З малатка спрабавалі прадаць нерухомасць палітвязня. Але таргі пайшлі не па плане
28 чэрвеня 2024 у 1719572280
«Зеркало»
На аўкцыёне «БелЮрЗабяспечанне» спрабавалі прадаць нерухомасць палітвязня Валянціна Стэфановіча. Аднак ахвочых набыць яе не знайшлося.
На таргі была выстаўленая арыштаваная 1/7 частка адміністрацыйнага памяшкання ў Мінску, якая належыць палітвязню Валянціну Стэфановічу. Упершыню яе спрабавалі прадаць у красавіку гэтага года за 33,3 тысячы рублёў. Але тады пакупнікоў не знайшлося.
На другім аўкцыёне, які прайшоў 25 чэрвеня, пачатковую цану знізілі да 26 640 рублёў. Аднак і гэтым разам не было ахвотных набыць «адціснутую» ў палітвязня маёмасць.
Раней праваабаронцы «Вясны» паведамлялі, што памяшканне на вуліцы Ложынскай належыць яшчэ шасці сябрам праваабарончай арганізацыі. Яно выкарыстоўвалася для правядзення бясплатных івэнтаў - лекцый, дыскусій, выставаў.
Нагадаем, з малатка таксама пусцілі іншую маёмасць праваабаронцы. Двойчы выстаўлялі на продаж яго Citroen C4 Picasso 2016 года выпуску. У снежні мінулага года пачатковы кошт аўто складаў 37 500 рублёў, але аўкцыён не адбыўся праз адсутнасць удзельнікаў. У лютым 2024-га машыну прадавалі паўторна, пры гэтым стартавы кошт на яе знізілі да 30 000 рублёў. У таргах узялі ўдзел сем чалавек, у выніку мінівэн прадалі за 42 000 рублёў.
Валянцін Стэфановіч - чалец рады праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). Яго і яго калегу Уладзіміра Лабковіча, юрыста «Вясны» і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», затрымалі 14 ліпеня 2021 года. Мужчынам выставілі абвінавачанні па арт. 228 КК Беларусі (Кантрабанда) і ч. 2 арт. 342 КК Беларусі (Фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд асудзіў Стэфановіча на дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пазней МУС дадало Валянціна ў «спіс экстрэмістаў». Са снежня мінулага года яго на паўгода перавялі ў памяшканне камернага тыпу «за парушэнні».
23 жніўня 2023 года стала вядома, што МУС прызнала праваабарончы цэнтр «Вясна» «экстрэмісцкім фарміраваннем». У міністэрстве лічаць, што арганізацыя займалася дзейнасцю «па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь», а таксама дыскрэдытавала службовыя асобы.
У ліпені 2023-ГА беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека.
У 2022 годзе старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.