Старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Сяргей Бобрыкаў заявіў пра рашэнне спыніць свой удзел у кампаніі па выбарах прэзідэнта, перадае БЕЛТА.
Бобрыкаў адзначыў, што рашэнне гэтае «сур'ёзнае, складанае» і далося яму «няпроста», але «ёсць важкія аргументы».
Паводле яго словаў, з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы пачалі паступаць шматлікія звароты афіцэраў.
— Гэта былі наступныя словы: сёння нашая рэспубліка перажывае вельмі цяжкі час, каб зберагчы краіну, забяспечыць яе стабільнасць, галоўная задача афіцэрскага корпуса — згуртавацца вакол нашага галоўнакамандуючага, падтрымаць дзейнага прэзідэнта на маючых адбыцца выбарах. Каб забяспечыць згуртаванасць афіцэрскага корпуса, не дапусціць дваістых думак сярод вайскоўцаў, каб падтрымаць дзейнага кіраўніка дзяржавы і нашага лідара, мною было прынятае такое рашэнне, — сказаў на заканчэнне Сяргей Бобрыкаў.
Нагадаем, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 26 студзеня 2025 года. Гэта асноўны дзень галасавання, а датэрміновае будзе арганізаванае з 21 да 25 студзеня.
Вынікі выбараў павінныя абвясціць не пазней за 5 лютага, пры неабходнасці — не пазней за 9 лютага правесці другі тур. Аднак апошні раз выбары ў два туры ў Беларусі праводзіліся ў 1994 годзе.
Чытайце таксама