«У Яўгена поўная эйфарыя». Лукашэнка расказаў, як размаўляў з Прыгожыным падчас мяцяжу
27 чэрвеня 2023 у 1687869540
«Зеркало»
Дэталі перамоваў з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным раскрыў Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня падчас уручэння генеральскіх пагонаў у Палацы Незалежнасці. Відэа яго выступу апублікавала прэс-служба.
Паводле Лукашэнкі, рашэнне «расказаць нешта на гэтую тэму (натуральна, не ўсе)» ён прыняў у панядзелак раніцай. Падштурхнулі яго да гэтага публікацыі ў расійскіх СМІ, дзе ўра-патрыёты «пачалі выць і крычаць, асуджаць Пуціна, патрабаваць ад яго не спыняць крымінальныя справы, лавіць, мачыць, саджаць».
- І ў сувязі з гэтым, калі разгортвалася, як прэзідэнт Пуцін назваў яе, гэтая смута ў Расіі, неяк усе пад венікам сядзелі. Мацвіенка (Валянціна Мацвіенка - старшыня Савета Федэрацыі Расіі. - Заўв. рэд.) аказалася мужнай, Валодзін (Вячаслаў Валодзін - спікер Дзярждумы РФ. - Заўв. рэд.), патрыярх, пара чалавек - і ўсё. А пасля бойкі рукамі мы ўмеем махаць, ох як умеем, і раіць: «Мачыць, мачыць і мачыць». Слухайце, ну ёсць каго мачыць, асабліва ведаеце дзе. Ёсць каго саджаць там, дзе гэта трэба, - сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што быў цалкам занураны ў расійскія падзеі, і расказаў храналогію сваіх перамоваў з Пуціным з нагоды мяцяжу.
- Такім чынам, пятніца. Вы ведаеце, у нас такі дзень быў шчаслівы, мы ўсе рыхтаваліся адсвяткаваць дзень выпускнікоў. Натуральна, і я быў заняты нармальна гэтымі пытаннямі. Ды і неяк, шчыра скажу… Атрымліваючы рэдкую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Расіі, у Растове, на поўдні, я неяк і ўвагі асабліва не звяртаў. Вайна ідзе, мала што там адбываецца. Але раніцай суботы з 8 гадзін раніцы мне ўжо паступае трывожная інфармацыя пра сітуацыю ў Расіі. Сёй-той мне там падказвае, што пішуць у гэтых тэлеграм-каналах, мэсэнджарах… Праз ФСБ і наш Камітэт дзяржбяспекі, генерала Церцеля мне дакладваюць: «Прэзідэнт Пуцін хоча звязацца». Калі ласка. Дамовіліся, а палове дзясятай, што мы перагаворым у любы зручны для яго час. Калі, а 10-й ён выступіў, у 10.10 патэлефанаваў і найпадрабязнейшым чынам праінфармаваў мяне пра сітуацыю, якая адбываецца ў Расіі, - патлумачыў Лукашэнка.
Паводле яго, падчас ранішняй размовы ён задаў Пуціну некалькі пытанняў і зразумеў, што «сітуацыя складаная», пры гэтым адмовіўся канкрэтызаваць гэтую частку размовы.
- Самае небяспечнае, як я зразумеў, - гэта не ў тым, якая яна была, сітуацыя, а як яна магла развівацца і яе наступствы. Гэта было самае небяспечнае. Я таксама зразумеў: прынятае жорсткае рашэнне (яно і прагучала падтэкстам у выступе Пуціна) - мачыць. Я прапанаваў Пуціну не спяшацца. Давай, кажу, пагаворым з Прыгожыным, з камандзірамі яго. На што ён мне сказаў: «Слухай, Саша, няма сэнсу. Ён нават трубку не бярэ, ні з кім размаўляць не хоча».
Лукашэнка расказаў, што ўсё ж настаяў на размове з заснавальнікам ПВК Вагнера Яўгенам Прыгожыным.
- Я пытаю: «Дзе ён?» - «У Растове». Я кажу: «Добра. Лепей кепскі мір, чым любая вайна. Не спяшайся. Я паспрабую з ім звязацца». Ён (Пуцін. - Заўв. рэд.) чарговым разам кажа: «Няма сэнсу». Я кажу: «Добра, пачакай». Дзесьці мы размаўлялі, напэўна, з паўгадзіны. Потым ён мяне праінфармаваў, што на фронце. Памятаю яго словы: «Ты ведаеш, а на фронце, як ні дзіўна, лепш, чым калі-кольвек было». Я кажу: «Вось бачыш, не ўсё так сумна». У 11 гадзін… Трэба было яшчэ гэтыя тэлефоны знайсці… Кажу: «Як з ім звязацца? Дайце тэлефон». Ён кажа: «Хутчэй за ўсё, у ФСБ ёсць тэлефон». Мы ўдакладнілі. Выявілі да сярэдзіны дня цэлых тры каналы, па якіх мы можам размаўляць з Растовам, - расказаў Лукашэнка.
Паводле словаў Лукашэнкі, немалая роля ў арганізацыі перамоваў належыць расійскаму генералу Юнус-Беку Яўкураву. У іх на першым этапе таксама ўдзельнічаў дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў.
- У 11.00 ён (Прыгожын. - Заўв. рэд.) імгненна зняў трубку. То-бок Яўкураў яго паклікаў, аддаў яму тэлефон: «Вось, прэзідэнт Беларусі тэлефануе, ці будзеш размаўляць?» - «З Аляксандрам Рыгоравічам буду». Я чую іх размову. Узяў трубку. Размова - эйфарыя. У Яўгена поўная эйфарыя. Размаўлялі першы раўнд хвілін 30 мацюкамі. Выключна. Мацюкоў (я потым ужо прааналізаваў) было ў 10 разоў больш, чым нармальнай лексікі. Ён, вядома, папрасіў прабачэння і пачаў мне мацюкамі расказваць, - цытуе Лукашэнку БЕЛТА.
Ён адзначыў, што думаў, «з чаго зайсці да яго, каб пачаць гэтыя перамовы».
- Хлопцы толькі з фронту. Яны бачылі тысячы сваіх загінулых хлопцаў. Хлопцы вельмі пакрыўджаныя, асабліва камандзіры. І, як я зразумеў, яны вельмі ўплывалі (я гэта папярэдне вылічыў) на самога Прыгожына. Так, ён такі, ведаеце, гераічны хлопец, але на яго аказвалі ціск і ўплыў вельмі тыя, хто кіраваў штурмавымі атрадамі і бачыў гэтыя смерці. І вось у гэтай сітуацыі, выскачыўшы адтуль у Растоў, у такім паўшалёным стане я з ім вяду гэты дыялог, - падзяліўся Лукашэнка. - Я кажу: «Жэня, ніхто табе ні Шайгу, ні Герасімава, нікога не аддасць, асабліва ў гэтай сітуацыі. Ты ж ведаеш Пуціна не менш, чым я. Па-другое, ён з табой не тое што сустракацца - па тэлефоне размаўляць не будзе ў сілу гэтай абстаноўкі».
Паводле словаў Лукашэнкі, Прыгожын у адказ пэўны час маўчаў, а потым сказаў, што хоча справядлівасці, што яго наймітаў «хочуць задушыць», і выказаў намер «ісці на Маскву».
- Я кажу: «Напаўдарозе цябе проста як клапа раздушаць. Нягледзячы на тое што войскі (мне пра гэта Пуцін доўга казаў) адцягнутыя на адпаведным фронце». Падумай, кажу, пра гэта. «Не», - такая вось эйфарыя, - расказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што сітуацыя, якая развіваецца ў Расіі, закранула б у выніку і Беларусь, таму спрабаваў спыніць рух калоны наймітаў.
- Доўга я яго пераконваў. І ў канцы сказаў: «Ведаеш, ты як хочаш можаш рабіць. Але на мяне не крыўдуй. Брыгада (беларуская. - Заўв. рэд.) падрыхтаваная да перакідвання ў Маскву. Гэта і не толькі таму, што гэта вось нашая айчына. А таму што, не дай бог, вось гэтая смута пайшла б па ўсёй Расіі, а перадумовы для гэтага былі каласальныя, наступнымі былі б мы», - заявіў Лукашэнка.
Палітык адзначыў, што падчас перамоваў з Прыгожыным ён паставіў яму ўмову: «Яўген, ніякага кровапраліцця».
- Як толькі ты знарок (незнарок) заб'еш хоць аднаго чалавека, асабліва цывільнага, - усё, ніякіх з табой перамоваў не будзе і я з табой размаўляць не буду". Ён мне пакляўся. У нас, кажа, такой мэты няма, і я вам клянуся, што гэтага не будзе, - растлумачыў Лукашэнка.
Пасля некалькіх раўндаў перамоваў Яўген Прыгожын у выніку адмовіўся ад сваіх першапачатковых патрабаванняў.
- Ён мне сказаў: «Аляксандр Рыгоравіч, я не буду патрабаваць ад прэзідэнта (Пуціна. - Заўв. рэд.), каб ён аддаў Шайгу і Герасімава, і сустрэчы нават прасіць не буду», я кажу: «Ну і добра. Гэта вельмі добры крок. Не трэба ў гэтай сітуацыі, напружваючы абстаноўку, патрабаваць нездзяйсняльнага», - расказаў Лукашэнка.
Паводле звестак расійскіх СМІ, падчас мяцяжу наймітаў ПВК Вагнера расійскае войска страціла як мінімум шэсць верталётаў і адзін самалёт. Тэлеграм-каналы паведамляюць пра як мінімум 13 загінулых. Пра тое, што падчас хваляванняў загінулі лётчыкі, казаў і Уладзімір Пуцін.
Наступная ўмова, пра выкананне якой Лукашэнка дамовіўся з Прыгожыным, - гэта спыненне далейшага руху калоны ПВК на Маскву.
- А пятай гадзіне вечара ён мне патэлефанаваў і кажа: «Аляксандр Рыгоравіч, я прымаю ўсе вашыя ўмовы. Але што мне рабіць? Спыняемся - яны пачнуць нас мачыць». Я кажу: «Не пачнуць. Я табе гарантую. Гэта я бяру на сябе».
У кантакце былі з кіраўніцтвам Расіі, ФСБ займалася ў асноўным гэтым пытаннем, з Бортнікавым. Я проста настойліва прасіў гэтага не рабіць. Бортнікаў - разумны чалавек. Ён сказаў: «Аляксандр Рыгоравіч, ну я ж не дурань, я ж разумею, што можа быць», - сказаў Лукашэнка.
На дарозе калоны ўжо быў выбудаваны рубеж абароны, і калі б вагнераўцы дайшлі да яго, то «пралілася б кроў». У выніку Прыгожын усё ж пагадзіўся павярнуць.
- Смута такім чынам была спыненая. Небяспечныя падзеі, якія маглі быць, былі знятыя. Гарантыі бяспекі, як ён (Пуцін. - Заўв. рэд.) учора сказаў, паабяцаў, былі дадзеныя, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.