Цяпер афіцыйна. Польская мытня пракаментавала «Люстэрку» сітуацыю з забаронай вывозіць тавары ў Беларусь
8 лiпеня 2024 у 1720454640
«Зеркало»
На мінулым тыдні ў адзіным дзейным пункце пропуску «Тэрэспаль - Брэст» на польска-беларускай мяжы здарыўся перапалох. Мытня суседняй краіны перастала прапускаць праз пераход фізічных асобаў, якія вязуць у Беларусь новыя тавары, набытыя ў Польшчы. Многія беларусы былі вымушаныя вяртацца ў польскія крамы і здаваць свае пакупкі. Альбо зрываць з новых тавараў этыкеткі, каб яны выглядалі карыстанымі. У панядзелак, 8 ліпеня, «Люстэрка» атрымала ад мытных органаў Польшчы афіцыйны каментар з гэтай нагоды.
Па каментар «Люстэрка» звярнулася ў Нацыянальную падатковую адміністрацыю Польшчы (мытная служба ўваходзіць у яе склад). А по тым - у Люблінскі аддзел, якому падпарадкоўваюцца супрацоўнікі пункта пропуску «Тэрэспаль».
У адказе з подпісам прэс-сакратара гэтага аддзела Міхала Дзеруся гаворыцца, што ў абавязкі мытнікаў уваходзіць кантроль перамяшчэння праз польскую мяжу тавараў, якія падпадаюць пад санкцыі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Расіі і Беларусі.
Прэс-сакратар адзначыў, што ў сваёй працы супрацоўнікі мытнай службы абапіраюцца на законы Польшчы і «санкцыйныя» рэгламенты ЕС. І калі раней гэтыя дакументы датычылі толькі юрыдычных асоб, то новы рэгламент ЕС № 2024/1865, які набыў моц 29 чэрвеня 2024 года, забараняе вываз тавараў з тэрыторыі ЕС і звычайным грамадзянам.
- Дакумент пашырыў колькасць суб'ектаў, якіх датычаць змененыя палажэнні, - адзначае польскі чыноўнік. - Гэта значыць, што пад дзеянне забаронных нормаў на імпарт і экспарт таксама падпадаюць фізічныя асобы, якія перамяшчаюць тавары, набытыя ў розніцу.
Колькі будуць дзейнічаць гэтыя абмежаванні, у мытнай службе не адказалі. А ў самім рэгламенце тэрмін дзеяння не называецца.
Міхал Дзерусь таксама падкрэсліў, што кантроль за выкананнем санкцый Еўрапейскага саюза - гэта абавязак супрацоўнікаў мытні. Яны ж сочаць за тым, каб спыняць спробы абыходу абмежаванняў падчас перавозкі тавараў праз мяжу ЕС у кірунку Беларусі.
- Заканадаўства абавязвае супрацоўнікаў, якія дзяжураць на дзяржаўнай мяжы, праводзіць дбайныя і працаёмкія праверкі, - гаворыцца ў адказе. - Такія праверкі ўключаюць, у прыватнасці, пільны аналіз дакументаў, якія суправаджаюць перавозкі, праверку фактычнага стану дэкларацыі на адпаведнасць дзейным нарматыўным актам пра санкцыйныя тавары, праверку таго, ці згадваюцца ў дакументах санкцыйныя тавары або арганізацыі, а таксама, пры наяўнасці прыкметаў, фізічны дагляд тавараў, якія перавозяцца.
Нагадаем, з 4 ліпеня беларусы пачалі пісаць у чатах, што падчас выезду з Польшчы ў Беларусь мытнікі не прапускаюць тых, хто вязе розныя тавары. У каментарах дапускалі, што гэта звязана з рашэннем Еўрасаюза ад 29 чэрвеня, якім ён распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, уведзеныя раней у дачыненні да Расіі.
Поўны спіс забароненых тавараў налічвае сотні найменняў і ўключае некаторыя морапрадукты (ракападобныя і ікру), хімічныя рэчывы, сродкі гігіены (пену для галення, мыла, дэзадаранты, парфумерыю і гэтак далей), будаўнічыя матэрыялы, туалетную паперу, жаночую вопратку і любы абутак з «падэшвай з гумы, пластмасы, скуры», каштоўныя камяні і гэтак далей. Таксама цяпер забаронена вывозіць розную тэхніку: рухавікі і маторы, помпы, лядоўні, пасудамыйныя машыны і іншае.
Чытайце таксама