Беларус, якога затрымалі ў Варшаве са зброяй, — вядомы гродзенскі музыка
17 лiпеня 2024 у 1721203620
MOST
Беларус, якога 16 ліпеня затрымалі ў Варшаве са зброяй, - вядомы гродзенскі музыка. Пра гэта MOST расказалі яго сябры. Яны спрабуюць высветліць лёс мужчыны і шукаюць адваката.
44-гадовага затрыманага завуць Ігар. Ягонага прозвішча выданне не паведамляе, спасылаючыся на польскае заканадаўства. Тэлефон беларуса недаступны, апошняя яго актыўнасць у сацсетках была суткі таму.
Цяпер мужчына знаходзіцца ў паліцыі. Прэс-сакратар варшаўскага аддзялення паліцыі KRP-I Якуб Пацыняк паведаміў MOST, што 17 ліпеня матэрыялы справы будуць перададзеныя ў пракуратуру. Ён устрымаўся ад публікацыі імені затрыманага.
Нагадаем, 16 ліпеня з будынка Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве эвакуявалі 150 чалавек, прылеглую вуліцу ачапіла паліцыя. Прычынай стаў беларус, у торбе якога знайшлі небяспечныя прадметы - газ, нож, тэлескапічную дубінку і, імаверна, шумавую зброю.
Мужчына паводзіўся спакойна і нікому не пагражаў. Аднак, агледзеўшы сумку, ахова будынка вырашыла выклікаць паліцыю. Таксама на месца інцыдэнту прыбыла пажарная служба. Мужчыну вывелі афіцэры, у будынку Міністэрства працавалі спецыяльныя службы.
Імаверна, гаворка ідзе пра Ігара Б. - экс-палітвязня і музыку. У верасні 2020 года ён станцаваў без штаноў перад міліцэйскай машынай у Гродне. За гэта яго асудзілі на 1,5 года «хіміі». 17 снежня 2021 года выйшаў на волю. У жніўні 2022-га адседзеў 45 сутак па адміністрацыйным артыкуле, пасля чаго з'ехаў з Беларусі.