Ніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курсу не будзе. Пра гэта заявіў журналістам прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, прызначаны 10 сакавіка на гэтую пасаду Аляксандрам Лукашэнкам, перадае БЕЛТА.
Адказваючы на пытанне, ці ёсць неабходнасць мяняць падыходы да таго, як працаваць над больш паспяховым развіццём эканомікі ў краіне, ён сказаў:
— Мой самы любімае выраз — «эвалюцыя без рэвалюцый». На любой пасадзе, вядома, неабходна эвалюцыянаваць: і на пасадзе старшыні ўрада, старшыні Мінскага аблвыканкама… Кожны кіраўнік са сваім прыходам прыносіць нешта новае, новы погляд на тыя ці іншыя праблемы.
— Ніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курсу, вядома, не будзе, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Самае галоўнае — забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё нашай краіны. Вядома, галоўнае — людзі, павышэнне іх дабрабыту, паляпшэнне якасці жыцця. Вось асноўныя напрамкі нашай працы.
Ён адзначыў, што людзі, якія цяпер займаюць ключавыя пасады ва ўрадзе, адміністрацыі Лукашэнкі, кіраўніцтве рэгіёнаў, працавалі разам цягам пэўнага часу, добра адно аднаго ведаюць і будуць у першую чаргу займацца пытаннямі эканомікі.
— Ці ёсць праблемы? Вядома, ёсць. Мы іх будзем вырашаць. Думаю, што ўсё ў нас атрымаецца і ўсё будзе добра, — сказаў Аляксандр Турчын.
Адной з найважнейшых для сябе задач прэм’ер-міністр бачыць забяспечанне не проста эканамічнага росту, а збалансаванага эканамічнага росту.
— Нельга дапускаць, каб эканамічны рост быў на шкоду нейкім іншым макраэканамічным паказчыкам. Можна паставіць любую мэту і яе дасягнуць. Пытанне толькі ў наступствах дасягненняў і якім спосабам (гэта зрабіць. — Заўв. рэд.). Галоўная задача ўрада — гэта забяспечыць эканамічны рост, збалансаваны з іншымі макраэканамічнымі паказчыкамі, — заявіў ён.