нягледзячы на заявы партызан, якія паведамлялі пра шматразовае перавыкананне планаў па падрыве чыгункі, вялікага ўплыву на ход баявых дзеянняў гэта не мела: «Падчас вайны ні адна аператыўная перавозка вермахта на ўсходзе не была сарваная і ні адна буйная наступальная аперацыя германскіх войскаў не пачалася са спазненнем праз дзеянні партызан». Існуюць і іншыя пункты гледжання — падрабязней пра гэта мы расказвалі ў асобным тэксце.

Пра эфектыўнасць партызанскага руху польска-нямецкі гісторык Богдан Мусял казаў так: «Трэба браць пад увагу колькасць партызан, страты мірнага насельніцтва і шкоду, нанесеную немцам. З ваеннага пункту гледжання гэта не мела вялікага сэнсу. Там [у Беларусі] была маса партызан, а вынікі былі невялікія. <…> Саветы не змаглі забяспечыць гэтай масе людзей добрага камандавання, зброі і харчавання».

Такім чынам, на ўзнікненне міфа пра Беларусь як пра выключна партызанскую рэспубліку ўплывалі два фактары: наратыў пра ўсенародны партызанскі рух (пры гэтым заслугі значна больш шматлікіх беларусаў — чырвонаармейцаў і працаўнікоў тылу — адыходзілі на задні план) і сцверджанні пра высокую эфектыўнасць партызанскіх злучэнняў (якія аспрэчваюцца многімі сучаснымі даследчыкамі, як беларускімі, так і замежнымі). А пазней «партызанскі» міф пачаў замяшчаць не толькі гісторыю Другой сусветнай вайны ў нашай краіне, але і гісторыю краіны ў цэлым. І гэта было вельмі выгадна Крамлю.

Адкуль бярэцца каланіяльная міфалогія

Улады ў Маскве не былі арыгінальныя ў такой палітыцы. Абясцэніць і схаваць нацыянальную гісторыю і культуру, замяніўшы яе чымсьці іншым, — тыповы інструмент уплыву краін-метраполій на іх калоніі. Напрыклад, французскія каланізатары культывавалі міф пра «лацінскі ген» у Алжыры. У пачатку нашай эры гэтая краіна была правінцыяй Рымскай імперыі. Калі ў XIX стагоддзі Францыя заваявала Алжыр, туды пачалі перасяляцца не толькі французы, але і італьянцы, і іспанцы. Як нашчадкі Рымскай імперыі яны нібыта мелі гістарычнае права на гэтую тэрыторыю, а для Алжыра нібыта наогул было «гістарычна характэрнае панаванне лацінскай культуры». То-бок краіне адмаўлялі ў 1500 гадах уласнай гісторыі, калі яе культура развівалася абсалютна адрозным ад еўрапейскіх краін шляхам.

Незалежная Індыя часткова абавязаная рэпутацыяй высокадухоўнай і містычнай краіны сваім каланізатарам — брытанцам. У сярэдзіне XIX стагоддзя, калі ў Еўропе панавалі рамантызм і цікавасць адукаваных колаў да традыцыйнай культуры, Брытанскай імперыі было зручна прасоўваць міф пра тое, якая загадкавая і містычная гэтая азіяцкая краіна. Гэта рабілася і для таго, каб экзатызаваць індыйскую культуру, перарабіць яе на свой лад і навязаць мясцоваму насельніцтву думку, што такія тонкія і духоўныя людзі, як яны, проста не змогуць існаваць у сучасным свеце без прыземленага, але адукаванага кіраўніцтва — брытанцаў. Акрамя таго, вывучэннем рамантычнай прыгожай культуры можна было растлумачыць эксплуатацыю індыйскага насельніцтва і прыродных рэсурсаў самім брытанцам і міжнароднай супольнасці.

Фото: Reuters
Удзельнікі святкавання індуісцкага свята Пангал у Мумбаі, Індыя, 15 студзеня 2019 года. Фота: Reuters

Сучасныя навукоўцы крытыкуюць нават канцэпт рэлігіі індуізм. На іх думку, брытанцы і традыцыйную веру, і звычаі, і ўвесь грамадскі лад спрошчана назвалі рэлігіяй, якой, акрамя таго, прыпісвалі не ўласцівыя ёй якасці, штучна набліжалі індыйскую культуру да пратэстанцкай.

Вялізная колькасць міфаў пра заваяваны народ існуе ў грамадстве ЗША што да карэннага мясцовага насельніцтва. Сучасныя даследчыкі крытыкуюць сам тэрмін «індзейцы», бо ён штучна аб’ядноўвае ўсе карэнныя народы Паўночнай Амерыкі, якія мелі розную культуру, мову і гісторыю. Зноў жа, каланізатары навязвалі міф пра нейкую маналітную сукупнасць дзікіх людзей, якія жывуць на амерыканскім кантыненце, каб растлумачыць ім, самім сабе і ўсяму свету, што яны больш развітыя людзі і маюць права на гэтыя тэрыторыі.

Яшчэ адзін міф, які ўсё яшчэ культывуецца ў амерыканскім грамадстве, — гэта гісторыя пра тое, што «сапраўдныя індзейцы вымерлі». Маўляў, сучасныя карэнныя амерыканцы не жывуць так, як жылі іх продкі некалькі стагоддзяў таму, ды і моцна адрозніваюцца генетычна. Таму сучасныя «індзейцы» не маюць права лічыць свой народ ахвярамі, бо і народа ніякага не засталося. Такія аргументы зноў жа крытыкуюцца даследчыкамі каланіялізму, бо цяжка знайсці народ, які цяпер вядзе той самы лад жыцця, што стагоддзі таму. То-бок такога кшталту аргументы — проста спроба адмовіць прыгнечанай сацыяльнай групе ў барацьбе за свае правы, быццам іх прыгнёту наогул не было.

Адзначым усё ж, што ў наш час у большасці заходніх дэмакратый каланіяльныя погляды сталі маргінальнымі. Прэзідэнты Францыі прызнаюць памылкі каланіяльнай палітыкі падчас сваіх візітаў у Алжыр (праўда, пакуль не гатовыя адкрыта выбачыцца за падзеі мінулага), сама Францыя — найбуйнейшы інвестар і замежны працадаўца ў былой калоніі. Вялікабрытанія мірна дала Індыі незалежнасць у 1947 годзе. З 1990-х гадоў у ЗША прынялі цэлы шэраг законаў, скіраваных на захаванне культуры карэнных народаў краіны, а ў 2009-м урад краіны прынёс ім афіцыйныя прабачэнні ад імені народа Злучаных Штатаў «за шматлікія выпадкі гвалту, жорсткага абыходжання і пагарды карэннымі народамі з боку грамадзян ЗША». Расія не рабіла такіх заяваў на адрас Беларусі ці Украіны, і, наадварот, працягвае абгрунтоўваць свае правы на ўмяшанне ў справы незалежных дзяржаваў агульным мінулым — якое стала вынікам захопніцкай палітыкі Расійскай імперыі.

Навошта былыя метраполіі гэта робяць

У краін-метраполій ёсць тэндэнцыя пазбаўляцца ад усёй сапраўднай гісторыі і культуры паланёных народаў і замяняць яе штучна прыдуманымі міфамі.

Па-першае, гэта пасяляе ў заваяваным народзе пачуццё непаўнавартаснасці. Ва ўсіх штучна прыдуманых культурных канцэптах пануе думка, што без каланізатараў каланізаваныя не справяцца. Духоўныя індыйцы не пражывуць у індустрыяльным свеце без рацыянальных брытанцаў; карэнныя амерыканцы — таксама, бо яны неадукаваныя дзікуны; у алжырцах закладзеная еўрапейская культура, і яны мусяць слухацца французаў, каб вярнуцца да каранёў; і беларусы таксама не могуць існаваць як нацыя без Савецкага Саюза/Расіі, бо толькі ў ёй яны змаглі аб’яднацца для ўсенароднай барацьбы з захопнікам.

Фото: Reuters
Маскоўскі Крэмль. Фота: Reuters

Па-другое, пазбаўленне сапраўднай гісторыі і культуры надае канкурэнтную перавагу каланізатарам у вачах міжнароднай супольнасці. Брытанцы выглядалі адукаванымі і рацыянальнымі на фоне рамантычнага індыйскага народа. Французы — больш развітымі на фоне алжырцаў, якія забыліся на свае еўрапейскія карані. Белыя каланізатары — больш прэзентабельнымі на фоне плямёнаў карэнных амерыканцаў. Рускія падаюцца сапраўднай нацыяй з багатай гісторыяй на фоне беларусаў, якія нібыта паўсталі як нацыя толькі калі трэба было партызаніць.

У посткаланіяльныя часы гэта ўсё яшчэ цягне за сабой наступствы. На ваенны канфлікт паміж дзвюма «раўнапраўнымі» дзяржавамі міжнародная супольнасць звычайна глядзіць не так абыякава, як на вайну былой метраполіі і былой калоніі. Некаторым палітыкам не падаецца дзіўнай вайсковая прысутнасць экс-гаспадароў на раней захопленых землях, нібыта яны маюць на гэта нейкае асаблівае права. Нават калі не казаць пра вайну, у метраполіі ў свеце ёсць культурная перавага. У тым жа Алжыры французскую культуру і літаратуру вывучаюць падрабязна, але большасць французаў мала што ведае пра культуру Алжыра.

Тое самае і з Расіяй: у еўрапейскіх універсітэтах нават на кафедрах славістыкі акцэнт рабіўся на вывучэнні рускай культуры. Таму ва ўсім свеце можна знайсці кнігі рускіх савецкіх класікаў і вельмі складана — класікаў з астатніх постсавецкіх краін (хоць у савецкія часы ўзровень літаратуры ў большасці саюзных рэспублік быў практычна аднолькавы).

Што з усім гэтым рабіць?

У 1997-м было апублікаванае апавяданне Васіля Быкава «Ружовы туман». Гэта гісторыя пра дзевяностагадовага глуханямога чалавека, які кожны год 9 траўня прыносіць кветкі да помніка Леніну. Гэтага чалавека называюць Барсуком, ён упэўнены, што перажыў вайну дзякуючы двум савецкім партызанам, якія прынеслі яму аднойчы нямецкія прадуктовыя карткі. Да самотнага Барсука, у якога была інваліднасць, які страціў сям’ю і галадаў, аднойчы прыйшлі тыя два хлопцы, далі прадуктовыя карткі, а самі ўзялі толькі частку атрыманага па іх пайка. Барсук пасля вайны застаўся ўдзячны партызанам, адданы камуністычным ідэям і цяжка перажываў распад Савецкага Саюза. Ён не ведаў, што прадуктовыя карткі, якія яму далі, былі падробленыя. Калі б немцы выкрылі падман, Барсука б забілі. Быкаў у сваім творы прыходзіць да высновы, што варта пакінуць Барсука ў гэтым ружовым тумане — хай пажылы чалавек носіць кветкі да помніка Леніну, якая ж цяпер ад гэтага праблема?

Даследчык Сайман Льюіс лічыць, што глуханямы Барсук увасабляе сабой усё беларускае грамадства, якое верыць у міф пра партызанскую рэспубліку. У савецкія часы ніхто не мог расказаць ці пачуць нічога кепскага пра партызан праз панаванне іншага наратыву. Менавіта таму галоўны герой апавядання — глуханямы. Льюіс, аднак, спрачаецца з Быкавым. Ён не лічыць, што беларускае грамадства варта пакідаць у «ружовым тумане». Праблема партызанскага міфа не толькі ў тым, што гераізацыю партызан штучна пачала савецкая ўлада, і не толькі ў тым, што гісторыя Вялікай Айчыннай вайны засланіла ўсю папярэднюю гісторыю Беларусі. А ў тым, што партызанскі міф сам па сабе ў значнай ступені падманны.

Чытайце таксама