Суд у расійскім Санкт-Пецярбургу адправіў у СІЗА 43-гадовага беларуса, якога падазраюць у катаванні 12-гадовай дачкі. Пра гэта паведамілі ТАСС у аб’яднанай прэс-службе судоў горада.
Паводле версіі следства, мужчына сістэматычна збіваў дзяўчынку, утрымліваў яе на ланцугу і пазбаўляў ежы.
Як піша ТАСС, абвінавачаны — ураджэнец Віцебскай вобласці. Раней расійскі тэлеканал «РенТВ» паведамляў, што яго завуць Мікалай Цімафееў. Ён пераехаў у Расію, бо хацеў выратаваць дачку ад пітушчай маці, прышпільваў дзяўчынку на ланцуг, каб тая не хадзіла гуляць, часта не даваў ёй паесці.
Як піша канал, пасля чарговай сваркі дзяўчынка стукнулася аб сценку рукой і трапіла ў бальніцу. Там яна расказала, як жыве, пасля чаго яе змясцілі ў сацыяльны прытулак.
Па артыкуле пра катаванне заведама малалетняй мужчыну пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.