У Еўрапарламенце прапанавалі Міжнароднаму крымінальнаму суду разгледзець магчымасць выдачы ордара на арышт Лукашэнкі
18 лiпеня 2023 у 1689681420
«Зеркало»
Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе разгледзець магчымасць выдачы ордара на арышт Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў прынятым сёння камітэтам па замежных справах Еўрапарламента дакладзе пра адносіны ЕС з Беларуссю.
Камітэт па замежных справах Еўрапарламента 18 ліпеня прыняў новы даклад пра адносіны ЕС з Беларуссю. 49 галасоў былі аддадзеныя за, тры - супраць, і двое ўстрымаліся.
Дэпутаты заявілі, што Беларусь нясе адказнасць за шкоду, нанесеную Украіне ў сувязі з вайной, і ўчыненыя там злачынствы, у тым ліку праз ролю беларускіх уладаў у незаконным вывазе дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый.
Аўтары дакладу заклікалі інстытуты і дзяржавы - чальцы ЕС прыняць усе неабходныя меры на міжнародным узроўні, каб «зрабіць магчымым крымінальны пераслед беларускіх палітычных і вайсковых лідараў, адказных за злачынствы супраць чалавечнасці і генацыд».
«Паколькі Міжнародны крымінальны суд ужо выдаў ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай, дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць МКС разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага ордара на арышт Аляксандра Лукашэнкі», - гаворыцца ў дакуменце.
Еўрапарламентарыі лічаць, што Савет ЕС мусіць пашырыць спіс беларускіх і расійскіх асобаў, на якіх распаўсюджваюцца еўрапейскія санкцыі: на іх думку, абмежаванні павінныя закрануць і тых, хто мае дачыненне да прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
Акрамя таго, дэпутаты асудзілі бесперапынныя рэпрэсіі і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, якія ўлады ў Беларусі ажыццяўляюць супраць народа.
Яны нагадалі, што ў нашай краіне за кратамі знаходзіцца каля 1500 палітвязняў, уключаючы адвакатаў, прафсаюзных дзеячаў, журналістаў і праваабаронцаў, і заклікалі вызваліць усіх несправядліва асуджаных.
Еўрадэпутаты таксама заклікалі ЕС напрацаваць стратэгію захавання незалежнасці Беларусі і яе пераходу да дэмакратыі.
Нагадаем, выдаць ордар на арышт Лукашэнкі неаднаразова прапаноўвала і лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская. На паседжанні Парламенцкай асамблеі NATO ў канцы траўня яна заклікала прыняць меры па прыцягненні беларускіх уладаў да адказнасці за выкраданне ўкраінскіх дзяцей і іх вываз на тэрыторыю Беларусі, паведаміўшы, што гэтаму ёсць доказы, сабраныя камандай Паўла Латушкі. Паводле яе словаў, «Міжнародны крымінальны суд, выдаўшы ордар на арышт Пуціна, мусіць выдаць такі ж ордар на арышт Лукашэнкі за агрэсіўныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці».
З такой самай заявай яна звярнулася ў пачатку ліпеня да чальцоў верхняй палаты італьянскага парламента.