«Стан цяжкі». Эканамiст Аляхновіч — пра праблемы ў эканомiцы, залежнасць ад Масквы i неабходныя рэформы, ад якiх можа быць балюча
25 мая 2023 у 1685017380
«Зеркало»
Што стаіць за аптымізмам беларускіх чыноўнікаў наконт стану эканомікі, ці варта радавацца сярэдняму заробку ў 627 даляраў і як мы ўсё больш адстаём ад заходніх суседзяў. Пра гэта - у вялікай размове «Люстэрка» з дарадцам Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесем Аляхновічам.
Алесь Аляхновіч - дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах, а таксама кіраўнік CASE Belarus Team, віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА). Скончыў Лонданскую школу эканомікі і Варшаўскую школу эканомікі - у апошняй цяпер рыхтуе да абароны кандыдацкую дысертацыю (PhD). Працаваў у EY, McKinsey і Нацыянальным банку Польшчы.
«Радасць чыноўнікаў марная»
- Наконт стану беларускай эканомікі існуюць два палярныя пункты гледжання. Гэта, з аднаго боку, аптымізм беларускіх чыноўнікаў, якія кажуць, што ўсё добра і, нягледзячы на санкцыі, эканоміка спраўляецца. З іншага боку, ёсць меркаванні экспертаў, дзе яны кажуць, што нават калі ёсць нейкія добрыя лічбы, гэта не значыць, што эканоміка развіваецца як магла б. Як ацэньваеце стан беларускай эканомікі вы?
- Сапраўды, улады дэманструюць аптымізм, але ён грунтуецца на радасці, што беларуская эканоміка намацала дно і больш не ляціць у прорву. Толькі атрымалася не так, што яна намацала дно, адбілася - і, як ангельская літара V, хутка аднавілася. Яна звалілася і вагаецца на ўзроўні дна, як электракардыяграма пацыента ў рэанімацыі - яшчэ дыхае, але стан стабільна цяжкі.
Вылечыцца яна зможа, калі мы зменім уладу. Без гэтага мы так і будзем ляжаць у рэанімацыі ў эканамічнай коме.
Яшчэ я лічу, што радасць чыноўнікаў марная, бо калі паглядзець уважлівей, то мы ўбачым, што эканоміка Беларусі выжывае за кошт аднаго донара - эканомікі расійскай. Нашая энергетычная, фінансавая, эканамічная залежнасць дасягнула небяспечнага ўзроўню. Калі раней можна было казаць пра дыверсіфікацыю экспарту, былі часы, калі Лукашэнка спрабаваў пастаўляць альтэрнатыўную нафту, то цяпер нават няма магчымасці заікнуцца пра гэта.
Да таго ж за апошнія тры гады (з 2020-га) беларуская эканоміка скарацілася на 3,2%. Здавалася б, гэта няшмат, бо ўсе чакалі, што вайна, сектаральныя санкцыі, страта ўкраінскага рынку прывядуць да больш адчувальнага падзення эканомікі. Але калі глядзець шырэй і параўноўваць з нашымі суседзямі, то за гэты час эканоміка Латвіі вырасла на 3,8%, Літвы - на 8%, Польшчы - на 9,8%. Атрымліваецца, што паміж намі і палякамі розніца за тры гады склала 13%.
Іншымі словамі, трэба шырэй глядзець на карціну. А яна такая, што мы на тупіковым шляху развіцця: гады ідуць, а беларуская эканоміка не расце, мы адстаём ад суседзяў. Мы гэта бачым нават па тым, што цяпер заробкі ў далярах такія ж, як 10 гадоў таму, а цэны за гэты час значна выраслі.
- Якія рызыкі нясе абраны ўладамі вектар развіцця эканомікі - з легалізацыяй шэрага імпарту, магчыма, шэрымі схемамі рээкспарту, ціскам на бізнес, адміністрацыйным рэгуляваннем цэнаўтварэння, завязкай на адзін расійскі рынак?
- Мне падабаецца, як гэта акрэсліў Дзмітрый Крук з BEROC, які назваў гэта архаізацыяй эканомікі. Азначэнне вельмі сцісла і трапна падкрэслівае тое, што адбываецца. Гэта і даволі значная эміграцыя: паводле розных падлікаў, гэта ад 200 да 500 тысяч чалавек. Гэтая вялізкая колькасць тых, хто з'ехаў за тры гады, мабыць, параўнальная ці нават большая, чым лічбы за папярэднія 30 гадоў. Гэта скарачэнне IT-сектара, які вельмі цягнуў беларускую эканоміку, дазваляў моладзі заставацца ў краіне, быў канкурэнтаздольным на міжнародным рынку, прыцягваў замежны капітал. Цяпер жа гэта сектар, які скарачаецца мацней за іншыя.
Адбываецца адзяржаўленне эканомікі: павышаюцца і ўводзяцца новыя падаткі для прыватнага бізнесу, адбываюцца арышты, шантаж, дзяржаўны рэкет, павялічваецца роля дзяржавы, ствараюцца бар'еры для развіцця прыватнага сектара. Бо рэжым Лукашэнкі лічыць, што ад прыватнага сектара ёсць небяспека і яго складаней кантраляваць, чым дзяржаўны.
Таксама ідзе ізаляцыя ад міжнародных рынкаў: калі раней у Расію накіроўвалася 40% экспарту, то цяпер - прыкладна дзве траціны. Беларуская эканоміка ўсё больш завязваецца на нейкія шэрыя схемы, на тое, каб быць і акном для абыходу санкцый РФ. Пасля стварэння спісаў прадпрыемстваў з доляй замежнага капіталу, якія замежнікам нельга прадаць (апошні з іх складаўся з 1849 прадпрыемстваў), можна казаць, што больш замежныя інвестары ў Беларусь не прыйдуць.
Усё гэта азначае тупіковы шлях развіцця. Дадам, што, паводле апошняга прагнозу МВФ, у найбліжэйшыя шэсць гадоў нашая эканоміка вырасце ўсяго на 5,2%. Гэта чацвёрты найніжэйшы паказчык сярод усіх краін свету, то-бок горш за нас будуць развівацца толькі тры краіны. А тая ж Польшча вырасце на 17,2%. Такім чынам, калі сітуацыя не зменіцца, то за дзевяць гадоў (з 2020-га) мы адстанем ад яе больш чым на 25%.
Гэта невыпадкова: у свеце практычна няма развітых краін з недэмакратычным рэжымам. Выключэннем можна назваць толькі Сінгапур, які тым не менш набліжаецца да дэмакратыі: там ёсць выбары выканаўчай улады і адносна незалежная судовая сістэма. А таксама некалькі манархічных краін Блізкага Усходу, багатыя нафтай і газам (нам гэта не свеціць).
Таму смела можна казаць, што з Лукашэнкам альбо іншым недэмакратычным рэжымам мы не будзем багатай краінай.
- Супраць рэжыму Лукашэнкі, пэўных прадпрыемстваў і галін эканомікі ўведзеныя санкцыі. Ці лічыце вы, што яны працуюць? Калі так, па чым гэта бачыце?
- Лічу, што эканамічныя санкцыі - адзіны дзейсны легальны інструмент ціску на рэжым. Ні выказванні глыбокай заклапочанасці, ні персанальныя санкцыі, ні забарона правядзення чэмпіянату свету па хакеі не прымусяць рэжым змяніць паводзіны.
Але пры гэтым я ацэньваю санкцыйную палітыку, якая цяпер праводзіцца, як неэфектыўную. Праз больш чым два з паловай гады з часу выбараў беларуская эканоміка аказалася больш гнуткай, чым можна было спадзявацца, а санкцыі - больш дзіравымі, чым усе чакалі. Рэжым паспеў да іх адаптавацца, знайсці спосабы іх абысці. Аказалася, што Расія гатовая павялічыць падтрымку беларускай эканомікі.
Ёсць санкцыі, скіраваныя на рэжым. Напрыклад, персанальныя, супраць яго гаманцоў. Але ёсць і санкцыі, якія не вельмі дапамагаюць справе. Гэта забарона авіяперавозак, у выніку чаго беларусы не могуць шмат куды ездзіць, экстранна эвакуявацца. Але зразумела, што да такога кроку падштурхнуў беларускі рэжым, пасадзіўшы міжнародны самалёт. Тым не менш я лічу, што больш балючымі для рэжыму былі б забароны на грузаперавозкі, а таксама пагроза поўнага гандлёвага эмбарга, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, чым забарона пасажырскіх авіяперавозак.
Другі прыклад - забарона трымання дэпазітаў больш за 100 тысяч еўра на рахунках у краінах Еўрасаюза, якую Еўрапейскі цэнтральны банк увёў адразу пасля пачатку вайны. З аднаго боку, можна падумаць, што такія грошы маюць толькі багацеі. Калі разважаць пра фізасобаў, у асноўным гэта так. Але калі падумаць пра бізнес, то нават малыя кампаніі могуць мець сотні тысяч еўра на рахунках, напрыклад, прадаўшы свае актывы. Як гэтыя грошы вывесці з Беларусі, асабліва калі пасля пачатку вайны беларусам стала вельмі складана адкрыць рахункі за мяжой? Гэта стварае праблемы для рэлакацыі сумленнага бізнесу з Беларусі.
Трэці прыклад - абмежаванні на атрыманне візаў і іншых дакументаў побыту ў краінах ЕС.
Эканамічныя санкцыі супраць рэжыму маглі б быць эфектыўнымі, калі б былі хуткімі. На жаль, у 2020 годзе Захад не быў гатовы імгненна рэагаваць. Потым было ўжо крыху позна. Трэба было таксама больш сінхранізацыі. Цяпер, калі ідуць санкцыі супраць Расіі, прадстаўнікі ЗША падарожнічаюць у Казахстан, Арменію, Турцыю, Кітай, арабскія краіны і пераконваюць іх не дапамагаць Маскве абыходзіць санкцыі. Па Беларусі, на жаль, такой дыпламатыі не было (акрамя моманту, калі быў міграцыйны крызіс).
Таксама трэба сачыць за іх імплементацыяй, бо калі гэтага няма, рэжым лёгка абыходзіць санкцыі.
Такім чынам, не хапае палітычнай волі нашых міжнародных партнёраў, нягледзячы на тое, што робіць Святлана Ціханоўская і іншыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху. Дзе прыклады арышту маёмасці і грошай сям'і Лукашэнкі і яго памагатых? Чаму па Расіі змаглі знайсці і заблакаваць, а па Беларусі - не, хаця ёсць Беларускі расследавальніцкі цэнтр і іншыя, хто паказвае, дзе такая маёмасць знаходзіцца? Няма палітычнай волі дамаўляцца з краінамі, каб адбываўся такі эканамічны ціск.
- У каго няма на гэта палітычнай волі?
- У міжнародных партнёраў беларускага дэмакратычнага руху. Няма ўплывовай краіны-лідара ці блоку краін, які б сказаў, што Беларусь - гэта не Расія, гэта краіна, якая мае еўрапейскае мінулае і будучыню, і што будзе падтрымліваць краіну нягледзячы ні на што, у тым ліку на страту уласных бізнес-інтарэсаў. Вагі Польшчы і Літвы, якія шчыра нас падтрымліваюць, на міжнароднай арэне недастаткова.
- Але менавіта гэтым, здаецца, займаецца Святлана Ціханоўская, яе Офіс. Чаму тады не атрымліваецца знайсці падтрымку на тым узроўні, якога хацелася б па гэтым пытанні?
- Гэта не віна Офіса. Ён робіць максімум магчымага. Ніколі ў гісторыі ў беларусаў не было такога моцнага лобі, як цяпер, - дзякуючы Святлане Ціханоўскай, дыяспары, тысячам беларускіх палітвязняў, якія знаходзяцца ў турме, але не просяць літасці ў сваіх катаў і выходзяць пасля турмы нязломленымі. Але гэтага недастаткова. Да 2020 года, нягледзячы на тое, што ў Беларусі жыло 10 мільёнаў чалавек (крыху больш за 9,4 млн чалавек паводле вынiкаў перапiсу ў 2019 годзе. - Заўв. рэд.), нашая краіна ніколі не мела моцнага лобі - нас заўсёды дзялілі без нас саміх. Да 2020 года ўсе думалі, што гэта сфера інтарэсаў Расіі, і асабліва не ўмешваліся.
Я звычайна кажу заходнім партнёрам, што калі б у 2020 годзе падтрымка беларусаў была большай і атрымалася б абараніць наш дэмакратычны выбар, то, хутчэй за ўсё, не было б вайны. Калі казаць эканамічнымі тэрмінамі, то для ўсяго цывілізаванага свету гэтая інвестыцыя была б суперпрыбытковай. Але ў 2020-м такога разумення не было - усе разумныя, калі ўжо запозна.
«Беларуская эканоміка працягне адставаць ад суседзяў»
- Значная частка эканамічных санкцый, пэўна, уводзілася не ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі, а праз пасадку самалёта Ryanair, потым пасля пачатку вайны і суўдзелу Мінска ў ваеннай агрэсіі. Але сярод беларусаў ёсць меркаванне, што трэба адмяняць санкцыі ў абмен на вызваленне хаця б часткі палітвязняў. Як вы ставіцеся да такіх прапановаў, ці лічыце гэта магчымым? Ці, можа, вам вядома пра тое, што ў гэтым кірунку вядзецца праца?
- Гэта не эканамічнае пытанне, таму буду гаварыць не як эксперт, а выкажу прыватнае меркаванне. Я асабіста лічу, што рэжым разумее толькі аргументы сілы і толькі моцны эканамічны ціск можа яго прымусіць пайсці на саступкі. У рэжыму было шмат магчымасцяў хоць крыху пайсці на саступкі і пачаць мірыцца з уласным народам. Але гэтага не адбылося, таму не ўпэўнены, што ў рэжыму ёсць такое жаданне. Мне вельмі блізкая пазіцыя Аляксандра Кабанава, які сам адседзеў і лічыць, што дамаўляцца з рэжымам немагчыма.
У інтэрв'ю «Люстэрку» на пытанне пра больш рашучыя дзеянні дзеля вызвалення палітзняволеных блогер з Бярозы і прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у 2020-м Аляксандр Кабанаў адказаў: «Мая пазіцыя - гэта немагчыма. Перад тым як пачаць дамаўляцца пра выхад палітвязняў, трэба, каб спыніліся рэпрэсіі. Інакш як можна казаць пра вызваленне, калі людзей кожны дзень арыштоўваюць?»
Але ўявім сабе, што гэта адбылося: на жаль, пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, любыя саступкі можна адкруціць назад. То-бок сёння ён адпускае 300 чалавек, а заўтра садзіць столькі ж. Яму нельга верыць, таму змагацца трэба да змены рэжыму, бо толькі тады выйдуць усе, а новых рэпрэсій не будзе.
- Вы казалі пра падзенне беларускай эканомікі на дно. Але, здаецца, гэтае дно нестабільнае і яшчэ ёсць куды падаць. І да моманту змены ўлады беларуская эканоміка, як мне падаецца, будзе ў яшчэ большым заняпадзе, нават па такім зразумелым паказчыку, як заробкі (якія цяпер выраслі ў пераліку на даляры). Ці рабілі вы нейкія ацэнкі таго, з чым мы сутыкнёмся ў той момант?
- Так, заробкі афіцыйна выраслі амаль да 630 даляраў, на такім узроўні яны не былі апошнія 10 гадоў. Але тое самае можна сказаць іншымі словамі: 10 гадоў таму мы мелі такія ж заробкі, як сёння. За гэты час яны спачатку праселі, а потым вярнуліся на ўзровень, на якім былі 10 гадоў назад.
У той жа перыяд у выніку структурных праблем эканамічны рост упаў да нуля. З 2012 па 2022 год беларускі ВУП вырас на 1,5%. ВУП Польшчы за гэты час вырас на 46%, Літвы - на 43%, Латвіі - на 35%, Эстоніі - на 37%. Атрымліваецца, што мы адстаём ад гэтых краін на 3−4% штогод. Гэтае адставанне пачалося не ў 2020 годзе і не з прычыны санкцый і вайны, яно пачалося нашмат раней. Атрымліваецца, што мы, можа, і аднавілі заробкі ў 630 даляраў пры гэтай «жэстачайшай» дысцыпліне, але ўсе нашыя суседзі пайшлі наперад. І розніца паміж намі - неба і зямля, не толькі ў плане свабоды, але і ў плане эканамічных магчымасцяў, якасці адукацыі, медыцыны, экалогіі. А 30 гадоў таму гэтай розніцы ўвогуле не было, больш за тое, у пачатку 1990-х эксперты МВФ лічылі, што Беларусь мае найлепшы патэнцыял, каб стаць самай развітай эканомікай Усходняй Еўропы.
Такім чынам, калі рэжым захаваецца і праз пяць гадоў у беларусаў замест 630 даляраў заробкі будуць нават 700, гэта не будзе азначаць, што мы станем багацейшымі. А нашыя суседзі за гэты час замест 1,5 тысячы будуць зарабляць, напрыклад, дзве - і розніца паміж намі павялічыцца. Больш за тое, яшчэ больш людзей будзе з'язджаць з краіны і яшчэ менш - нараджацца, таму што няма ўмоваў для рэалізацыі моладзі.
- Ці бачыце вы хаця б маленькі шанец на тое, што за Лукашэнкам і той сістэмай эканомікі, якая ёсць цяпер, сітуацыя будзе паляпшацца?
- Паўтару: неабавязкова, што беларуская эканоміка будзе прабіваць дно, што яна будзе падаць, а заробкі - скарачацца. Яна можа крышку расці. Але ў цэлым гэтая эканоміка не мае ніякіх перспектываў.
У апошнім перадкавідным прагнозе МВФ, то-бок у апошні спакойны год, Беларусь мела найгоршы прагноз эканамічнага росту на найбліжэйшыя 5−6 гадоў сярод усіх былых сацыялістычных рэспублік, а гэта каля 30 краін. Прагноз рабілі яшчэ да вайны, да выбараў 2020-га, да санкцый і эканамічнай ізаляцыі краіны. Ужо тады эканамічны аналіз паказваў, што беларуская эканоміка ў такой сістэме не можа расці. А цяпер да гэтага дадаліся эканамічныя санкцыі, унутрыпалітычны і геапалітычны крызісы, стварэнне бар'ераў для развіцця прыватнага сектару, прывязка да расійскай эканомікі, якая знаходзіцца ў горшым стане, чым была раней. Дзякуючы чаму яна мае расці?
Калі нават будзе так, што ў нейкім канкрэтным годзе Расія з панскага пляча дасць некалькі мільярдаў даляраў і эканоміка вырасце на 1−2%, то мы ўсё роўна будзем адставаць ад суседзяў. Перспектыва такая: заробкі могуць намінальна павялічвацца, але ў цэлым моладзь будзе з'язджаць, дактароў будзе не хапаць, айцішнікаў амаль не будзе, а ўлады як праводзілі рэпрэсіўную палітыку, так і будуць яе праводзіць.
«Знойдуцца сярод нас тыя, хто гэты штандар падыме»
- Давайце закранём пытанне рэформаў. Раней ці пазней надыдзе час, калі праводзіць іх будзе неабходна. Ці можаце вы тэзісна абазначыць, якія рэформы вы бачыце самымі важнымі, за якія трэба будзе брацца ў першую чаргу?
- Першапачаткова трэба будзе замарозіць санкцыі. Адмяніць іх будзе складана, гэта патрабуе часу, але часова замарозіць можна вельмі хутка. Па-другое, спатрэбіцца стабілізацыя эканомікі, у якой на той момант сітуацыя будзе вельмі складанай, бо Лукашэнка сыдзе з пасады сам, толькі калі ўжо не будзе чаго плаціць пенсіянерам, завадчанам, масты будуць рушыцца, як на Нямізе. [Новым уладам] трэба будзе шукаць дадатковыя крыніцы фінансавання такіх выдаткаў. Нешта рабіць з рэструктурызацыяй дзярждоўгу, бо Расія можа патрабаваць датэрміновага пагашэння пазык. Разам з тым спатрэбіцца перагледзець дзяржвыдаткі: абмежаваць тыя, якія ідуць на сілавы апарат, гадамі стратныя дзяржпрадпрыемствы, а сэканомленыя грошы скіраваць на адрасную сацыяльную дапамогу.
Таксама трэба будзе пачынаць структурныя рэформы. Гэта і роўныя ўмовы вядзення бізнесу для ўсіх суб'ектаў эканомікі. Лепш, каб уся эканоміка працавала на ўмовах ПВТ, а не толькі ён.
Трэба будзе зрабіць ачыстку банкаўскага сектара ад крэдытаў, якія ўжо не пагашаюцца. Перш за ўсё гэта датычыць камерцыйных крэдытаў, якія выдаваліся на дзяржпраграмы і дзяржпрадпрыемствы. Значная іх частка ніколі не вернецца. Гэта неабходна зрабіць, каб банкі не падалі і людзі не баяліся несці туды свае дэпазіты.
Трэба будзе даць большую незалежнасць Нацбанку, каб ён мог сачыць за інфляцыяй, не падпарадкоўваючыся выканаўчай уладзе. Разам з тым давядзецца мяняць законы на рынку працы, адмаўляцца ад кантрактнай сістэмы, праз якую ў людзей няма ніякай стабільнасці, бо наймальніку лёгка не працягнуць кантракт, і людзі аказваюцца на вуліцы без падтрымкі.
Плюс паўстане пытанне прыватызацыі. Спачатку можна будзе прыватызаваць мінарытарныя пакеты акцый, напрыклад, калі дзяржава мае 1% акцый прадпрыемства, прадаваць прыватнікам няпрофільныя актывы прадпрыемстваў - гэта калі, напрыклад, Нацбанк па ўказцы зверху мусіць трымаць на балансе некалькі стратных калгасаў. Можна лёгка прыватызаваць малыя прадпрыемствы (дзяржаўныя цырульні, крамы, гатэлі). З прыватызацыяй буйных прадпрыемстваў можна не спяшацца, але і гэтае пытанне паўстане. Нагадаю, сярэдніх і буйных дзяржпрадпрыемстваў у краіне больш чым 3 тысячы. Трэба будзе ацаніць, у якім яны стане, якія з іх стратэгічна важныя, а якія можна прыватызаваць.
Адначасова з эканамічнай трансфармацыяй трэба будзе праводзіць і неэканамічныя рэформы, перадусім - дэцэнтралізацыю ўлады, у тым ліку фінансавую дэцэнтралізацыю. Каб мясцовыя ўлады былі выбарнымі, а не прызначанымі, і каб больш даходаў заставалася на мясцовым узроўні, каб у рэгіёнаў быў стымул развівацца. Вельмі важнымі будуць рэформы судовай сістэмы і праваахоўных органаў, а таксама рэформа адукацыі.
- Нягледзячы на тое, што мэты гэтых рэформаў добрыя і скіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця беларусаў, можа так стацца, што стаўленне людзей да слова «рэформы» і ўсяго, што з ім звязанае, будзе негатыўным. Больш за тое, спачатку ўзровень жыцця будзе не вельмі высокім. Як праводзіць рэформы ў такіх умовах?
- Насамрэч я думаю, што беларускае грамадства саспела да эканамічных рэформаў. 2020 год гэта паказаў. Тады папулярным палітыкам быў Віктар Бабарыка, які належыць да людзей, якіх Лукашэнка называў «тлустымі катамі». Калі для старой эліты ён быў прыкладам нейкага буржуа, то большасць беларусаў бачыла ў ім паспяховага чалавека, які стварыў сябе сваімі рукамі - без рэкету, кантрабанды, карупцыі. І калі б не рэпрэсіі і арышт, ён быў бы самым папулярным палітыкам у Беларусі. Не людзі, якія гадамі былі ў апазіцыі да Лукашэнкі, як Мікола Статкевіч, не бескампрамісныя, як Зянон Пазняк, не людзі, бліжэйшыя да народа, як Сяргей Ціханоўскі, а менавіта чалавек, які кіраваў самым буйным беларускім недзяржаўным банкам.
Падчас кавіду беларусы паказалі, наколькі яны гатовыя гарызантальна падтрымліваць адно аднаго, калі дзяржава не спраўляецца. Плюс ёсць разуменне, што цяпер краіна ідзе тупіковым шляхам развіцця. Лічу, што грамадства саспела да таго, каб на нейкі час нават заціснуць паясы, калі гэта спатрэбіцца, але каб урэшце змяніць і дзяржаўны лад, то-бок стаць дэмакратычнай краінай, і эканамічны, каб стаць рынкавай эканомікай, у якой развівацца і станавіцца паспяховым - гэта адказнасць найперш чалавека, а дзяржава павінная падтрымліваць тых, у каго гэта з розных прычын не атрымліваецца.
Што да пытання, як праводзіць рэформы, то адзначу, што сітуацыя ў эканоміцы будзе дрэннай - і ў нас не будзе іншага шляху, як праводзіць рэформы хутка. Мой базісны сцэнар такі, што Расія будзе існаваць на карце свету, яна будзе варожа ставіцца да эканамічных і дэмакратычных рэформаў у Беларусі, будзе ім перашкаджаць. Таму трэба рыхтавацца да таго, што ў нейкі момант, калі ў Беларусі будзе дэмакратычныя ўлада, якая не пойдзе ў Маскву на паклон, не будзе праводзіць прарасійскую палітыку, РФ можа шантажаваць Мінск. Напрыклад, праз спыненне энергетычных паставак, адсутнасць новага фінансавання, патрабаванне старых крэдытаў. Таму сітуацыя будзе складанай і ў нас не будзе часу на павольныя рэформы.
Крытычную масу эканамічных рэформаў трэба будзе правесці хутка яшчэ і для таго, каб не здарыўся адкат. Гэта важна на той выпадак, калі пасля дэмакратычнай улады зноў прыйдзе нейкі папуліст, як гэта было ў 1994-м.
- Здаецца, што, калі да ўлады прыйдуць дэмакратычныя сілы, не толькі для палітыка, які будзе на пасадзе прэзідэнта, але для ўсяго ўрада, які будзе займацца рэформамі, выбудоўваннем новай сістэмы, гэта будзе ў нейкім плане самагубства. Бо ім давядзецца прымаць часам непапулярныя рашэнні, могуць быць памылкі, што можа паставіць крыж на іх палітычнай кар'еры. Ці згодныя вы з такім меркаваннем? І калі так, то як думаеце, знойдуцца ахвотныя рабіць гэта сумленна?
- Не згодны. Па-першае, няма адназначнай залежнасці паміж урадам рэфарматараў і тым, як доўга ён знаходзіцца ва ўладзе. Гэта стэрэатып, што рэфарматары - гэта нейкія камікадзэ, якія год адпрацавалі, і іх адпраўляюць на сметніцу. Такое здараецца, але гэта складанейшы працэс, які залежыць ад мноства фактараў. Ад таго, ці ёсць міжнародная і палітычная падтрымка. Напрыклад, у Ягора Гайдара яе не было.
Прывяду некалькі прыкладаў. Першы рэфарматар у сацыялістычным блоку Лешак Бальцаровіч. Ён пачаў праводзіць рэформы, стаўшы міністрам фінансаў і віцэ-прэм'ерам у першым і другім дэмакратычна абраным урадзе Польшчы. Дзякуючы двум з нечым гадам, што ён займаў гэтую пасаду, і яго схільнасці праводзіць хуткія рэформы, яму ўдалося стварыць фундамент для будучага хуткага эканамічнага росту. У 1997-м ён быў абраны дэпутатам парламента і зноў стаў віцэ-прэм'ерам і міністрам фінансаў. То-бок ён быў віцэ-прэм'ерам трох правацэнтрысцкіх урадаў. А ў 2001 годзе прэзідэнт левых поглядаў выбраў яго кіраўніком Цэнтральнага банка. Як бачым, Бальцаровіч доўга заставаўся ў палітыцы і быў прызнаны ў Польшчы і ў свеце як паспяховы рэфарматар. Пры гэтым Польшча лічыцца найбольш паспяховым прыкладам правядзення эканамічнай трансфармацыі.
Другі прыклад - славацкі рэфарматар Іван Міклаш. Там быў такі самы «лукашэнка» - Уладзімір Меч'яр, прэм'ер краіны з 1992 по 1998 год. Славакію тады называлі чорнай дзіркай Еўропы. У 1998 годзе прыйшоў новы ўрад, у якім віцэ-прем'ерам быў Іван Міклаш. Ён таксама працаваў у трох розных рэфарматарскіх урадах 10 гадоў.
Трэці прыклад - з краіны былога СССР, гэта рэфарматар Міхаіл Саакашвілі. Ён быў прэзідэнтам два поўныя тэрміны - амаль 10 гадоў, ягоная кааліцыя была столькі ж часу ва ўладзе. Так што не факт, што ў першым дэмакратычна абраным урадзе будуць людзі-камікадзэ.
Па-другое, я веру ў наш народ. Таму лічу, што нават калі б рашэнне праводзіць эканамічныя рэформы каштавала кар'еры альбо патрабавала іншых ахвяраў, то, упэўнены, знойдуцца сярод нас тыя, хто гэты штандар падыме. Такія людзі ў нас заўсёды былі. І я веру, як у тым вершы Эдуарда Акуліна «Балада пра Краіну-мару» (ён вельмі песімістычны, як большасць беларускай паэзіі, але заканчваецца хэпі-эндам):
«Мы, Беларусы, сваёй крывёю
Сабе здабудзем Краіну-мару.
Краіну-мару, дзе мы ўваскрэснем -
Як сонца з хмары, як мова - з песні.
Краіну-мару сабе здабудзем
Мы, Беларусы. Мы - ёсць! Мы будзем!»