Польшча можа спыніць беларускія грузаперавозкі праз сваю мяжу, калі не будуць выкананыя тры ўмовы
22 лiпеня 2024 у 1721641500
«Зеркало»
Польшча можа спыніць перавозку тавараў з Беларусі, калі не будуць выкананыя некалькі ўмоваў, заявіў у інтэрв'ю Radio ZET намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна.
- У Польшчы ёсць асаблівыя ўмовы што да Беларусі. Калі б яна хацела нармалізаваць адносіны, гэта азначала б спыненне гібрыдных атак (маецца на ўвазе паток мігрантаў да беларуска-польскай мяжы. - Заўв. рэд.), выдача забойцы польскага салдата і вызваленне зняволеных палякаў, - сказаў ён.
Шэйна таксама адзначыў, што Беларусь - краіна, якая адкрыта звязаная і супрацоўнічае з Расіяй, варожа настроеная ў дачыненні да Украіны, таму «нашыя магчымасці дзеянняў супраць такой краіны абмежаваныя».
- Але, магчыма, калі гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, мы зможам спыніць перавозкі грузаў праз Беларусь. Нам гэта таксама нявыгадна, але мы пачынаем да гэтага даспяваць, і ў Беларусі заўважаюць, што мы да гэтага ставімся сур'ёзна, - растлумачыў Шэйна.
Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэння адносін паміж Беларуссю і Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 года. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш не будзе стрымліваць мігрантаў у краіны Еўрасаюза, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
Для барацьбы з незаконным перасячэннем мяжы Літва, Латвія і Польшча вырашылі пабудаваць платы на мяжы з Беларуссю. Таксама заходнія суседзі перасталі пускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю: яны разварочваюць іх на мяжы і адпраўляюць назад у Беларусь. А 28 мая бягучага года польскі сяржант Матэвуш Сітэк быў паранены і памёр у бальніцы праз некалькі дзён. Праз тое, што здарылася, Польшча ўвяла 200-метровую буферную зону на мяжы з нашай краінай. Польскія следчыя высветлілі асобу і вядуць вышук падазраванага ў забойстве. У беларускім МЗС сцвярджалі, што гатовыя да дыялогу.