У Бярозе 29 сакавіка абвясцілі прысуд 27-гадовай жанчыне, якая ў канцы мінулага года ў стане ап’янення здзейсніла ДТЗ, што забрала жыцці двух чалавек. Падрабязнасці разгляду крымінальнай справы паведаміла выданне Bereza.by.
Аварыя адбылася каля трох гадзін ночы 30 снежня мінулага года. 27-гадовая кіроўца аўтамабіля Seat ехала па трасе Р2 Кобрын — Івацэвічы — Стоўбцы. Каля вёскі Светач яна збіла 26-гадовага кіроўцу фуры Renault, які знаходзіўся на праезнай частцы. Потым легкавік сутыкнуўся з паўпрычэпам. У выніку ДТЗ загінулі кіроўца фуры і 30-гадовы пасажыр Seat.
Як высветлілася, кіроўца Seat кіравала аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення (1,7 праміле). Яе дзеянні кваліфікаваныя па ч. 5 арт. 317 КК (Парушэнне ПДР у стане ап’янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх ці больш асоб).
Суд Бярозаўскага раёна прызнаў яе вінаватай і прызначыў восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з пазбаўленнем правоў на восем гадоў. Акрамя таго, яе абавязалі выплаціць маральную шкоду ў памеры 50 000 рублёў на карысць пацярпелых.
Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны ці апратэставаны ў апеляцыйным парадку.