«Турма пад адкрытым небам». Савет па правах чалавека ААН правёў паседжанне па Беларусі
23 сакавiка 2023 у 1679567640
«Зеркало»
Савет па правах чалавека ААН 22 сакавіка на спецыяльным паседжанні абмеркаваў даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з 2020 года, апублікаваны на мінулым тыдні. Большасць чальцоў Савета асудзіла рэпрэсіі і гвалт супраць удзельнікаў пратэстаў і заклікала да незалежнага расследавання злоўжыванняў уладаў.
Намесніца Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Нада Аль-Нашыф адзначыла высновы дакладу пра тое, што ў Беларусі мелі месца сістэматычныя, шырока распаўсюджаныя і грубыя парушэнні правоў чалавека, некаторыя з іх можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасці, улічваючы іх наўмыснасць, маштаб, сістэматычнасць і скіраванасць на апазіцыйна настроеных грамадзян. Пры гэтым працягваецца шырокае сістэматычнае ўжыванне катаванняў і жорсткага абыходжання, скіраваных супраць асобных людзей за іх рэальную або меркаваную пратэсную пазіцыю.
«Неабходна пачаць аператыўныя, эфектыўныя, празрыстыя і незалежныя расследаванні ўсіх парушэнняў правоў чалавека, якія адбыліся», - сказала Аль-Нашыф.
Прадстаўніца Беларусі пры ААН Ларыса Бельская ў адказ на гэта заявіла, што Беларусь - адкрытая краіна са спакойнымі і чыстымі гарадамі, куды жыхары краін свету могуць прыехаць без візаў. Бельская запрасіла чальцоў Савета прыехаць і пагаварыць з людзьмі на вуліцах. Паводле яе, справаздачы УВКПЧ ААН тэндэнцыйныя, Беларусь сутыкнулася з ціскам і істэрыяй з боку краін Захаду, але мае намер ісці сваім шляхам, захоўваць стабільнасць і супрацьстаяць спробам уцягнуць яе ва ўзброены канфлікт. Таксама Бельская заявіла, што палітвязняў у Беларусі няма - ёсць толькі «людзі, якія парушылі закон».
Многія чальцы Савета ў сваіх выступах віталі даклад і падтрымалі падаўжэнне мандата спецдакладчыка па Беларусі. Яны ўстрывожаныя тым, што і без таго цяжкая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца далей, рэпрэсіі для ўціску іншадумцаў працягваюцца, а суды выкарыстоўваюцца як іх інструмент.
За падаўжэнне мандата спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ЗША, Аўстралія, Германія, Францыя, Літва, Швейцарыя, Украіна, Малдова, Румынія, Ірландыя, Харватыя і іншыя еўрапейскія краіны. Супраць прагаласавалі Кітай, Расія, КНДР, Казахстан, Таджыкістан, Азербайджан, Іран, Сірыя, Ліван, Венесуэла, Куба, Нікарагуа, Лаос, Камбоджа, Зімбабвэ.
Спікеры выказалі крайнюю занепакоенасць нядаўнімі прысудамі нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму і яго калегам-праваабаронцам, а таксама сітуацыяй з палітвязнем, блогерам Ігарам Лосікам, які здзейсніў спробу суіцыду. Многія сябры Савета выказалі салідарнасць з беларусамі, якія пацярпелі ад рэжыму.
Таксама сур'ёзную заклапочанасць многіх чальцоў Савета выклікае скарачэнне грамадзянскай прасторы ў Беларусі, запалохванне і пераслед праваабаронцаў, журналістаў і адвакатаў.
Адзін з выступоўцаў адзначыў, што ўлады знішчылі грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ Беларусі, ператварыўшы яе ў «турму пад адкрытым небам».
Крайнюю трывогу чальцоў Савета выклікала змяненне заканадаўства па пашырэнні прымянення смяротнага пакарання на чыноўнікаў і вайскоўцаў, абвінавачаных у дзяржаўнай здрадзе. Яны заклікалі ўлады Беларусі адмяніць гэтае рашэнне і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Пры гэтым некаторыя чальцы Савета выступілі на баку афіцыйнай Беларусі, назвалі дзеянні УВКПЧ ААН умяшаннем у яе ўнутраныя справы, абвінавацілі даклад у перадузятасці і заявілі, што гэта Беларусь сутыкнулася з парушэннем яе правоў з боку Захаду, бо ён увёў супраць яе санкцыі, каб дэстабілізаваць краіну.
Шэраг спікераў заклікаў беларускія ўлады правесці незалежныя, бесстароннія і сумленныя расследаванні ўсіх парушэнняў правоў чалавека і ў поўнай меры супрацоўнічаць з ААН.
«Неабходны незалежны механізм расследавання сітуацыі ў Беларусі з больш шырокімі паўнамоцтвамі і дастатковым фінансаваннем. Міжнароднай супольнасці неабходна забяспечыць адказнасць беларускіх уладаў за парушэнні міжнароднага права ў галіне правоў чалавека. Неабходна пакласці канец беспакаранасці і перадухіліць далейшыя злачынствы», - апісваюцца заявы чальцоў Савета ў прэс-рэлізе.
На паседжанні акрамя прадстаўнікоў краін-чальцоў выступілі прадстаўнікі беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і міжнародных структур, такіх як Беларускі Хельсінкскі камітэт, Сусветная арганізацыя супраць катаванняў, Human Rights Watch, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека, Human Rights House, Right Livelihood Award, Міжнароднае брацтва прымірэння, Міжнародная асацыяцыя юрыстаў, Інстытут за свабоду і бяспеку рэпарцёраў.
Таксама на паседжанні абмяркоўвалі парушэнні правоў чалавека ў Венесуэле.