У выніку тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе» памёр яшчэ адзін беларус — 43-гадовы Алім Кашавараў. Пра гэта паведаміла амбасада Беларусі ў Расіі.
У заяве адзначаецца, што падчас нападу мужчына атрымаў «шматлікія кулявыя раненні». За яго жыццё некалькі дзён змагаліся дактары маскоўскай бальніцы імя Боткіна.
«Амбасада аказвае ўсю неабходную дапамогу, у тым ліку ў транспартаванні цела Аліма Кашаварава на радзіму», — адзначаецца ў паведамленні дыпмісіі.
Раней паведамлялася пра гібель у выніку тэракту ў «Крокус Сіці Холе» 45-гадовай Ганны Волкавай. Акрамя таго, у спісах зніклых без вестак ёсць ураджэнец Баранавічаў Вадзім Кулік, які працаваў у падмаскоўнай канцэртнай зале ахоўнікам. Яго сваякоў 24 сакавіка выклікалі ў Маскву на апазнанне.
Нагадаем, увечары 22 сакавіка мужчыны, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў будынак буйнога канцэртна-выставачнага комплексу «Крокус Сіці Хол» у падмаскоўным Краснагорску (фактычна ўскраіна Масквы) перад пачаткам канцэрту гурта «Пікнік». Нападнікі пачалі страляць яшчэ ля ўваходу, потым вялі стральбу па наведніках унутры — як у фае, так і ў канцэртнай зале. Таксама яны ўчынілі падпал — у комплексе пачаўся маштабны пажар, зала цалкам згарэла, у ёй абрынуўся дах.
Раніцай 23 сакавіка ў СК і ФСБ Расіі заявілі пра затрыманне ў Бранскай вобласці ўсіх падазраваных у здзяйсненні тэракту. Усяго ў межах расследавання, паведамляла ФСБ, затрымалі 11 чалавек.
Чытайце таксама