У Латвіі хочуць часткова закрыць пункт пропуску «Патэрніекі» — «Грыгароўшчына». У чым прычына
17 сакавiка 2025 у 1742202000
Ганна Матсан / «Зеркало»
У сувязі з павелічэннем патоку мігрантаў Дзяржаўная памежная ахова (ДПА) Латвіі плануе звярнуцца ва ўрад з просьбай часткова закрыць памежны пункт «Патэрніекі» (з беларускага боку - «Грыгароўшчына»). Пра гэта паведаміў начальнік ДПА Гунціс Пуятс, піша DELFI.
З ягоных словаў, прапанова пра часоваае абмежаванне працы пункта пропуску будзе пададзеная ў Кабінет міністраў у панядзелак. У выпадку ўхвалення перасякаць мяжу праз «Патэрніекі» змогуць толькі аўтамабілі. Абмежаванні могуць быць уведзеныя на шэсць месяцаў, але калі паток нелегальных мігрантаў стане крытычным, ДПА можа папрасіць закрыць пункт цалкам.
Пуятс адзначыў, што цяпер праз мяжу Польшчы штодня спрабуе пранікнуць да 100 чалавек, і ў будучыні гэтая плынь можа быць перакіраваная ў Латвію.
«Раней у выходныя дні "Патэрніекі" ўжо часова закрываўся праз нестабільную працу тэхнічных сістэм і пагрозу незаконнага перасячэння мяжы. Памежнікі зафіксавалі канцэнтрацыю парушальнікаў на беларускім баку і прынялі прэвентыўныя меры, каб не дапусціць масавага пранікнення мігрантаў. У ноч на нядзелю пункт аднавіў працу», - піша выданне.
Нагадаем, 16 сакавіка рух праз пункт пропуску «Грыгароўшчына» быў прыпынены з 14.00 як на ўезд у Беларусь, так і на выезд. Латвійскія ўлады паставілі спецыяльныя загараджальныя шчыты, аднак афіцыйныя ведамствы не патлумачылі прычыны часовага закрыцця. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта магло быць звязана са спробай групы мігрантаў на роварах пранікнуць у Латвію з Беларусі. Позна ўвечары працу пункта пропуску аднавілі.
Пункт пропуску «Грыгароўшчына» - адзіны дзейны на беларуска-латвійскай мяжы.