«Так, бядней крышку жывём, трошачкі зусім». Пра што размаўлялі Лукашэнка і Пуцін на сустрэчы ў Сочы
15 верасня 2023 у 1694771520
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся 15 верасня ў Сочы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Прэс-службы палітыкаў расказалі, якія пытанні яны абмеркавалі.
Лукашэнка: «Спрабавалі нас моцна нахіліць»
Лукашэнка павіншаваў расійскага лідара з адзіным днём галасавання, які прайшоў у многіх рэгіёнах РФ.
- Вынікі зразумелыя, не хачу нават іх аналізаваць. Напэўна, наогул ніколі такіх вынікаў не было. Усе вашыя кандыдатуры на пасаду губернатараў народам былі падтрыманыя. Гэта вялікі поспех, - сказаў Лукашэнка.
Потым беларускі палітык закрануў пытанне працы эканомікі. Паводле яго прагнозаў, у наступным годзе краіны выйдуць на «дасанкцыйны ўзровень».
- Мы вырашаем гэтыя ўсе пытанні. І дробныя, і буйныя. Вы маеце рацыю. Спрабавалі нас моцна нахіліць - нічога не атрымалася. Наадварот, неяк мы мабілізаваліся нават нечакана. Я ведаю, і для вас, і я не чакаў, што мы можам выстаяць. Так, бядней крышку жывём, трошачкі зусім. Думаю, што наступны год у нас будзе добрым годам, і мы выйдзем на дасанкцыйны перыяд працы нашай эканомікі. Па дробязях усе пытанні, пачынаючы ад ВПК і іншае, звязаныя з украінскім канфліктам, - усе гэтыя пытанні практычна вырашаныя. Калі засталося нешта, то мы ведаем, у якім кірунку нам рухацца, - сказаў Лукашэнка.
Што да інтэграцыйнага супрацоўніцтва, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў: службовыя асобы абедзвюх краін нядрэнна папрацавалі.
- Больш за 80% задач выканана, якія мы паставілі перад урадамі. Яшчэ тры месяцы ёсць (гаворка пра працу над асноўнымі напрамкамі рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021−2023 гады і 28 саюзнымі праграмамі. - Заўв. рэд.). Думаю, што даціснем і гэтыя пытанні, - дадаў Лукашэнка.
Ён таксама расказаў пра дзеянні па стабілізацыі сітуацыі на паліўным рынку па просьбе расійскага боку.
- Хачу вас праінфармаваць - былі некаторыя складанасці на рынку паліва - стабілізавалі сітуацыю, паставілі столькі, колькі трэба было Расійскай Федэрацыі. Колькі ўрад папрасіў. Па-мойму, па 60 тысяч дызпаліва і бензіну. Сітуацыю стабілізуем на нашых агульных рынках. Калі трэба будзе яшчэ скараціць пастаўкі на знешнія рынкі і для ўнутранага спажывання павялічыць - гэта не праблема.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў пра намер расказаць Пуціну пра супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі ў кантэксце нядаўняга візіту ў Беларусь прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі.
- Вельмі вядомы чалавек. І прасунуты чалавек. Ёсць таксама сумесная праца па афрыканскім кірунку, - адзначыў Лукашэнка.
Уладзімір Пуцін: «Нашыя партнёры еўрапейскія кажуць, што яны вымушаныя былі згарнуць з намі працу»
Пуцін у пачатку сустрэчы падкрэсліў, што ўзаемаадносіны Беларусі і Расіі стабільна і надзейна развіваюцца.
- Мы з вамі працягваем кантакты, кансультацыі з нагоды нашых адносін і з нагоды ўзаемадзеяння, перш за ўсё ў сферы эканомікі. Тут усё стабільна, надзейна развіваецца, дзякуй богу, - сказаў Пуцін.
Ён таксама паведаміў, што ў Расіі завяршаецца бюджэтны працэс:
- Чаму пра гэта кажу? Таму што (мы з вамі добра ведаем) стан расійскай эканомікі, вядома, адбіваецца на нашым узаемадзеянні ў рамках Саюзнай дзяржавы. У нас ёсць у гэтай сувязі ўзаемныя пытанні, абавязанні. Ёсць неабходнасць, мне здаецца, зверыць гадзіннікі па некаторых пытаннях.
Акрамя таго, Уладзімір Пуцін згадаў намер пагаварыць з Лукашэнкам «па нашым самым вострым пытанні - па сітуацыі на ўкраінскім кірунку» і вакол украінскага крызісу, а таксама расказаў пра сваю нядаўнюю сустрэчу з лідарам КНДР, які знаходзіўся ў Расіі з візітам. Лукашэнка ў сваю чаргу расказаў, што «ўважліва сачыў за апошнімі цяжкімі працоўнымі днямі» прэзідэнта Расіі.
- Я думаю, што мы можам падумаць і пра супрацоўніцтва дзесьці на траіх. Паўночная Карэя, Расія… Ведаю, што цікавасць велізарная ў карэйцаў да вас. Я думаю, кавалак працы і Беларусі там знойдзецца. З улікам тых праблем, якія існуюць, - заявіў Лукашэнка.
Уладзімір Пуцін таксама падняў пытанне санкцый.
- Еўрапейскія кампаніі адмовіліся пастаўляць абсталяванне, мабыць, разлічвалі, што кампетэнцый у нас не хапае. Мы аднавілі ўсе кампетэнцыі, усё абсалютна. Трошкі направа графік ссунулі, на некалькі месяцаў. Велізарныя, сусветнага маштабу прадпрыемствы будуць уведзеныя найбліжэйшым часам. А тыя, хто вымушаны - хачу гэта падкрэсліць: нашыя партнёры еўрапейскія кажуць, што яны вымушаныя былі згарнуць з намі працу, - яны проста нясуць страты і неатрыманую выгаду ў велізарных маштабах, - заявіў Пуцін.
Ён прызнаў, што праз сыход буйных еўрапейскіх кампаній з расійскага рынку «нешта даводзіцца зрушваць, дзесьці паводзіць сябе сціплей, але выйгрыш у гэтым сэнсе відавочны».
- Так, нам ёсць яшчэ над чым працаваць, асабліва ў галіне высокіх тэхналогій, але калі б не было сітуацыі… Пазаўчора мне дакладвалі калегі - набываюць новыя кампетэнцыі ў гэтай сферы, вельмі важна гэта было чуць. Мы гэта яшчэ паабмяркоўваем, раскажу, - адзначыў прэзідэнт Расіі.