«Былі спробы сфатаграфаваць бюлетэні». У ФПБ паведамілі пра «першыя пазаштатныя сітуацыі» на датэрміновым галасаванні
23 студзеня 2025 у 1737616500
Вера Караўская / «Зеркало»
Праўладныя назіральнікі зафіксавалі першыя «пазаштатныя сітуацыі» падчас датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. У прыватнасці, на двух участках былі спробы сфатаграфаваць запоўненыя бюлетэні, паведамляе тэлеграм-канал Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Сцвярджаецца, што выбарчая камісія «своечасова адрэагавала» на абодва інцыдэнты.
Нагадаем, раней у ЦВК папярэдзілі, што за фатаграфаванне запоўненага бюлетэня, а таксама яго вынас за межы памяшкання для галасавання прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.
- Такога роду дзеянні з'яўляюцца адміністрацыйным правапарушэннем і пацягнуць накладанне штрафу на фізічную асобу, на выбаршчыка ў памеры да 15 базавых велічынь, - папярэдзіла сакратарка камісіі Алена Балдоўская.
Адзначым, падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года незалежная платформа «Голас» у супрацоўніцтве з ініцыятывамі па назіранні змагла не толькі даказаць факт фальсіфікацыі выбараў, але і ўзнавіць іх рэальныя вынікі - у тым ліку дзякуючы здымкам бюлетэняў, якія можна было адправіць праз чат-бот.
Так «Голас» сабраў звесткі ад больш чым мільёна выбаршчыкаў, у тым ліку 900 тысяч пазначылі свой участак, а 530 тысяч даслалі фота. Платформай карысталіся па ўсёй краіне - на 5696 участках з 5767. 96% з тых, хто перадаў звесткі, галасавалі за Святлану Ціханоўскую.
Датэрміновае галасаванне ў Беларусі пачалося 21 студзеня, асноўны дзень галасавання - 26 студзеня. Паводле звестак ЦВК, яўка склала амаль 18%.