«Атмасфера як у турме». Даведаліся ў работнікаў НПЗ пра загрузку прадпрыемстваў, заробкі і сітуацыю з кадрамі
28 кастрычнiка 2022 у 1666958940
«Зеркало»
У канцы жніўня старшыня канцэрна «Белнафтахім» даў справаздачу Лукашэнку, што прадпрыемствам галіны ўдалося забяспечыць бесперабойную працу, яны ўносяць плацяжы ў бюджэт, аплачваюць энергарэсурсы, выдаюць заработную плату супрацоўнікам. «Люстэрка» пагутарыла з работнікамі двух НПЗ - у Наваполацку і Мазыры - пра загрузку на вытворчасці, занятасць і заробкі.
На свята грошы знайшлі, а на прэміі работнікам - не
Мацвей (імёны герояў артыкула змененыя) працуе на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (НПЗ). Мужчына кажа, што сёлета загрузка вытворчасці меншая за леташнюю. Аднак месяц-паўтара таму аб'ёмы пачалі нарастаць.
- Летам за суткі перапрацоўвалі 14 тысяч тон нафты, а цяпер - каля 20 тон. Нарошчваем перапрацоўку, таму што вось-вось пачнецца адпусканне дызеля па трубе ў Расію. Гэта ўсе нашы перспектывы, - расказаў мужчына.
Паводле словаў суразмоўцы, нягледзячы на тое, што лічбы па вытворчасці прадукцыі то зніжаюцца, то зноў растуць, зарплата супрацоўнікаў некалькі гадоў застаецца на адным узроўні. Напрыклад, машыніст атрымлівае каля 2400 рублёў, слесар - прыкладна 1200 рублёў, у начальства ў заводакіраўніцтве заробкі ад 3000 рублёў. Раней работнікі атрымлівалі прэміі да розных значных падзей, былі квартальныя выплаты. Але сёлета людзі не атрымалі ўзнагароды да прафесійнага свята (яго адзначаюць 3 верасня).
- Летась да Дня нафтавіка нам выдалі па 320 рублёў, арганізавалі свята. А сёлета зрабілі толькі свята. Атрымліваецца, на выступ артыстаў грошы знайшлі, а для работнікаў - не. Калегі былі незадаволеныя, казалі, навошта гэтая паказуха, лепш бы прэмію далі.
Мужчына кажа, што людзі хоць і наракаюць, але большасць за свае працоўныя месцы трымаюцца - заробкі на НПЗ для рэгіёна нядрэнныя. Калі хтосьці і звальняецца, то з ліку працоўнага персаналу. На заводзе ёсць і некалькі вакансій, але ўладкавацца на іх «чалавек з вуліцы» не можа - усё толькі праз знаёмых.
Адзначым, што 25 кастрычніка на сайце дзяржаўнай службы занятасці ад Мазырскага НПЗ былі размешчаныя аб'явы пра пошук супрацоўнікаў на 118 працоўных месцаў. У асноўным на прадпрыемства патрабуюцца рабочыя-слесары, машыністы, аператары і іншыя. Мінімальны заробак - крыху больш за 480 рублёў, такі заплацяць грузчыку, манцёру шляхоў, пробаадборшчыку. Максімальная зарплата рабочых не перавышае 1000 рублёў. Таксама шукаюць больш за дзесяць супрацоўнікаў з вышэйшай адукацыяй - інжынераў рознай спецыялізацыі, а таксама эканаміста, майстра, начальніка аддзела. Максімум па заробку - 1847 рублёў, але ў некаторых аб'явах адзначаецца, што яшчэ будзе прэмія.
Людзі працуюць, але памятаюць падзеі 2020 года
Яшчэ адзін супрацоўнік Мазырскага НПЗ, Аляксей, расказаў, што з пачаткам вайны ва Украіне на прадпрыемстве пачаліся сур'ёзныя праблемы з адгрузкай прадукцыі, таму што значная яе частка ішла ва Украіну ці транзітам праз яе. Прыкладна з красавіка-траўня і да ліпеня-жніўня вытворчасць прадукцыі знізілася, а з восені прадпрыемства працуе прыблізна ў такіх жа аб'ёмах, як і летась, але «ёсць пэўныя перакосы па прадукцыі» - некаторыя з іх «падзець няма куды». У цэлым збыт прадукцыі ёсць, паводле чутак, якія ходзяць у калектыве, «нешта ідзе ў Расію».
- Ведаю, што ёсць складанасці з пастаўкамі імпартных складнікаў для нашай вытворчасці. Праз санкцыі не хапае каталізатараў для адной з установак, - расказаў Аляксей.
Па словах Аляксея, Мазырскі НПЗ - адно з нямногіх прадпрыемстваў з добрай зарплатай і ўмовамі для работнікаў. Але некаторыя супрацоўнікі, хоць і працягваюць працаваць на вытворчасці, усё яшчэ памятаюць падзеі 2020 года, а таму раззлаваныя.
- Адток кадраў не сказаць каб велізарны, але, на вялікі жаль кіраўніцтва, вельмі ўстойлівы. Вельмі часта сыходзяць найбольш кваліфікаваныя кадры. Увесну, калі спынілася адгрузка прадукцыі, хацелі пазбавіць нас прэміі, але потым перадумалі. Напэўна, пабаяліся яшчэ вялікіх звальненняў.
Мужчына кажа, што ў мінулым жніўні на НПЗ «знішчылі» незалежны прафсаюз, а цяпер усіх спрабуюць загнаць у прафсаюз «Белнафтахіма». Работнікам паставілі ўмову: калі да лістапада не ўступаеш у прафсаюз - страчваеш многія прэміі і выплаты, таму што на іх не будзе распаўсюджвацца калектыўная дамова. Яшчэ ходзяць чуткі, што калі чалавек не ў прафсаюзе, то вялікая імавернасць, што з ім не падоўжаць працоўны кантракт.
Адгрузка ёсць, але не як у мінулым годзе
Андрэй працуе на вытворчасці бензіну на Мазырскім НПЗ, паводле яго дадзеных, гэты від паліва вырабляецца ў аб'ёме 60% ад леташніх паказчыкаў.
- Нашы заробкі стаяць на месцы ўжо чатыры гады - гэта вельмі дрэнна, цэны ўсюды выраслі. Дадатковыя выплаты (на гародніну, да Дня нафтавіка, на аздараўленне дзяцей і іншыя) пачалі затрымліваць. Ходзяць чуткі, што іх могуць наогул перастаць выдаваць, - гэтак жа, як і папярэднія апавядальнікі, незадаволены заробкам Андрэй.
Работнік кажа, што пра перспектывы па занятасці і развіцці вытворчасці кіраўніцтва калектыў не апавяшчае, таму для людзей «усё туманна».
Дзмітрый, аператар устаноўкі Мазырскага НПЗ, кажа, што цяпер у іх на заводзе «атмасфера як у турме», таму людзі не вытрымліваюць і звальняюцца. Але з кімсьці развітваюцца па артыкуле, напрыклад, за прагулы, пакуль людзі адбываюць адміністрацыйны арышт «за лайкі 2020 года або падпіску на няправільны тэлеграм-канал».
- Многія калегі ўжо адседзелі, але і цяпер міліцыя кагосьці знаходзіць і перыядычна даюць па 5−10 сутак. З няўгоднымі людзьмі завод можа проста не працягнуць працоўны кантракт, - расказаў мужчына.
Паводле інфармацыі Дзмітрыя, прадукцыя НПЗ паступае не толькі ў Беларусь, але і ў Расію, Афганістан, Таджыкістан, Манголію і іншыя краіны. У асноўным гэта дызельнае паліва, бензін, бітум, звадкаваныя газы, мазут.
- Калі пачалася вайна, то адгрузкі ўпалі прыкладна да 16 000 тон. У мінулым годзе яны былі каля 35 000 тон. Але ў нас ёсць і праблемы. Напрыклад, цяпер немагчыма купіць запчасткі, інструменты і розныя прыстасаванні.
У пазітыўныя прагнозы «адэкватныя людзі прадпрыемства» мала вераць
Маргарыта працуе ў офісе ААТ «Нафтан». Дзяўчына - офісны работнік, яна «не набліжаная да кіраўніцтва» і не ведае ўсіх падрабязнасцяў і сакрэтаў што да працы прадпрыемства.
- У пачатку года мы працавалі ў страту. Але да пачатку трэцяга квартала выйшлі на бясстратную працу. Са словаў генеральнага дырэктара, цяпер з загрузкай у нас усё добра, - расказала дзяўчына.
У верасні вытворчасць «Нафтана» перапрацавала 380 тысяч тон нафты, у кастрычніку перапрацоўку плануюць павялічыць і выйсці на аб'ём каля 570 тысяч тон, пра гэта нядаўна расказаў генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Сойка. Але ў якія краіны пастаўляюць прадукцыю, Маргарыта не ведае, пра гэта кіраўніцтва не паведамляе.
Дзяўчына кажа, што шмат людзей звальняецца з завода па ўласным жаданні, асабліва моладзь і тыя, хто не мае сям'і. Кагосьці звальняюць пасля адсідкі адміністрацыйнага арышту - па артыкуле за прагулы. Дагэтуль у дачыненні да некаторых работнікаў «Нафтана» міліцыя праводзіць праверку і выклікае іх на «размовы па душах», людзей «адлоўліваюць па лайках і каментах», якія яны пакідалі ў інтэрнэце яшчэ ў 2020 годзе.
Паводле дадзеных Дзяржаўнай службы занятасці, ААТ «Нафтан» шукае больш за 100 супрацоўнікаў, большасць - рабочых прафесій. Самую маленькую зарплату - 1100 рублёў, прапануюць кантралёрам КПП, іх патрабуецца 10 чалавек. Слесарам абяцаюць заробак ад 1112 да 1489 рублёў, апаратчыкам - ад 1259 да 1633 рублёў, электрамеханіку - 1675 рублёў. Ёсць адна вакансія для інжынера-праграміста, заробак яму прапануюць 1874 рублі.
- Заробак выплачваюць своечасова. Асабіста ў мяне ён не знізіўся - атрымліваю каля 1800 рублёў, але ў сувязі з інфляцыяй адчуванне, што заробак істотна меншы. З сакавіка па жнівень нам не выплачвалі матэрыяльную дапамогу да адпачынку, але нядаўна, зусім нечакана, я атрымала гэтыя грошы, хоць адпачывала летам. Прэмію да Дня нафтавіка таксама далі, я мяркую, што яна ва ўсіх розная, напрыклад, я атрымала каля 200 рублёў.
Дзяўчына кажа, што кіраўніцтва «Нафтана» дае спрыяльныя прагнозы на будучыню і настройвае работнікаў на пазітыў, але «адэкватныя людзі прадпрыемстве» мала ў гэта вераць. Але супрацоўнікі, з якімі камунікуе Маргарыта, вельмі баяцца выказваць сваё меркаванне адкрыта - трымаюцца за месца і заробак. Дзяўчына бачыць, што ў калектыве адбыўся раскол, які стаў яшчэ больш відавочным пасля 24 лютага, калі пачалася вайна ва Украіне.
На прадпрыемстве перастаў існаваць незалежны прафсаюз. Маргарыта кажа, што многіх змушалі выйсці з яго нават пад пагрозай звальнення, папярэджвалі, што работнікам не павысяць катэгорыю, пазбавяць прэміі.
- Нядаўна ў нас быў сход - па зацвярджэнні новай калектыўнай дамовы і ўступленні ў прафсаюз канцэрна «Белнафтахім», там згадалі пра 500 чалавек, якія могуць пазбавіцца ўсіх выгод, калі не ўступяць у новы прафсаюз. У калектыўнай дамове на найбліжэйшыя гады будзе ўказана, што ўсе заахвочванні (выплаты да святаў, да адпачынку) будуць выплачвацца толькі тым, хто ў прафсаюзе канцэрна.
«Кіраўніцтва ніякіх прагнозаў на будучыню не дае»
Работнік ААТ «Нафтан» Ігар кажа, што сёння іх прадпрыемства ў параўнанні з першым паўгоддзем 2022 года загружанае больш. Але ўдакладняе, што канкрэтных лічбаў па вытворчасці і адгрузцы прадукцыі ён не ведае.
- Кіраўніцтва ніякіх прагнозаў на будучыню не дае. У нас калі справы ідуць добра - адразу запускаюць якую-небудзь устаноўку, якая даўно прастойвае. А калі справы горшыя - вырашаюць, як бы што-небудзь закансерваваць або аб'яднаць падраздзяленні, вядома, са скарачэннем персаналу.
Мужчына кажа, што летась з іх заробкамі праводзілі пэўныя маніпуляцыі: спачатку паменшылі прэміі, а аклады павялічылі. У снежні-студзені зноў былі змены, але тады павялічылі тарыфную стаўку. У выніку заробак некаторых работнікаў выйшаў на ранейшы ўзровень, але ў кагосьці ён зменшыўся.
- У першым паўгоддзі гэтага года нам зніжалі месячную прэмію, квартальную прэмію і матэрыяльную дапамогу да адпачынку не выплачвалі, прыпынялі розныя льготы. Але як толькі ў пачатку - сярэдзіне лета пачаліся адгрузкі, усе гэтыя грошы нам залічылі. Цяпер толькі трохі парэзалі памер прэміі. А вось выплата 13-га заробку за гэты год пакуль пад пытаннем.
Ігар кажа, што цяпер людзей звальняецца больш, чым раней, таксама ёсць скарачэнні.
- Але мы ўсе чакаем аптымізацыі вытворчасці. Думаю, вольныя месцы зоймуць тыя, каго скарацілі. Ды і большасць працоўных месцаў - на ўстаноўках у прастоі, дзе працуюць за голы аклад.
Яшчэ адзін работнік «Нафтана», Сцяпан, лічыць, што кадраў на вытворчасці стала не хапаць. Прычым некаторых супрацоўнікаў на ўстаноўках скарацілі пасля атэстацыі, нібыта гэта былі «лішнія» пазіцыі.
- Наогул працэнтаў 80% калектыву незадаволеныя і пастаянна абураюцца, таму што заробкі ў параўнанні з мінулым летам зусім не памяняліся. Тым больш што такая інфляцыя, цэны на ўсё падняліся! Але рабочыя спадзяюцца на тое, што захаваюць свае працоўныя месцы і, прынамсі, цяперашнія заробкі, - выказаўся хлопец. - Працаваць складаней становіцца - скарацілася вялікая частка імпартных расходнікаў для абсталявання. Праз гэта рамонты адбываюцца часцей, мяняюць элементы абсталявання на менш прадуктыўныя.
«Незадаволеных каля 60% ад усяго персаналу»
Супрацоўнік «Нафтана» Міхаіл, гэтак жа як і яго калегі, кажа, што ў параўнанні з мінулымі вясной і летам загрузка цяпер прыкметна вышэйшая.
- Дакладных лічбаў сказаць не магу, але ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі загружаныя прыкладна на 65−75% ад сваіх максімальных магутнасцяў. Калі летам з максімальнымі стратамі прадукцыю спрабавалі адгружаць у Саудаўскую Аравію, то цяпер у асноўным адгружаецца на Расію, - расказаў мужчына. - Пра нейкія інвестыцыйныя праекты кіраўніцтва не заікаецца. Мабыць, пакуль Расія бярэ нафтапрадукты - працуем, перастане - вернемся да таго, што было летам, калі палова завода стаяла.
Суразмоўца таксама згадаў аптымізацыю кадраў. Паводле яго дадзеных, з пачатку года з завода звольнілася каля 600 чалавек, пры гэтым адток людзей працягваецца. Таксама скарацілі працоўныя брыгады на 5−10 чалавек, у залежнасці ад колькасці чалавек у штаце ўстаноўкі. Заробкі супрацоўнікаў трымаюцца на ўзроўні 2020−2021 гадоў, на вытворчасці яны ў залежнасці ад разраду, стажу і іншых нюансаў вар'іруюцца ад 1600 да 2500 рублёў і вышэй.
- Некаторых калег усё задавальняе, яны хочуць проста працаваць і каб іх не чапалі. Але ёсць людзі, якія актыўна каментуюць у курылках умовы працы і тое, што адбываецца вакол. Думаю, такіх незадаволеных каля 60% ад усяго персаналу. Але актыўна яны не выказваюцца. Нават калі абмяркоўвалі новую калектыўную дамову і дзяржаўны прафсаюз і былі спрэчныя моманты, бурных абурэнняў або прадметных абмеркаванняў гэта не выклікала. Людзі разумеюць, што, акрамя звальнення або непрацягвання кантракту, яны нічога не даб'юцца.