Сем мільёнаў (ці пятая частка краіны) — менавіта столькі чалавек запісалася ў пачатку 1980-х у польскі прафсаюз «Салідарнасць», які ўзначальваў Лех Валэнса. Расказваем біяграфію гэтага харызматычнага чалавека, які кіраваў пратэстамі, апынуўся ў зняволенні, але ў выніку перамог камунізм, прыйшоўшы да ўлады дэмакратычным шляхам — і доўгія гады адмаўляў факт супрацоўніцтва са спецслужбамі.
Гэты тэкст — першы ў нашым новым праекце «Вызваліцелі». У ім мы расказваем пра лідараў грамадскіх рухаў з усяго свету, якія змагаліся супраць дыктатураў і перамаглі іх.
Праца электрыкам і першыя страйкі ў Гданьску

Лех Валэнса нарадзіўся ў цяжкі час. У разгары была Другая сусветная вайна, Польшча знаходзілася пад нацысцкай акупацыяй. Яшчэ да нараджэння сына ў 1943 годзе яго бацьку, цесляра Баляслава Валэнсу, адправілі ў лагер. Пасля вызвалення краіны ён вярнуўся дадому, але памёр праз два месяцы ад знясілення.
У дзяцінстве Леха выхоўвала маці Фелікса. Калі хлопчыку было дзевяць, яна выйшла за малодшага брата памерлага мужа — Станіслава Валэнсу. Лех скончыў прафесійнае вучылішча, працаваў аўтаслесарам, адслужыў два гады ў войску, а ў 1967-м пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся электрыкам на суднаверф імя Леніна ў Гданьску.
Усе гэтыя падзеі адбываліся ў камуністычнай Польшчы: пасля Другой сусветнай вайны пад кантролем СССР там была абвешчаная Польская народная рэспубліка. Сацыялізм у гэтай краіне аказаўся больш мяккім: улады амаль не праводзілі калектывізацыі, а царква не падвяргалася масаваму цкаванню (так, нават тэкст прысягі першага кіраўніка камуністычнай Польшчы Баляслава Берута завяршаўся словамі «хай дапаможа мне Бог»), хоць камуністы, якія ўваходзілі ў Польскую аб’яднаную рабочую партыю (ПАРП), і імкнуліся ўзяць духавенства пад кантроль.
Тым не менш у Польшчы перыядычна здараліся пратэсты, часцей за ўсё звязаныя з эканомікай. Чарговы этап барацьбы пачаўся ў снежні 1970-га: улады паднялі цэны на прадукты харчавання, прамтавары і будматэрыялы (у сярэднім на 30%). Першымі страйкавалі суднаверфі Гданьска і Гдыні, да якіх потым далучыліся іншыя прадпрыемствы. Адным з арганізатараў пратэстаў быў якраз Валэнса.
Улады вырашылі здушыць выступы сілай. На гданьскай суднаверфі адбыліся сутыкненні. Загінуў 41 рабочы, два супрацоўнікі міліцыі і адзін салдат.
Пасля расстрэлу бяззбройных людзей кіраўнік Польшчы Уладзіслаў Гамулка зваліўся з сардэчным прыступам. Яго замяніў Эдвард Герэк, сам у мінулым рабочы. У студзені 1971-га ён прыехаў на гданьскую суднаверф, дзе паабяцаў, што тое, што здарылася, не паўторыцца, і слова сваё стрымаў.
Цэны «адкруцілі» назад. Ды і ў цэлым сямідзясятыя былі для Польскай народнай рэспублікі своеасаблівым «залатым стагоддзем». Так, улада па-ранейшаму была ў ПАРП. Але ў культуры панаваў адносны лібералізм: менавіта тады атрымалі прызнанне рэжысёры Анджэй Вайда і Кшыштаф Занусі, а эканоміка падсілкоўвалася крэдытамі, якія камуністычныя ўлады атрымлівалі ад Захаду.
Валэнса тым часам працягваў удзельнічаць у нелегальных арганізацыях работнікаў суднаверфі. У 1976-м яго звольнілі з прадпрыемства. Ён часта мяняў працу, падвяргаўся арыштам, знаходзячыся пад кантролем польскіх спецслужбаў.
Стварэнне «Салідарнасці»

Але адліга 1970-х аказалася нядоўгай. Пачалі нарастаць цяжкасці ў эканоміцы. Знешні доўг праз набраныя крэдыты дасягнуў астранамічных па тых часах велічынь у 20 мільярдаў даляраў, а прыбытку, за кошт якога хацелі расплаціцца з даўгамі, усё не было. Праз карупцыю, валюнтарызм і дылетанцкія рашэнні мадэрнізацыя эканомікі «зверху» правалілася. Польшча знаходзілася на мяжы эканамічнага краху.
Зноў пачаліся пратэсты рабочых. Але ўлады пераследавалі і звальнялі актывістаў. Каб абараніць іх, інтэлігенцыя стварыла праваабарончы «Камітэт абароны рабочых». Пазней, у 1978-м, узніклі «Свабодныя прафсаюзы Узбярэжжа».
1 ліпеня 1980 года былі павышаныя цэны на мяса, пасля чаго ў Любліне пачаліся страйкі. Потым яны перакінуліся на Гданьск.
Фармальнай падставай стала звальненне з суднаверфі 7 жніўня кранаўшчыцы Анны Валентыновіч. Да пенсіі ёй заставалася ўсяго пяць месяцаў. Прычына звальнення была відавочна палітычнай: Валентыновіч была актывісткай свабодных прафсаюзаў. Даведаўшыся пра звальненне, яе сябры і паплечнікі звярнуліся да рабочых з заклікам абараніць сваю калегу. Праз тыдзень на суднаверфі завыла сірэна, абвяшчаючы пра страйк.
Усяго мясцовы страйкавы камітэт і «Камітэт абароны рабочых» сфармулявалі 21 патрабаванне да ўладаў. Сярод іх былі вяртанне цэн, гарантаванае забеспячэнне харчаваннем, аднаўленне на працы Валентыновіч і Валэнсы, дазвол дзейнасці незалежных прафсаюзаў і вызваленне палітвязняў.
Напалоханы маштабамі пратэсту дырэктар прадпрыемства паслаў па Валентыновіч службовы аўтамабіль. Праз два дня яе аднавілі на працы. Валэнса абвясціў праз гучнагаварыцель пра спыненне страйку. Але Анна не збіралася здавацца. Яна і некалькі іншых жанчын запатрабавалі працягнуць барацьбу. Як піша гісторык Славамір Цанцкевіч, «так нарадзіўся страйк [будучай] „Салідарнасці“, а разам з і ім — ідэя і рух „Салідарнасць“».
У выніку ўлады пайшлі на перамовы. «Жнівеньскія пагадненні» прызналі правы працоўных на стварэнне сваёй арганізацыі — упершыню ў пасляваеннай Усходняй Еўропе, якая знаходзілася пад уладай камуністаў. 17 верасня быў створаны незалежны самакіраваны прафсаюз «Салідарнасць». За пару месяцаў туды запісалася сем мільёнаў чалавек (пятая частка насельніцтва Польшчы), з іх мільён камуністаў (траціна сябраў ПАРП). На піку колькасць удзельнікаў нават складала 10 млн. Старшынёй прафсаюза стаў Лех Валэнса.
Але крызіс працягваў паглыбляцца: улады не хацелі выконваць усе дамоўленасці. Так, у сакавіку 1981 года прадстаўнікоў «Салідарнасці» збілі падчас пасяджэння аднаго з мясцовых саветаў. У адказ 27 сакавіка прайшоў Агульнапольскі папераджальны страйк, у якім узялі ўдзел 12−14 мільёнаў чалавек. Ніякіх эканамічных патрабаванняў не высоўвалася: толькі салідарнасць з апазіцыйнымі актывістамі і падтрымка сялянскага прафсаюза. Страйк паказаў, што пераважная большасць польскага насельніцтва не падтрымлівае дзейную ўладу.
Пасля гэтага ўзмацніліся пазіцыі радыкалаў у абодвух лагерах. Сярод чыноўнікаў чуліся патрабаванні здушыць выступы, сярод часткі актывістаў — пачаць паўстанне. У выніку ў абодвух лагерах адбылася радыкалізацыя.
13 снежня генерал Войцех Ярузэльскі, які ў кастрычніку 1981-га ўзначаліў краіну, увёў у Польшчы ваеннае становішча. Яно стала найбуйнейшай паліцэйскай аперацыяй у XX стагоддзі: толькі супрацоўнікаў ZOMO (тагачаснага польскага АМАПа) задзейнічалі 10 тысяч чалавек. А яшчэ 250 тысяч вайскоўцаў пры некалькіх тысячах танкаў і бронетранспарцёраў. За адзін раз удалося затрымаць каля пяці тысяч чалавек, неўзабаве да іх дадалося яшчэ столькі ж. Былі закрытыя ўсе межы, забароненыя ўсе арганізацыі, спынены выпуск усіх СМІ.
Валэнсу таксама затрымалі. Лех знаходзіўся пад вартай 11 месяцаў, да лістапада 1982 года. Пазней, у сярэдзіне 1990-х, згаданая актывістка Валентыновіч публічна сфармулявала 17 пытанняў да яго. Яна пісала, што пасля ўвядзення ваеннага становішча Валэнса знаходзіўся не ў турме, а ва ўрадавай рэзідэнцыі. Ён нібыта ездзіў на паляванне з кіраўніком МУС Чэславам Кішчакам і жыў там з сям’ёй, у той час як іншым інтэрнаваным нават спатканні былі забароненыя. Валентыновіч абвінавачвала былога куміра ледзь не ў здрадзе. Але такое рашэнне камуністычных уладаў, калі яно мела месца, можна растлумачыць: тагачасныя лідары Польшчы маглі мысліць нацыянальнымі інтарэсамі і абмяркоўваць з Валэнсам магчымасць выхаду з крызісу. Ці проста пакідалі сабе зачын на будучыню, разумеючы, што сацыялістычная Польшча доўга не праіснуе.
У 1983-м Валэнса атрымаў Нобелеўскую прэмію міру як чалавек, які змагаецца за правы працоўнага класа, нягледзячы на складаную сацыяльна-палітычную сітуацыю ў краіне. На ўрачыстую цырымонію замест яго паехала жонка Данута — у шлюбе з ёй у Леха нарадзілася восем дзяцей. Палітык баяўся, што ўлады не пусцяць яго назад у Польшчу, а заставацца ў эміграцыі не хацеў.
У ліпені 1983-га адмянілі ваеннае становішча. Да таго часу «Салідарнасць» працягвала знаходзіцца ў падполлі. Але ні адна з праблем, якія стаяць перад краінай, так і не была вырашаная. Хутчэй, яны былі часова замарожаныя.
«Круглы стол» і пяць гадоў, якія змянілі Польшчу

У 1988 годзе з ініцыятывы «Салідарнасці» ўспыхнуў агульнапольскі страйк. У гэтай сітуацыі кіраўнікі Польшчы — кіраўнік партыі Войцех Ярузэльскі, кіраўнік урада Мечыслаў Ракоўскі і кіраўнік МУС Чэслаў Кішчак — вырашылі пайсці на перамовы з «Салідарнасцю». У жніўні-верасні 1988-га прайшлі канфідэнцыйныя сустрэчы ў Магдаленцы (мястэчку каля Варшавы), а затым у лютым-красавіку 1989-га — знакаміты «круглы стол», на якім пры пасярэдніцтве каталіцкага касцёла сустрэліся ўлада і апазіцыя.
У сувязі з гэтым паўстала пытанне, якое паўстае перад усімі апазіцыянерамі, што спрабуюць дамовіцца з уладай. Ці этычна камунікаваць і дамаўляцца з людзьмі, якія ўжывалі гвалт супраць цябе і тваіх паплечнікаў? Бо той жа генерал Кішчак да гэтага кіраваў рэпрэсіямі супраць «Салідарнасці». Большасць кіраўнікоў прафсаюза, у тым ліку Валэнса, адказала на гэтае пытанне станоўча. Менавіта Лех адыграў ключавую ролю ў дасягненні пагадненняў.
Рашэннем «круглага стала» Ярузэльскі на безальтэрнатыўнай аснове рабіўся прэзідэнтам Польшчы (была вылучаная толькі яго кандыдатура), у ніжняй палаце парламента (сейме) за ПАРП рэзервавалася большасць месцаў (65%), Кішчак захоўваў кантроль над спецслужбамі. Магчыма, кіраўніцтва краіны атрымала персанальныя гарантыі бяспекі. У сваю чаргу «Салідарнасць» зноў стала легальнай, а выбары ў верхнюю палату (сенат) праходзілі на агульных падставах.
Неўзабаве на выбарах у сенат «Салідарнасць» атрымала абсалютную большасць галасоў, заняўшы 99 са 100 месцаў. Крыху пазней яна сфармавала ўрад. У снежні 1989-га былі прынятыя папраўкі да Канстытуцыі, паводле якіх Польшча замест сацыялістычнай стала прававой дэмакратычнай дзяржавай. У студзені 1990 г. самараспусцілася ПАРП. У гэтых умовах Ярузэльскі пагадзіўся правесці ў краіне свабодныя прэзідэнцкія выбары. Сам ён не высоўваў сваю кандыдатуру.
Першы тур прайшоў у лістападзе, другі — у снежні таго ж года. Лех Валэнса перамог і стаў прэзідэнтам. Адбыўся поўны дэмантаж камуністычнай сістэмы ў палітыцы, культуры і эканоміцы. Сімвалам пераменаў у апошняй стала «шокавая тэрапія», праведзеная першым віцэ-прэм'ерам Лешакам Бальцаровічам. Дзякуючы яму Польшчу перайшла ад планавай эканомікі да рынку.
«Я б адзначыў два найбольш важныя аспекты „Плана Бальцаровіча“. <…> Першы — гэта правядзенне эфектыўнай прыватызацыі дзяржуласнасці, — расказваў эканаміст Павел Данейка (цытата паводле архіва TUT.BY). <…> Калі разглядаць пытанне ў цэлым, то адна з галоўных мэтаў дзяржавы падчас правядзення прыватызацыі — стварэнне канкурэнтнага асяроддзя, якое спрыяе росту эканомікі і дабрабыту людзей [і гэта ўдалося]. Другой часткай праграмы Бальцаровіча <…> было стварэнне фондавага рынку. І ён не проста быў створаны, але і стаў адным з найлепшых у свеце па сваёй арганізацыі. <…> Найважнейшым вынікам [яго] стварэння стала прыцягненне значных фінансавых рэсурсаў ва ўжо дзейныя прадпрыемствы. Дарэчы, далёка не ва ўсіх развітых краінах удаецца дамагчыся такога эфекту».
Але рост эканомікі пачаўся не адразу, таму для многіх палякаў першая палова 1990-х аказалася няпростай. Гэта паўплывала і на кар’еру Валэнсы, які ў 1995-м паспрабаваў пераабрацца на другі тэрмін. У першым туры ён заняў другое месца, набраўшы 33,1%. На першым жа з 35,1% нечакана аказаўся сацыяліст Аляксандр Квасьнеўскі. У 1980-я ён быў міністрам па справах моладзі, узначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт і ўдзельнічаў у «круглым стале» з боку ўлады. У другім туры Польшча падзялілася. Але Валэнса набраў 48,3%, Квасьнеўскі — 51,7%, стаўшы другім прэзідэнтам краіны. За ім Польшча засталася дэмакратыяй з рынкавай эканомікай. Але яе грамадзяне выразна паказалі, што не бачаць у мінулым супрацоўніцтве з уладай вялікай праблемы.
Агент ці не?

Валэнса спрабаваў вярнуцца ва ўладу. Але на наступных выбарах 2000 года Квасьнеўскі святкаваў перамогу ўжо ў першым туры, а Лех набраў крыху больш за 1% галасоў. Яго актыўная палітычная кар’ера на гэтым завяршылася.
Адным з найбольш дыскутаваных пытанняў, звязаных з жыццём Валэнсы на пенсіі, стала яго магчымае супрацоўніцтва са спецслужбамі. Пра гэта гаварылі яшчэ ў дзевяностыя. Але Лех катэгарычна абвяргаў такую магчымасць. У 2000-м Люстрацыйны суд Польшчы прыняў яго бок — графолагі не змаглі прааналізаваць дакументы, якія маглі б сведчыць супраць Валэнсы: ім былі даступныя толькі копіі, а патрэбныя былі арыгіналы.
У 2008-м выйшла кніга гісторыкаў Славаміра Цанцкевіча і Пятра Гантарчыка «Служба бяспекі і Лех Валэнса. Дадатак да біяграфіі». У ёй сцвярджалася, што Валэнса яшчэ ў 1970-м быў завербаваны спецслужбамі сацыялістычнай Польшчы і шэсць гадоў супрацоўнічаў з імі пад псеўданімам Болек. Нібыта спачатку новага агента хвалілі, але потым яго прызналі бескарысным. Ды і сам ён не гарэў жаданнем працаваць далей. Аўтары сцвярджалі, што, будучы прэзідэнтам, Валэнса запатрабаваў з архіваў свае асабістыя справы, а пасля таго як іх атрымаў, вярнуў тэчкі з выдранымі старонкамі.
На нейкі час тэма адышла на другі план. Але ў лютым 2016 года ў Марыі Кішчак — жонкі памерлага ў 2015 годзе экс-кіраўніка МУС Польскай народнай рэспублікі — знайшлі дакументы, якія тэарэтычна даказваюць супрацоўніцтва Валэнсы са спецслужбамі. Гаворка ішла пра спецыяльныя справаздачы і даносы экс-прэзідэнта краіны, якія ён рыхтаваў пад псеўданімам Болек, а таксама распіска аб атрыманні ім за гэта грошай. Сам Валэнса заявіў тады, што ніколі не супрацоўнічаў са спецслужбамі і не браў грошы за такія дзеянні.
У дачыненні да экс-прэзідэнта пачалі расследаванне. У студзені наступнага, 2017-га, года экспертыза пацвердзіла, што дакументы былі сапраўднымі, а значыць, Валэнса супрацоўнічаў з дзяржбяспекай.
Гэта справа ўдарыла па Леху. Прычым не па яго біяграфіі ў мінулым, а па рэпутацыі ў сучаснасці. Гісторыкі так і не змаглі знайсці пацверджанняў, што дзеянні першага польскага прэзідэнта неяк нашкодзілі польскаму вызваленчаму руху. Цяпер складана сказаць, ці выдаў ён каго-небудзь. Мабыць, можна гаварыць пра памылкі маладосці альбо пра ціск з боку спецслужбаў. А вось упартасць, з якой Валэнса адмаўляў гэтую інфармацыю і свядома хлусіў у дзевяностыя і нулявыя гады, выклікала пытанні і здзіўленне.
Зрэшты, на ролю Валэнсы ў гісторыі гэтыя факты не паўплывалі. Просты электрык сапраўды перамог камунізм, і гэта самае галоўнае.