У Польшчы затрыманыя двое мужчын, якія здымалі на відэа беларускіх заўзятараў на матчы асноўнага этапу Лігі канферэнцый «Легія» — «Дынама», піша «Трыбуна» са спасылкай на Rp.pl.
Адзначаецца, што матч праходзіў 7 лістапада, на стадыёне прысутнічала шмат беларускіх заўзятараў. Падчас паядынку двое мужчын з беларускага сектара пачалі здымаць на тэлефоны іншых фанатаў і фатаграфаваць іх. Калі гледачы папрасілі іх спыніць здымку і выдаліць фота і відэа, тыя адмовіліся. Тады абураныя беларусы выклікалі ахову, якая ў сваю чаргу выклікала паліцыю, бо парушальнікі адмовіліся выканаць патрабаванне пакінуць трыбуну. Мужчын вывелі са стадыёна і затрымалі. Вядома, што ім 34 і 38 гадоў.
Паводле звестак паліцыі, у аднаго з іх знайшлі мефедрон. Яму выставілі абвінавачанне па крымінальным артыкуле. Як адзначае польскае выданне, паводле неафіцыйных звестак, адзін з мужчын нядаўна падаў заяву на атрыманне статусу ўцекача ў Польшчы.
Паліцыя перадала два пратаколы ў суд Цэнтральнага раёна Варшавы. За ўчыненыя парушэнні мужчынам пагражала пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ці штрафу ў суме не менш за 2000 злотых (400 еўра).
Як паведамілі ў судзе, у адным выпадку вырашылі завесці справу пра дробнае правапарушэнне ў звычайным парадку.
У другім выпадку вынесеная пастанова пра распачынанне паскоранай вытворчасці, праведзенае судовае паседжанне, і суд вынес рашэнне пра скасаванне пакарання, пры гэтым парушальніку забаранілі наведваць масавыя мерапрыемствы тэрмінам на два гады, таксама яго вызвалілі ад выплаты судовых выдаткаў.
Тым часам некаторыя прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы лічаць, што інцыдэнт, які адбыўся на стадыёне, нельга перамяншаць.
«Інцыдэнт, які адбыўся на стадыёне, нельга ігнараваць. Як прадстаўнікі беларускай апазіцыі мы таксама падвяргаемся разведцы з боку людзей, якія выдаюць сябе за апазіцыянераў. Ёсць таксама выпадкі, калі палітычнага зняволенага ў турме ламаюць, шантажуюць. Гэтая справа мусіць быць расследаваная адпаведнымі службамі», — сцвярджае Алесь Зарэмбюк, дырэктар Беларускага дома ў Варшаве.
Ён дадаў, што беларускія спецслужбы пастаянна збіраюць матэрыялы на беларусаў. Палітычныя рэпрэсіі закранулі 74 тысячы грамадзян Беларусі. Паводле ягоных звестак, у спецслужбаў ёсць «шырокі матэрыял для рэпрэсій супраць тысяч іншых людзей».