Вам знаёмае гэтае непрыемнае пачуццё, калі пасля рэзкага падымання з ложка ці канапы вы раптам адчуваеце, як зямля знікае з-пад ног? У вачах цямнее, пачынае круцціца ў галаве. А часам наогул ачуньваеш, ужо лежачы на падлозе і адчуваючы боль у патыліцы, якую пабіў падаючы? У медыкаў ёсць спецыяльны тэрмін для гэтай з’явы — артастатычны калапс (таксама артастатычная гіпатэнзія ці гіпатанія). Што гэта за стан, як ён узнікае, чым небяспечны і чаму з ім часцей за ўсё сутыкаюцца падлеткі і пажылыя людзі, хоць бывае ён у любым узросце? І ці можна перадухіліць такія калапсы, каб не страчваць кантроль над уласным целам і не палохаць раптоўнымі падзеннямі блізкіх? Разбіраемся.
Чаму падчас рэзкага ўставання круціцца ў галаве, цямнее ў вачах і можна страціць прытомнасць?
Стан, калі пасля хуткага падымання з ложка ці са становішча седзячы некалькі секунд даводзіцца з цяжкасцю ўтрымліваць раўнавагу, а на вочы нібыта апускаецца заслона, добра знаёмы медыкам і навукоўцам. Такія непрыемнасці можа адчуваць і здаровы чалавек. Але калі гэта адбываецца часта ці такія прыступы задоўгія, гэта можа быць прыкметай захворванняў, у тым ліку хранічных.
Непрацяглае пагаршэнне зроку, галавакружэнне і стан нібы перад стратай прытомнасці, характэрныя для артастатычнага калапсу, адбываюцца праз раптоўнае часовае падзенне артэрыяльнага ціску. Калі мы ўстаём са становішча лежачы, каля 300−800 мілілітраў крыві пад уздзеяннем гравітацыі хутка скіроўваюцца ў ногі. Гэта прыкметная частка ад агульнага аб’ёму крыві, якой у арганізме дарослага чалавека ў сярэднім 4,5−5,5 літра. У выніку ў чалавека, які рэзка ўстаў, на час моцна падае артэрыяльны ціск.
Наш арганізм ведае, што трэба рабіць у такой сітуацыі. Вегетатыўная нервовая сістэма (то-бок частка нервовай сістэмы, якая аўтаномна, без удзелу свядомасці, рэгулюе базавыя, адвольныя працэсы ў арганізме накшталт кровазвароту і стрававання) атрымлівае сігналы пра падзенне ціску ад рэцэптараў у артэрыях і ў правым перадсэрдзі. Яна тут жа павялічвае рытм сардэчных скарачэнняў, звужае крывяносныя сасуды, скарачае мышцы ног і жывата. Гэта павялічвае артэрыяльны ціск. Тым не менш на ліквідацыю наступстваў адтоку крыві ад органаў верхняй часткі цела патрэбны час.
Нават некалькіх секунд без дастатковай колькасці крыві і кіслароду, які яна нясе, мозгу дастаткова, каб яго функцыі часова парушыліся. Вельмі адчувальная да забяспечання кіслародам і сятчатка вачэй. Калі яна не атрымлівае дастатковай колькасці гэтага газу з крыві, на вочы і апускаецца тая самая «заслона».
У норме арганізм вельмі хутка спраўляецца з падзеннем крывянога ціску пасля хуткага ўставання, і звычайна мы нічога не паспяваем заўважыць. Хоць калі ўстаць занадта рэзка, артастатычны калапс можа адчуць і цалкам здаровы чалавек. Але ў некаторых выпадках (напрыклад, калі арганізм абязводжаны ці пераносіць хваробу накшталт грыпу) эфект можа аказацца яшчэ мацнейшым. А стабілізацыя стану пасля яго займае больш часу. Схільныя да артастатычнага калапсу і людзі, якія прымаюць лекі для зніжэння артэрыяльнага ціску — напрыклад, бэта-блакатары, што запавольваюць працу сэрца. А таксама людзі з гіпаглікеміяй (нізкім узроўнем цукру ў крыві), брадыкардыяй (нізкай частатой сардэчных скарачэнняў), з захворваннямі шчытападобнай залозы.
Асабліва вялікая рызыка сутыкнуцца з гэтым станам падчас уставання з ложка раніцай — бо звычайна пасля сну ў людзей артэрыяльны ціск нізкі. Таксама павялічваюць імавернасць артастатычнага калапсу ўжыванне алкаголю і моцнае паценне (што прыводзіць да дадатковага абязводжвання).
Чым небяспечны такі стан?
У большасці выпадкаў артастатычны калапс не прыводзіць да нейкіх страшных наступстваў. Але часам такая гіпатэнзія робіцца хранічнай. Людзі з ёю рэгулярна адчуваюць працяглую ці частую страту зроку і раўнавагі пасля ўставання. Паўтаральныя артастатычныя калапсы перашкаджаюць паўсядзённаму жыццю, прыводзяць да падзенняў і непрытомнасці, правакуюць аўтамабільныя аварыі. А таксама робяцца дадатковым фактарам рызыкі для людзей, якія пакутуюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні і хваробы нырак.
Яшчэ адна небяспека гіпатэнзіі не такая відавочная. У 2017 годзе ў часопісе Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі было апублікаванае даследаванне, аўтары якога даказалі сувязь паміж артастатычнымі калапсамі з аднаго боку і парушэннем кагнітыўных функцый аж да развіцця дэменцыі з іншага. Іначай кажучы, рэгулярнае «кіслароднае галаданне» не праходзіць бясследна для мозгу. Яго негатыўны эфект назапашваецца з гадамі, што «дапамагае» паступова дурнець і нават западаць у маразм.
Як сцвярджае доктар Стывен Юрашак з Медыцынскага цэнтра Бэт-Ізраэль-Дыканэс, які займаецца даследаваннем гэтага стану, асаблівую занепакоенасць мусяць выклікаць артастатычныя калапсы, наступствы якіх трымаюцца больш за тры хвіліны. Гэта сур’ёзная падстава звярнуцца да медыкаў.
Чаму артастатычныя калапсы часцей за ўсё сустракаюцца ў падлеткаў і пажылых людзей?
Паводле некаторых ацэнак, менавіта артастатычныя калапсы аказваюцца самай распаўсюджанай прычынай страты прытомнасці ў падлеткаў. Яны шырока распаўсюджаныя нават сярод абсалютна здаровых дзяўчат і юнакоў. У перыяд актыўнага росту многія падлеткі маюць недастатковы артэрыяльны ціск, бо буйныя сасуды і сэрца не паспяваюць расці гэтак жа хутка, як шкілет і мышцы. Пакуль яны не дасягнулі патрэбных памераў, перапампоўваць кроў з ног да галавы арганізму асабліва складана — як і ўтрымліваць артэрыяльны ціск на пастаянным узроўні.
Робіць свой унёсак у падлеткавыя страты прытомнасці і полавае выспяванне. Расслабляльнае дзеянне на сценкі сасудаў аказваюць полавыя гармоны, да дзеяння якіх арганізм падлетка толькі адаптуецца. А гэта таксама абцяжарвае вяртанне крыві да сэрца.
У перыяд полавага выспявання артастатычныя калапсы часта ідуць побач з тым, што дактары на постсавецкай прасторы называюць вегетасасудзістай дыстаніяй (афіцыйна такі тэрмін у класіфікацыі хвароб адсутнічае, але ёсць шэраг дыягназаў, блізкіх да яго). Пад гэтым звычайна маецца на ўвазе парушэнне рэгуляцыі тонусу крывяносных сасудаў. Гэты стан узмацняе праявы ўсіх сімптомаў гіпатэнзіі і зніжае здольнасць арганізма адаптавацца да іх.
Узрост уплывае на артастатычныя калапсы праз рэцэптары ціску крыві ў сасудах сэрца, якія дапамагаюць арганізму своечасова рэагаваць на рэзкія ўставанні. Гэтыя датчыкі па меры старэння робяцца ўсё менш адчувальнымі. Таму людзі ва ўзросце ад 65 гадоў асабліва адчувальныя да рэзкага змянення становішча цела.
Як можна змагацца і перадухіліць?
Што рабіць, калі артастатычныя калапсы здараюцца з вамі часта, праяўляюцца моцна (аж да страты прытомнасці), а мірыцца з адтэрмінаванымі наступствамі ў выглядзе павелічэння рызыкі дэменцыі вы не хочаце?
Ёсць дзве групы стратэгій, якія дазваляюць вырашыць ці хаця б зменшыць гэтую праблему. Першая звязаная са зваротам да медыкаў і выкананнем іх рэкамендацый. Гэта можа быць, напрыклад, спыненне прыёму пэўных лекаў, якія спрыяюць з’яўленню артастатычных калапсаў, або іх замена на іншыя. Калі гэта стан узмацняе нейкая хвароба, відавочна, што варта заняцца і яе лячэннем.
Пажылым людзям дактары могуць дапамагчы справіцца з артастатычнай гіпертэнзіяй з дапамогай спецыяльных бандажоў і кампрэсійных панчохаў. Іх ціск змяншае ператок крыві ў ногі пад уздзеяннем гравітацыі. Ёсць і лекі, што дапамагаюць змагацца з гэтымі калапсамі. Напрыклад, мідадрын, які павышае тонус сасудаў. На жаль, ён падыходзіць не ўсім пацыентам. Таму, паўторымся, да ўсіх апісаных вышэй мер варта звяртацца толькі пасля кансультацыі з доктарам.
Але ёсць другая група метадаў, якія дазваляюць змагацца з артастатычнымі калапсамі самастойна. Як згадвалася вышэй, іх з’яўленню спрыяе абязводжванне. Нядзіўна, што з ужо ўзніклымі сімптомамі дапамагае хутчэй справіцца шклянка прахалоднай вады. У цэлым людзям, якія сутыкаюцца з гэтай праблемай, рэкамендуецца ўжываць дастаткова вады (два-тры літры на суткі) і солі (дзесяць грамаў). Праўда, гэтая рэкамендацыя падыходзіць толькі тым, у каго не дыягнаставаная гіпертанія (пастаянна павышаны артэрыяльны ціск).
На доўгай дыстанцыі папярэджваць артастатычныя калапсы дапамагае сон з прыпаднятым падгалоўем ложка. Рэч тут нават не ў тым, што галава яшчэ да ўставання аказваецца трохі вышэй і гэта змяншае перапад вышыняў, калі ўстаеш. Сон у такім становішчы змяншае адток вадкасцяў з ног у ныркі ноччу, тым самым зніжаючы выпрацоўку «начной» мачы. А значыць, у крывацёку вадкасці застаецца больш — і крывяны ціск не змяншаецца так моцна. Прыемны пабочны эфект: падчас сну ў такім становішчы мачавы пухір будзе радзей будзіць вас для паходаў у прыбіральню.
Сярод іншых спосабаў, якія дапамагаюць папярэдзіць праблемы ад рэзкага ўставання, — частыя прыёмы ежы невялікімі порцыямі, умерана інтэнсіўныя практыкаванні для мышцаў ног і жывата, плаванне і выкарыстанне кія.
Акрамя таго, ёсць даволі простая методыка, якая дапамагае пазбегнуць артастатычнага калапсу «тут і цяпер» яшчэ да яго з’яўлення. Каб моцна зменшыць імавернасць галавакружэння, чорнай заслоны на вачах ці падзення без прытомнасці, дастаткова перад уставаннем падняць ногі, сагнуўшы іх у каленях. А яшчэ лепш — уставаць на папярэдне скрыжаваных нагах.
Эфектыўнасць гэтай методыкі была даказаная ў навуковай працы, апублікаванай у амерыканскім медыцынскім часопісе Heart Rhytm у красавіку 2022 года. У даследаванні ўзялі ўдзел 24 жанчыны з сярэднім узростам 32 гады (плюс-мінус восем гадоў). Нескладаныя маніпуляцыі з нагамі перад уставаннем са становішча седзячы прыкметна зменшылі падзенне артэрыяльнага ціску пасля ўставання ў параўнанні з кантрольнай групай, якая ўставала без дадатковай падрыхтоўкі.
Чытайце таксама


